Людзі патрабуюць, каб у горадзе спачатку стварылі годныя працоўныя месцы з добрымі заробкамі, а потым прыцягвалі да адказнасьці тых, хто ня хоча працаваць.
Іван Бедка: «Аргумэнты людзі прыводзілі найперш такія, што ў горадзе немагчыма знайсьці працу, заробкі малыя, на прадпрыемствах вядуцца скарачэньні, некаторыя прадпрыемствы працуюць няпоўны тыдзень. Людзі ў гэтай сытуацыі ратуюцца як могуць, імкнуцца пасадзіць гароды, каб хоць не застацца галоднымі, а тут вось такі падарунак ад улады».
Іван Бедка распавядае, што ініцыятыва ўзьнікла раптоўна. Цяпер зьбіраюць подпісы 15 чалавек, прычым большая частка зь іх — тыя, хто не належыць да дэмакратычных апазыцыйных арганізацыяў.
Бедка: «Мы нядаўна падалі аб’яву ў „Газеце Слонімскай“ пра тое, што зьбіраем подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедах, то да нас ідзе мноства тэлефанаваньняў, людзі хочуць паставіць свой подпіс».
Спадар Бедка кажа, што за першыя дні сабралі больш за 120 подпісаў, іх збор працягнецца да паловы траўня, а потым іх мяркуюць накіраваць у Савет міністраў, Адміністрацыю прэзыдэнта, а таксама ў Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам.