Амэрыканскія вайскоўцы возьмуць удзел у сьвяткаваньні Дня Перамогі ў Менску.
Пра гэта паведаміў сёньня прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў на прэс-канфэрэнцыі пра сьвяточныя мерапрыемствы да Дня Перамогі, піша БЕЛТА.
«6 траўня ў Беларусь плянуецца прыбыцьцё аркестра вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Эўропе, каля 40 чалавек. Амэрыканскія вайскоўцы 7 траўня возьмуць удзел у канцэрце ў Брэсцкай крэпасьці, а 9 траўня — у вайсковым парадзе ў Менску», — сказаў Макараў.
Ён дадаў, што 70 гадоў таму ЗША як саюзьнік СССР разам зь іншымі краінамі перамаглі фашызм. На яго думку, той факт, што ў сьвяточных мерапрыемствах да Дня Перамогі будуць удзельнічаць амэрыканскія вайскоўцы, яшчэ раз сьведчыць пра беларускую палітыку міру і згоды.
9 траўня на вайсковым парадзе ў Менску траціна вайсковай тэхнікі і асабовага складу будуць расейскія.