Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад з расейцамі на 9 траўня каштуе мільён даляраў


Вайсковы парад штогод каштуе каля 15,6 мільярда рублёў, або больш за мільён даляраў.

Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў.

Макараў адзначыў, што гаворка ідзе пра «ўмоўны кошт параду». Паводле прэс-сакратара, сума, якая выдзяляецца на выдаткі вайсковага ведамства, ня стане меншай ад таго, пройдзе парад або не, таму ён ня раіць ставіцца да гэтага перадузята, паведамляе tut.by.

«Калі б не было параду, вайскоўцы ўсё роўна б займаліся падрыхтоўкай. Тэхніка выкарыстоўвалася б для баявой дзейнасьці, харчаваньня, перавозак і гэтак далей. Таму, на жаль, напярэдадні ўсіх парадаў падымаецца пытаньне пра кошт параду як нібыта марнаваньня нейкіх звышвялізных грошай. Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці».

Паводле Макарава, кошт ваеннага параду палягае «ў найвышэйшым маральным духу, патрыятызьме і гонары за нашу вялікую гісторыю».

На парадзе 9 траўня ў Менску траціна войска будзе расейская. 19 красавіка ў Менск прыбыў парадны разьлік 606-га гвардзейскага зэнітнага ракетнага палку з гораду Электрасталь (Маскоўская вобласьць), які возьме ўдзел у парадзе ў гонар Перамогі. Расейская вайсковая тэхніка прыбудзе ў Беларусь у дваццатых днях красавіка.

Расейскія вайскоўцы сфармуюць сем парадных разьлікаў з дваццаці чатырох, якія возьмуць удзел у мерапрыемстве.

«Госьці з братэрскай нам краіны правядуць некалькі трэніровак у складзе параднай мэханізаванай калёны», — цытуе БелТА Мінабароны Беларусі.

Усяго ў парадных разьліках задзейнічана 250 адзінак баявой тэхнікі. Генэральныя рэпэтыцыі вайсковага параду пройдуць у Менску 4 і 6 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG