Тысячы гарадзенцаў сёньня накіраваліся на праспэкт Касманаўтаў, каб паглядзець вайсковы парад. Як паведамілі мясцовыя СМІ, у вайсковай калёне, у прыватнасьці, пройдзе ЗРК СС-300.
Як раней паведамлялася, Расея перадала Беларусі чатыры новыя дывізыёны СС-300, ракеты для якіх прыбылі яшчэ пры канцы мінулага году. Два зь іх будуць разьмешчаныя пад Горадняй, на баявое дзяжурства яны павінны заступіць да кастрычніка. Аднак першыя чатыры дывізыёны СС-300 былі ўзятыя на ўзбраеньне беларускай арміяй яшчэ раней, два зь іх таксама — у раёне Горадні.
У парадзе таксама ўдзельнічалі сыстэмы залпавага агню, іншая баявая тэхніка. Упершыню зьявіліся салдаты ў новых касках і палявой форме, якія добра вядомыя сёньня дзякуючы «зялёным чалавечкам» Пуціна ў Крыме. Паўдзельнічаць у парадзе гэтаксама прыбылі пажарныя машыны, былі байкеры на матацыклах і ўладальнікі рэтрааўтамабіляў. Можна было заўважыць былых «дэмбеляў» Савецкай арміі, якія вынялі з шафаў старую салдацкую ці матроскую форму.
Да сьвята ў горадзе падфарбавалі танк зь лічбай «200» на борце і нарэшце ўставілі даўно страчаныя мэталічныя літары ў надпісе на пастамэнце.