Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я кожны год чакаю ад яго пасланьняў, што ён, як Ельцын, скажа: я сыходжу»


Гарадзенцы пра пасланьне Аляксандра Лукашэнкі. Апытаньне Свабоды.

Ці слухалі вы пасланьне Лукашэнкі да парлямэнту і народу Беларусі, што новага пачулі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Мяне зьдзівіў і парадаваў той момант, што наш былы старшыня аблвыканкаму Шапіра мае на ўліку ўсіх габрэяў і кантралюе іх. Гэта было досыць цікава і нечакана. А яшчэ вельмі зацікавіў зварот да Міністэрства культуры, што нам трэба здымаць сэрыялы, як гэта робяць расейцы, якія арандуюць у нас дзеля гэтага памяшканьні. Дык вось і нам трэба рабіць простыя і даступныя для народу фільмы, якія б купляліся. Гэтыя дзьве ягоныя думкі мяне найбольш зацікавілі».

Спадар: «Я кожны год чакаю марна і наіўна ад яго пасланьняў, што ён урэшце скажа: я сыходжу, на ўзор таго, як гэта некалі зрабіў Барыс Ельцын. Аднак гэтага нам, відаць, ніколі не дачакацца».

Спадар: «Мяне зьдзівіла зь ягоных словаў, што, аказваецца, Эўрапейскі Зьвяз вылучыў новыя патрабаваньні да Расеі наконт гандлю, а Лукашэнка ўсё гэта яшчэ інтэрпрэтаваў на Беларусь. А другое, я таксама быў зьдзіўлены, што ён выказаў даволі сьмешную рэч наконт вышэйшага духавенства Беларусі — маўляў, калі ня маюць дзяцей, то яны людзі другога гатунку».

Спадар: «Зьдзівіла і парадавала яго манера гутаркі: проста і зразумела. А яшчэ мне спадабалася яго стаўленьне да шматдзетных сем’яў. Апраўдана тое, што ім трэба будаваць жыльлё. Але з шматдзетнымі сем’ямі ня ўсё так проста. Я жыву ў шматпавярховым доме і бачу, што з васьмі шматдзетных сем’яў варта дапамагаць толькі чатыром. Астатнія дзяцей нараджаюць, і выхоўваньнем ніхто не займаецца».

Спадар: «Мне хацелася пачуць праўду, а тое, што ён кажа, то я ня ведаю, ці гэта праўда. Я вельмі моцна сумняваюся, ці варта ставіцца да ягоных словаў сур’ёзна, бо вопыт сьведчыць, што трэба зьвяртаць увагу не на словы, а на справы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG