Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многажонства ў Чачні. Добраахвотна-прымусовы саюз


Хэда Гайлабіева і Нажуд Гучыгаў
Хэда Гайлабіева і Нажуд Гучыгаў

Вясельле 17-гадовай школьніцы з Чачні з начальнікам мясцовага РАУС адбудзецца ў чэрвені.

Гісторыя заручын 17-гадовай жыхаркі Чачні Хэды Гайлабіевай, якая нібыта павінна, нягледзячы на забарону многажонства, стаць другой жонкай 57-гадовага (па іншых дадзеных, 46-гадовага) начальніка Нажай-Юртаўскага РАУС Нажуда Гучыгава, выклікала наймацнейшы грамадзкі рэзананс.

У расейскай «Новай газэце» зьявілася публікацыя пра тое, што Хэду вымушаюць выйсьці замуж безь яе згоды і згоды яе сваякоў, а на ўездах у сяло Байтаркі, дзе яны жывуць, былі выстаўленыя паліцэйскія пасты, каб бацькі ня вывезьлі дачку. На працягу двух тыдняў нікому з журналістаў не ўдавалася зьвязацца з гэтай сям’ёй, аднак 12 траўня інтэрнэт-выданьне Lifenews апублікавала відэа, у якім дзяўчына абвяргае паведамленьні пра тое, што яе спрабавалі выдаць замуж сілком. Паводле яе, вясельле адбудзецца на працягу месяца.

30 красавіка журналістка «Новай газэты» Алена Мілашына паведаміла, што да яе зьвярнуліся па дапамогу аднавяскоўцы 17-гадовай Хэды Гайлабіевай. Яны распавялі, што Нажуд Гучыгаў выставіў пасты па ўсім сялу і высунуў сваякам дзяўчыны ультыматум: выдаць дачку добраахвотна 2 траўня. У адваротным выпадку ён забярэ дзяўчыну сілай, а сям’ю не пашкадуе. Сяброўкі Хэды пісалі ў Instagram Рамзана Кадырава, але іх просьбы былі выдаленыя мадэратарамі.

«Новай газэце» удалося датэлефанавацца да Нажуда Гучыгава. Паводле паведамленьня выданьня, ён катэгарычна адмаўляў той факт, што плянуе 2 траўня ўзяць непаўналетнюю Хэду другой жонкай, падкрэсьліўшы, што ён зь ёй нават не знаёмы і шчасьліва жанаты першым шлюбам. Аднак 5 траўня ў сытуацыю ўмяшаўся сам кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў — на пасяджэньні ўраду Чачні ён заявіў, што вясельле павінна адбыцца 10 траўня, і згода сям’і атрыманая.

Гісторыя выклікала шырокі грамадзкі рэзананс. Упаўнаважаная па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Эла Панфілава выступіла са зваротам да кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава з патрабаваньнем забараніць Гучыгаву жаніцца з Гайлабіевай. Упаўнаважаны па правах дзіцяці Павел Астахаў заявіў, што «бліжэйшым часам» зьбіраецца з візытам у Чачню «ўзьняць пытаньне з правамі чачэнскіх нявестаў». І нават вядомы дэпутат Заканадаўчага сходу Пецярбургу Віталь Мілонаў заклікаў кіраўніка МУС Расеі Ўладзімера Калакольцава «разабрацца з маральным абліччам начальніка РАУС Нажай-Юртаўскага раёна Чачні». Зрэшты, пазьней дэпутат зьмяніў сваё меркаваньне і назваў гэтую гісторыю ўкідам і правакацыяй. З Віталём Мілонавым пагутарыла карэспандэнт РС у Пецярбургу Тацяна Вольцкая.

Мілонаў: Па-першае, для мяне гэтая гісторыя кажа, што ў нас не абароненае асабістае жыцьцё людзей. Гэта амаральна — абсмоктваць дэталі асабістых адносінаў. І відаць, што гісторыя, якую можна назваць для некага нармальнай, для некага ненармальнай, але жыцьцёвая гісторыя складаных адносінаў мужчыны і дзьвюх жанчынаў... У яго жонка, кінуў ён яе, ня кінуў, ці мае ён адносіны з другой, больш маладой дзяўчыны ці не — давайце ня будзем граху таіць, гэта гісторыя вельмі многіх людзей. Гэта гісторыя складаных чалавечых, дарослых адносінаў. Залазіць у яе і надаваць гэтай гісторыі нацыяналістычны кантэкст — гэта брыдка. Мне, як палітыку, задума гэтай гісторыі зусім зразумелая. Яе трэба было дастаць для таго, каб зноў палегчыць антыкаўкаскую рыторыку ў расейскім пратэстным руху. Гэта такая дапамога Навальнаму. Хопіць карміць Каўказ — такая вэрсія.

Радыё Свабода: Асабістыя адносіны асабістымі адносінамі, але ёсьць жа яшчэ ўсё ж закон. Зараз вельмі шмат публікацый пра тое, што вясельле ніхто не адмяняў, а слова «развод» наагул не гучыць. Атрымліваецца, што ў асобна ўзятай рэспубліцы ўзаконена многажонства.

Мілонаў: Ні ў якім разе... Я магу сказаць адно: шлюб можа быць заключаны толькі паміж нежанатымі людзьмі. Рэгістраваць шлюб пры наяўнасьці ня спыненага іншага шлюбу немагчыма ў Расейскай Фэдэрацыі... Па тэхналёгіі распаўсюджваньня гэтай інфармацыі я зараз магу быць на сто адсоткаў упэўнены, што гэта інфармацыйны ўкід. У выхадны дзень, калі афіцыйныя асобы не камэнтуюць, калі афіцыйныя асобы занятыя тэматыкай 70-годзьдзя Перамогі, праз апазыцыю ўкідваецца ў сацыяльныя сеткі такая вось жорсткая падача са спасылкай на паўфэйк «Эха Москвы». Там нават імя пераблыталі дзяўчынкі, узрост мужчыны пераблыталі. Ёсьць афіцыйны камэнтар дэпутата Дзяржаўнай Думы, які абраны ў Чачэнскай рэспубліцы, які сказаў, што ўзрост іншы, імя іншае, і сям’я там іншая... Нельга абмяркоўваць асабістае жыцьцё грамадзяніна, які не дасягнуў 18-годзьдзя, гэта забаронена законам. Так, магчыма, магло б быць парушэньне, Астахаў разабраўся — не, парушэньня няма.

Радыё Свабода: Не, парушэньне, можа быць, вось-вось адбудзецца!

Мілонаў: Было выразна заяўлена, што шлюб ня можа быць заключаны паміж грамадзянінам, які знаходзіцца ў іншым шлюбе, гэта ня можа быць па азначэньні.

12 траўня на сайце LifeNews зьявілася відэа, на якім дзяўчына, якую, па дадзеных выданьня, на самай справе, завуць Люіза, а не Хэда, распавяла, што згодная стаць жонкай кіраўніка РАУС, якому насамрэч 46, а не 57 гадоў. На відэа дзяўчына сядзіць побач са сваёй цёткай, і, панурыўшыся, часам па падказцы сваячкі, адназначна адказвае на пытаньні карэспандэнтаў. Паводле яе, з Нажудам Гучыгавым яна знаёмая ўжо год, яе не бянтэжыць розьніца ва ўзросьце і тое, што ён быў жанаты і ў яго ёсьць дзеці ад першага шлюбу.

Выданьне «Каўкаскі вузел» апублікавала артыкул, у якім жыхары Чачні пацьвярджаюць, што няроўныя шлюбы ў рэспубліцы ня рэдкасьць, аднак «у апошнія гады ў рэспубліцы сыстэматычна адбываюцца выпадкі, калі чыноўнікі або высокапастаўленыя сілавікі выкарыстоўваюць розныя рычагі ціску на сем’і маладых дзяўчат». У прыватнасьці адна зь мясцовых жыхарак заявіла, што «дзяўчат ўсё яшчэ часта гвалтоўна аддаюць замуж, а калі яны абрыдаюць мужам, вяртаюць дадому». Галоўны рэдактар «Каўкаскага вузла» Рыгор Швэдаў упэўнены, што заручыны Гучыгава і Гайлабіевай носяць добраахвотна-прымусовы характар:

Швэдаў: Я не давяраю інфармацыі, якая прадстаўлена Lifenews. Лічу, што, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра добраахвотна-прымусовае прызнаньне як у выпадку са згодай на шлюб, так і з аспрэчваньнем прымусу да яго.

Радыё Свабода: Вы мяркуеце, што на гэтую сям’ю аказалі ціск ці зь імі неяк мякка дамовіліся?

Швэдаў: Я думаю, што мова ідзе пра ціск. Гэта маё суб’ектыўнае меркаваньне, зьвестак у «Каўкаскага вузла» пра гэта пакуль няма, лічу, што маглі абмежавацца псыхалягічным прэсінгам.

Радыё Свабода: Вашым журналістам удалося пагутарыць зь кім-небудзь з жыхароў рэспублікі? Ці яны пацьвярджаюць, што падобныя шлюбы не рэдкасьць?

