Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква: Сьведчаньняў пра сьвятасьць Скарыны няма


«На нашай зямлі шмат вялікіх людзей: сьвятары, дзеячы культуры, навукоўцы, касманаўты, героі вайны і працы, а зьяўленьне новага сьвятога — гэта заўсёды радасьць... Але ня варта перабіраць меру», — так старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін камэнтуе ініцыятыву беларусістаў на чале з прафэсарам Адамам Мальдзісам — кананізаваць першадрукара Францішка Скарыну.

Спадар Мальдзіс зьбірае круглы стол, прысьвечаны ініцыятыве кананізацыі беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Першае паседжаньне адбудзецца 29–30 траўня ў рамках Кангрэсу беларусістаў сьвету, які пройдзе ў Менску. Ініцыятыўная група ўжо правяла пасьпяховыя перамовы з айцом Уладзіславам Завальнюком і атрымала згоду ад беларускага каталіцкага касьцёлу на працу, вынікам якой павінна стаць кананізацыя беларускага першадрукара.

«Я ня ўпэўнены, што сьвецкая навуковая супольнасьць „у вакуўме“, гэта значыць, узятая па-за прыналежнасьцю да Царквы, можа кампэтэнтна меркаваць наконт сьвятасьці таго ці іншага чалавека і настойваць на яго кананізацыі. Гэта ўсё роўна як бы Царква патрабавала прысуджэньня доктарскай ступені па філялёгіі таму, каго яна лічыць пісьменным і красамоўным», — кажа афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін.

Айцец Сяргей лічыць, што прафэсар Мальдзіс свае доказы грунтуе ў тым ліку на памылках у разуменьні прынцыповых для дадзенай праблемы кананічных пытаньняў:

«Па-першае, калі дапусьціць, што Скарына быў папраўдзе перахрышчаны, то адсюль вынікаюць дзьве рэчы: што яго папярэдні хрост быў прызнаны несапраўдным і што ён адрокся ад праваслаўя (калі быў да гэтага праваслаўным). Ні каталіцтва, ні праваслаўе не дапускаюць „двайнога грамадзянства“. Ёсьць сьвятыя, якія ўшаноўваюцца праваслаўнымі і каталікамі, але такое магчыма не таму, што нам усё роўна, каго і дзе хрысьцілі, а таму, што яны былі прылічаныя да сонму сьвятых да таго, як Рымская царква аддзялілася ад іншых цэркваў (Канстанцінопальскай, Антыяхійскай, Ерусалімскай і г. д.), — тады, калі падзел на каталікоў і праваслаўных ня быў актуальны».

Адам Мальдзіс распавёў Свабодзе, што знайшоў нядаўна дакумэнт аб прыняцьці Францішкам Скарынам і ўсёй ягонай сям’ёю каталіцкага хросту ў 1499 годзе ў тагачасным полацкім касьцёле Сьвятога Францішка.

«Пры гэтым, паводле правілаў тых часоў, каталіцкі хрост не скасоўваў папярэдні праваслаўны, — перакананы Адам Мальдзіс. — І кнігі свае Францішак Скарына пісаў для ўсяго паспалітага люду, для праваслаўных і католікаў. Таму мая задума ў тым, каб да справы кананізацыі Скарыны далучыліся ўсе хрысьціянскія канфэсіі».

Сяргей Лепін таксама падкрэсьліў, што на сёньня дастатковых падстаў для кананізацыі Францішка Скарыны няма, але ня выключыў, што ў выніку грунтоўнага дасьледаваньня такія могуць зьявіцца:

«Насамрэч мы сёньня ня маем дастатковых сьведчаньняў пра веру і сьвятасьць жыцьця Скарыны. Канечне, я буду вельмі рады, калі дзякуючы працы беларусістаў высьветліцца, што на працягу ўсяго свайго жыцьця Скарына захоўваў праваслаўную веру, даў нам прыклад выкананьня запаведзяў, шчыра паслужыў справе распаўсюджваньня праваслаўя, тварыў цуды... Тады мы зможам ужо асэнсавана вярнуцца да пытаньня пра яго кананізацыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG