Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ратуюцца ад «падатку на дармаедзтва»: расьце колькасьць рэпэтытараў і рамесьнікаў


За першы квартал 2015 году значна павялічылася колькасьць фізычных асобаў, якія ажыцьцяўляюць віды дзейнасьці паводле заяўнага прынцыпу (рэпэтытары, фатографы, музыкі, вядоўцы на вясельлях, хатнія работнікі і іншае — такія заняткі не патрабуюць рэгістравацца ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка).

У першым квартале 2015 году колькасьць такіх падаткаплатнікаў вырасла ў 2,4 раза ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась і склала 8,1 тысячы чалавек. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства па падатках і зборах.

Гэтая катэгорыя грамадзянаў у першым квартале 2015 году выплаціла ў бюджэт 3 мільярды рублёў адзінага падатку, што ў супастаўных цэнах перавышае ўзровень паступленьняў за такі ж пэрыяд мінулага году ў 2 разы.

У той жа час Міністэрства эканомікі адзначае рост колькасьці зарэгістраваных рамесьнікаў.

У першым квартале 2015 году ў цэлым па краіне зарэгістравалася 4070 новых рамесьнікаў, што складае 46% ад агульнай колькасьці людзей, якія ажыцьцяўлялі рамесьніцкую дзейнасьць у 2014 годзе.

Такія паказьнікі зьвязаныя з пошукам спосабаў ухіліцца ад «падатку на дармаедзтва», лічыць былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў:

«Рост такога пласта падаткаплатнікаў, відавочна, зьвязаны з падпісаньнем „дэкрэту пра дармаедаў“. Людзі шукаюць выйсьця, каб не плаціць падатак на беспрацоўе. Праўда, рамесьнікі, каб не плаціць за гэты год, мусілі былі зарэгістравацца яшчэ летась. Зразумела: шмат хто вырашыў рэгістравацца хаця б цяпер, каб, залаціўшы падатак за 2015 год, быць вызваленым ад яго надалей. Гэта вельмі выгадна, бо за рэгістрацыю рамесьнікам трэба заплаціць адну базавую велічыню за год, а падатак на беспрацоўе складае 20 базавых за год».

На думку спадара Саснова, той, хто захоча ўхіліцца ад выплаты падатку, знойдзе спосаб — і ня толькі праз рэгістрацыю рамесьнікам:

«Людзі шукаюць выйсьця, каб не плаціць гэты дурны падатак. І, думаю, — знойдуць. І ня толькі шляхам рэгістрацыі рамесьнікам. Напрыклад, можна зьезьдзіць у Расею, паставіць там за капейкі штампы аб рэгістрацыі, і будзе лічыцца, што яны жылі ў Расеі, таму падаткам не абкладаюцца».

Гарадзенская рамесьніца Юля Катаржынская вырабляе лялькі-берагіні. Дзяўчына мае афіцыйную рэгістрацыю рамесьніка ўжо тры гады.

«Калі я супрацоўнічала з галерэямі, ня маючы пасьведчаньня рамесьніка, то разам з крамнай камісіяй гандлёвыя пункты бралі яшчэ 12% падатку на карысьць дзяржавы. Калі ж ёсьць рэгістрацыя рамесьнікам, то падатак не бярэцца. Да таго ж некаторыя крамы ўвогуле не супрацоўнічаюць з рамесьнікамі, калі тыя ня маюць афіцыйнай рэгістрацыі. А для ўдзелу ў кірмашах такая рэгістрацыя — абавязковая ўмова», — кажа майстрыха, распавядаючы пра выгоды, якія дае «паперка» рамесьніка.

Што да падатку на сацыяльнае ўтрыманства, то тут Юля Катаржынская ў разгубленасьці — у падатковай ёй параілі ўсё ж уладкавацца на працу хаця б на чвэрць стаўкі, інакш яна будзе лічыцца дармаедкай. Ад выплаты трох з паловай мільёнаў рублёў вызваляюцца толькі тыя рамесьнікі, якія ўваходзяць у склад афіцыйна зарэгістраваных рамесьніцкіх саюзаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG