Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч спадзяецца, што кансэрватыўны ўрад Вялікабрытаніі будзе больш увагі аддаваць Беларусі і ўсходнеэўрапейскаму рэгіёну ў цэлым:
«Відавочна, што кансэрватары прадэманстравалі вельмі добры вынік, і Дэйвід Кэмэран, найбольш верагодна, застанецца прэм’ер-міністрам. Я лічу што для Беларусі гэта хутчэй станоўчы вынік, хоць нельга казаць пра нейкі вельмі значны пазытыў. Я думаю, што брытанскія кансэрватары будуць працягваць вельмі шчыльна каардынаваць сваю зьнешнюю палітыку з ЗША і, разьлічваючы на тое, што палітыка Амэрыкі ў дачыненьні да нашага рэгіёна мяняецца, яна мяняецца ў тым ліку і да Беларусі, я думаю, што і кансэрватары пачнуць аддаваць нашаму рэгіёну больш увагі», — кажа Янукевіч.
Партыя БНФ — партнэрская партыя брытанскіх кансэрватараў.
Яшчэ адзін партнэр брытанскіх кансэрватараў — Аб’яднаная грамадзянская партыя. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька браў удзел у двух апошніх кангрэсах Кансэрватыўнай партыі Вялікабрытаніі.
Як распавёў Радыё Свабода спадар Лябедзька, трое чальцоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі нават удзельнічалі ў цяперашняй брытанскай парлямэнцкай кампаніі: яны ня толькі назіралі за правядзеньнем выбараў, але і працавалі валянтэрамі ў камандзе кансэрватараў.
Паводле слоў Лябедзькі, вынікі выбараў у Вялікабрытаніі моцна ўплываюць на эўрапейскую палітыку.
«Брытанія — гэта адна з тых краін, якіх называюць цяжкавагавікамі і якія фармуюць палітычны настрой Эўропы і яе фінансавае самаадчуваньне. Разам з тым трэба адзначыць, што Кэмэран — гэта якраз той чалавек, які быў дастаткова актыўны ва ўсходняй палітыцы. Таму, калі кансэрватары здабываюць перамогу і фармуюць урад, для Беларусі гэта вялікі плюс. Таму што ў Кэмэрана ёсьць цікавасьць да „Ўсходняга партнэрства“, ён адзін з тых эўрапейскіх палітыкаў, якія ясна кажуць пра эўрапейскую пэрспэктыву сёньня для Ўкраіны, Малдовы і Грузіі, ну, і спадзяёмся, што заўтра пры пэўных умовах гэта будзе Беларусь», — заявіў Свабодзе лідэр АГП.