Швэдаў: Так, сапраўды мы публікавалі такія зьвесткі, але ў першую чаргу гэта характэрна для сельскай мясцовасьці. Не выключэньнем зьяўляюцца і гарады, але ў сельскай мясцовасьці такія добраахвотна-прымусовыя шлюбы часьцей заключаюцца.

Радыё Свабода: Але ці азначае гэта, што дзяўчыны сапраўды супраць такіх саюзаў, ці гэта настолькі моцная традыцыя, што ні ў каго гэта не выклікае абурэньня?

Швэдаў: Мы сапраўды ня часта чуем пра якое-небудзь абурэньне, але гэта тлумачыцца ня тым, што моцныя традыцыі. Гэта тлумачыцца кругавой парукай, калі маладая жанчына знаходзіцца ў сытуацыі, калі ёй ужо няма куды падзецца, і яна згаджаецца на тое, што ёй ня цалкам прыемна. Вельмі часта пад асабліва псыхалягічным ціскам сваіх сваякоў або іншых людзей са свайго атачэньня. Калі казаць пра шлюбы, то яны нярэдка ніяк нашым расейскім заканадаўствам не рэгулююцца і ніякімі расейскімі структурамі не фіксуюцца. Таму ці можна назваць шлюбам сытуацыю, калі дзяўчаты зьяўляюцца другімі і трэцімі жонкамі? Бо фактычна яны не зарэгістраваныя ў якасьці другой і трэцяй жонкі. У гарадах, асабліва буйных, гэтая форма сужыцьця далёка пайшла ад мясцовых традыцый і ісламу. Прыкрываючыся прыгожымі словамі пра традыцыі, разьвіваецца зусім іншы інстытут адносін жанатых мужчын з маладымі дзяўчатамі на ўтрыманьні. Дзяўчыны часам згаджаюцца без прымусу на такія адносіны і жывуць у асобных кватэрах.

Карэспандэнт Радыё Свабода Анастасія Кірыленка, неаднаразова рабіла рэпартажы з Чачні, пацьвердзіла, што неафіцыйнае многажонства распаўсюджана ў рэспубліцы, асабліва сярод людзей высокапастаўленых і забясьпечаных:

Кірыленка: Я думаю, што відэа Lifenews давяраць нельга. Таму што, як мне распавядалі чачэнцы, а трэба разумець, што ў іх ва ўсіх ёсьць сваякі, і нават ва ўмовах цэнзуры працуе «сарафаннае радыё», знаёмства гэта адбылося па фатаграфіі. Гэта значыць, гэты сілавік ўбачыў фатаграфію сымпатычнай дзяўчыны і захацеў жаніцца. Трэба сказаць, што многажонства, на самай справе, у Чачні ёсьць. Напрыклад, мне расказваў адзін чачэнскі міністар, што ў яго адна жонка ў Грозным, а другая ў Гудэрмэсе, маюцца на ўвазе рэлігійныя шлюбы. На загсы і нейкія фармальнасьці вялікай увагі не зьвяртаюць. Ну і, паколькі мне распавядаў гэта чалавек у рангу міністра, я зрабіла выснову, што сабе гэта дазваляюць у асноўным людзі ва ўладзе. У простых чачэнцаў, напэўна, і сродкаў няма на двух жонак. Таму ўся гісторыя выглядала для мяне з самага пачатку так, што проста чалавек ва ўладзе, ужо ня ведаючы, як пацешыцца, захацеў маладзенькую школьніцу. Ну, і практыка ў рэспубліцы такая, што сапраўды могуць дасылаць сватоў, калі дзяўчына толкам і не знаёмая з жаніхом, і гэта ня толькі міністраў тычыцца. І гэтую Люізу маглі проста запалохаць, што можа быць нейкі адплата, калі яна не паслухаецца.

Як сьведчаць мясцовыя жыхары, многажонства ў рэспубліцы распаўсюджана ня толькі сярод чыноўнікаў. Вось што распавяла чачэнка Мадзіна З., якая жыве ў Францыі.

«Наконт простых людзей — дабро на многажонства далі даўно, і мужчыны, больш-менш заможныя, заводзяць сабе другую жонку, для гэтага не абавязкова быць чыноўнікам. Звычайна другая жонка сьвядома ідзе на гэта, пакутуе толькі першая. У мяне муж стрыечнай сястры, калі ажаніўся на ёй, ня меў ні шэляга, гэта было ў ваенны час... Пасьля вайны ён разбагацеў і ажаніўся на другой жонцы. Маю сястру ў новы трохпавярховы дом ніхто не пусьціў, яна дзесьці тулілася са сваёй сьвякрухай і трыма дзецьмі. У выніку яна разьвялася, і ў яе адабралі дзяцей. Увогуле, я гэта да таго, што з многажонствам ў нас усе на «ты»...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG