Падчас пракладкі газаправоду ў Юбілейным завулку адмысловая тэхніка капала траншэю, руйнуючы рэшткі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра.
Земляныя працы УП «Полацакгазбуд» «праводзіла зь ведама мясцовага выканкаму.
Улады санкцыянавалі газыфікацыю раёну без уліку таго, што гэта — ахоўная тэрыторыя, уключаная ў склад полацкага гісторыка-археалягічнага запаведніка, і ўнесеная ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы, пад нумарам 213Г000639.
Па тэрыторыі былога Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, збудаванага ў ХІІ стагодзьдзі, была пракапана траншэя шырынёй 40 см і глыбінёй каля 2-х мэтраў. І працы не спынілі нават тады, як заўважылі, што трушчаць не звычайную цэглу, а плінфу — усе дазвольныя дакумэнты на пракладку газаправоду былі ў поўным парадку.
Нідзе не было пазначана, што тут — ахоўная тэрыторыя, і што любыя працы яшчэ на этапе праектаваньня трэба ўзгадняць з навукоўцамі. Трывогу ўзьнялі полацкія карыстальнікі сацыяльных сетак і краязнаўцы-аматары.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музэй-запаведнік мусіць сачыць, каб праектаваньне ўлічвала асаблівасьці дадзенай гістарычнай тэрыторыі. Але ў выпадку з газыфікацыяй Юбілейнага завулку да навукоўцаў ніхто не зьвяртаўся, і ў запаведніку нават ня ведалі пра пракладку траншэі.
Толькі пасьля таго, як пра руйнаваньне гістарычных парэшткаў стала вядома шырокай грамадзкасьці, на месца даслалі старэйшага супрацоўніка музэя-запаведніка Аляксандра Салаўёва — зьбіраць кавалкі старажытнай плінфы каля траншэі...
Аскалёпкі плінфы і дагэтуль можна снайсьці сярод друзу і ўзламанага асфальтавага пакрыцьця. Участак выкапанай траншэі абгарадзілі і зьлёгку прысыпалі. Што будзе далей з працамі па газыфікацыі, мясцовыя жыхары ня ведаюць.
Завулак Юбілейны — гэта некалькі шматкватэрных дамоў, але пераважна прыватная забудова. Менавіта для жыхароў прыватнага сэктару прызначалася газыфікацыя, якую мусілі спыніць. Дарэчы, людзі тут пазбаўленыя гарадзкіх зручнасьцяў: асфальт у завулку паклалі толькі ўвесну 2013-га году, хаця менавіта тут месьціцца такі важны аб’ект гарадзкога жыцьця, як станцыя хуткай мэдычнай дапамогі...
Пакуль пракладалі траншэю пад газ, новы асфальт істотна пацярпеў. Гэта стала прычынай яшчэ адной хвалі абурэньня: тутэйшыя жыхары не задаволеныя тым, што спачатку ў Юбілейным завулку паклалі асфальт, потым яго раструшчылі, зусім не клапоцячыся пра выдаткаваныя дзяржаўныя сродкі. Потым спынілі і працы па газыфікацыі, бо праект, на які «далі дабро» ў выканкаме, цяпер давядзецца пераробліваць.
Мясцовыя ўлады не маглі ня ведаць, што тут — ахоўная тэрыторыя. У пачатку Юбілейнага завулку стаіць адмысловы сымбалічны знак, усталяваны ў 1992 годзе да 1000-годзьдзя Беларускай праваслаўнай царквы — якраз непадалёк ад месца знаходжаньня былога Барысаглебскага манастыра і ў памяць пра яго.
Бельчыцкі мужчынскі манастыр быў заснаваны полацкім князем Барысам Усяславічам у першай чвэрці XII стагодзьдзя ў Бельчыцы (прадмесьце Полацка). Манастыр быў асьвечаны ў гонар сьвятых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба. Тут было ўзьведзена некалькі храмаў, дакладна вядома пра чатыры: Вялікі сабор, Пятніцкую і Барысаглебскую цэрквы, храм-трыконх. Манастыр меў багатую гісторыю, але паступова прыйшоў у заняпад. На працягу амаль чатырох дзесяцігодзьдзяў (з 80-х гг. ХІХ да пачатку ХХ стагодзьдзя) Барысаглебскі манастыр знаходзіўся ў стане поўнага разбурэньня. Да 1910 года на тэрыторыі манастыра захаваліся Барысаглебская і Пятніцкая цэрквы, значна перайначаныя пазьнейшымі перабудовамі. Да пачатку 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя ніякіх працаў па аднаўленьні культавых пабудоваў манастыра не праводзілася. У час савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў манастырскія храмы былі значна пашкоджаныя. У 1925 годзе ад царквы Параскевы Пятніцы засталіся дзьве сьцяны з асколкамі цэглы і іншым сьмецьцем. У сваю чаргу, Барысаглебская царква ўяўляла сабой чатыры моцна пашкоджаныя сьцяны. З канца 1920-х гадоў тэрыторыя Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра пачала забудоўвацца мясцовым насельніцтвам. У ХХ стагодзьдзі на тэрыторыі былога манастыра неаднаразова праводзіліся археалягічныя дасьледаваньні.