Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько: Калі ёсьць Божая іскра — яна ня гасьне


Віктар Казько
Віктар Казько

Празаіку Віктару Казько — 75. Адзін зь ягоных герояў марыў знайсьці ў Сусьвеце багатую золатам камету і прызямліць яе ў Беларусі. А пра што марыць сам юбіляр, які больш за дзесяць гадоў пражыў у Расеі, ледзь ня стаў пасьпяховым «сібірскім» пісьменьнікам і заначаваў аднойчы на Мамаевым кургане?

— Віктар Апанасавіч, давайце пачнем нашу гутарку з раскрыцьця адной зашыфраванай мясьціны ў вашай біяграфіі. Там значыцца, што вы як празаік «дэбютавалі ў таштагольскай газэце «Красная Шория». Што гэта такое — таштагольская, Шорыя?

— «Красная Шория» — галоўная газэта Горнай Шорыі, што знаходзіцца ў цяперашняй Кемераўскай вобласьці, на мяжы паміж Алтаем і Сіхотэ-Алінем. А Таштагол — тамтэйшы галоўны горад. Гэта цяперашні Кузбас, там яшчэ Пржавальскі падарожнічаў. Упершыню Горная Шорыя ўзгадваецца ў кітайскіх пісьмовых помніках 6 000 гадоў таму. Такім чынам яна старэй за эгіпэцкія піраміды. Па тэрыторыі Шорыя — прыблізна як Беларусь. Мясьціны, надзвычай багатыя золатам, каменным вугалем, жалезнай рудой. Шорцаў засталося вельмі мала, іх амаль вынішчылі. Шорыя ў сталінскія часы была знакамітая гулагамі. Шорцы спрабавалі падняцца, гэта адбылося недзе ў 1920-я гады. Спрабавалі стварыць сваю рэспубліку, патрабавалі, каб усе расейцы зьехалі. Але неўзабаве іхні ўрад у поўным складзе быў арыштаваны — адпусьціць Горную Шорыю Масква не магла. Такі багаты край, што казалі: там кожнага жыта — па лапаце.

— Вы даволі шмат часу пражылі ў Расеі, ведаеце яе, што называецца, знутры. Вось жа высокапастаўленыя палітыкі ў Менску і Маскве паўтараюць: беларусы і расейцы — адзін народ. А ваш досьвед пра што гаворыць?

— Я пражыў у Расеі ладны кавалак жыцьця. Дайшло да таго, што Віктар Астаф’еў называў мяне «сібірскім пісьменьнікам». Насамрэч розьніца паміж намі вялікая. Міт пра братэрства трох славянскіх народаў нам уводзілі ў вушы яшчэ ў Савецкім Саюзе. Што з гэтага атрымалася, мы бачым на прыкладзе Ўкраіны. Чым мы адрозьніваемся? Я прывяду прыклад маёй бабулі, карэннай паляшучкі Говар Юстыны, якая пражыла 112 гадоў. За сваё жыцьцё яна пабудавала тры хаты! Першая хата згарэла, другую яна аддала майму бацьку і сваёй дачцэ. Застаўшыся на голым месцы, агорала трэцюю. Гэта ж якія жылы трэба было мець кабеце, каб паставіць тры хаты! Цягавітасьць беларуса ня ведае межаў. А цяпер паглядзіце на Смаленшчыну, Браншчыну, Пскоўшчыну, на колішнія землі ВКЛ, дзе зямля гэткая ж, як і ў сёньняшняй Беларусі. Іх адабралі, разадралі Беларусь, і што? Сёньня расейцы любуюцца праз мяжу нашымі палямі, бо на той жа Смаленшчыне зямля ў занядбаньні. Здаецца, тая ж самая зямля, тыя ж самыя людзі, а мэнталітэт зусім іншы.

— Нядаўна ў Беларусі (наўсьлед за Расеяй) быў забаронены да паказу мастацкі фільм «№ 44» — пра злачынствы сталінскага НКВД. Затое неўзабаве мае адбыцца пад апекай БПЦ хрэсны ход з Заслаўя на «Лінію Сталіна». Як вы да гэтага ставіцеся?

— Праваслаўную царкву, на жаль, прыстасавалі да патрэбаў дзяржавы. У яе адабралі Божае, духоўнае, чым яна павінна займацца. У сувязі з тваім пытаньнем мне ўспамінаецца адна гісторыя. Трапіў я аднойчы ў Валгаград — былы Сталінград. У мяне там нямала сяброў жыве, але не хацелася нікога турбаваць, і я паехаў начаваць на Мамаеў курган. Там, дарэчы, загінуў мой дзядзька, згарэў у танку, за яго мая бабуля атрымлівала ажно цэлы рубель пэнсіі... Я пераначаваў на кургане, там яшчэ нейкія «дзікія» турысты начавалі. Ранкам задумаў памыцца, а вады нідзе няма. Палез вышэй, да манумэнту Маці-Радзімы. А там — няма дзе ступіць, усё зас....на. Вось так у Расеі шануецца памяць загінулых на Мамаевым кургане. Памятаеш заяву Пуціна — калі народ папросіць, то мы вернем гістарычнае імя Сталінград? Гэта проста цынізм. Сталінград — не гістарычная назва, калі ўжо вяртаць, то — Царыцын. А так... У народзе нездарма гавораць: як карабель назавеш, так ён і паплыве.

— Калісьці Янка Брыль пісаў: празаік Віктар Казько строгі да праўды. Строгімі да праўды бачацца мне Максім Гарэцкі і Васіль Быкаў. Ці ня страціла сучасная літаратуры вось гэты болевы парог праўдзівасьці?

А што можа быць страшней за бязмоўе народу?

— Сучасная літаратура страціла ня толькі парог праўдзівасьці, яна страціла этыку, згубіла мараль. А самае галоўнае — сёньняшняя літаратура не дапамагае чалавеку спазнаваць самога сябе. Сёньня ўсё пішацца паводле галівудзкіх узораў, паводле Фройда ды ягонага псыхааналізу — гэтага выкідышу чалавечай галавы. Як гаварыў сьветлай памяці Анатоль Кудравец, абарвалася культурная пупавіна. Беларус сёньня ня мае магчымасьці вучыцца па-беларуску, чытаць сусьветную літаратуру, сваю літаратуру на роднай мове. Ён амаль абязмоўлены. А што можа быць страшней за бязмоўе народу?

— Ці ёсьць для вас табуяваныя тэмы, да якіх вы ня зьвернецеся ні пры якіх абставінах?

— Мне абсалютна нецікавая страўнікавая, унітазная, экскрэмэнтная літаратура. Літаратар сядае на ўнітаз і пачынае нешта даводзіць... Нічога апрача грэблівасьці і ванітаў яго пісаніна ў мяне не выклікае. Вось да такой літаратуры я ніколі не хацеў бы зьвяртацца. Неяк нашы пісьменьнікі пераклалі на беларускую мову кнігу аднаго дыктатара зь Сярэдняй Азіі. Пра гэта мы разгаварыліся зь літаратуразнаўцам Міхасём Тычынам. І я кажу яму — не разумею іх, ніхто ж зь пісталетам за сьпіной не стаяў. А Міхась коратка адказаў: «Страцілі грэблівасьць». І я зь ім пагадзіўся. А ні чалавек, ні літаратура бяз грэблівасьці існаваць ня могуць.

— Гісторыя айчыннай літаратуры такая, што пісьменьніку вельмі проста ўпасьці ў дэпрэсію, зьняверыцца ў той справе, якую ён робіць. А вам знаёмы дэпрэсіўны стан?

— Чаму ж незнаёмы... бывае. Але тут я мушу сказаць вось пра што. Як не бывае былых кадэбэшнікаў, так не бывае і былых пісьменьнікаў. Калі пісьменьніку дадзены талент, то якая б ні была дэпрэсія, ён будзе карпець над аркушам паперы. Бо ня ён сам, а нехта водзіць яго рукой, як, зрэшты, і чалавекам. Калі ёсьць Божая іскра — яна ня гасьне.

— А чым вы ратуецеся ад дэпрэсіі?

— Памяцьцю, толькі памяцьцю. Памяцьцю пра тое, што і сонца было, і вада была, і агонь быў. Прырода ўваходзіла ў мае вочы, у мае вушы, абуджала мяне і выводзіла з чорнага настрою. Думалася — былі такія беды, столькі разоў я паміраў, але ж — застаўся, выжыў. Памяць ня толькі не дае мне супакоіцца і скласьці рукі, памяць злучае нас зь вечнасьцю. Хто ведае, можа, трошкі і мяне ў гэтай вечнасьці застанецца, як засталося трошкі маіх дзядоў і бацькоў пад крыжамі на занядбаных могілках. Могілкі — адзінае месца, дзе яшчэ дрыжыць наша сэрца.

— У героя вашай аповесьці «Суд у Слабадзе» Колькі Лецечкі ёсьць запаветная мара: плаваць рыбінай у цёплай, як сырадой, рэчцы і вазіць на сьпіне месяц. А пра што марыць сам Віктар Казько?

— Мару вярнуцца на бераг рэчкі, пасядзець з вудаю, толькі цяпер мне шкада той рыбіны, якую магу злавіць... У другога майго героя была мара — як у Язэпа Драздовіча. Пачапіць на плячо торбачку, выйсьці праз вакно і адправіцца ў падарожжа па Сусьвеце. Знайсьці там камэту з брыльянтамі і золатам і пасадзіць яе ў Беларусі, тым самым ашчасьлівіць радзіму. Хоць і фантастычная, але чыста зямная мара. Бо Беларусь як была старцам у торбах дваццаць гадоў таму, так ім і засталася... На жаль, літаратура сёньня адсунутая на задворкі жыцьця. Але мы не павінны задзіраць лапкі ўгору. Калі пісьменьнік валодае дарам слова, то што б ён ні рабіў, ён не абыдзецца без уплыву грамадзкага жыцьця на яго і без свайго міжвольнага ўплыву на жыцьцё грамадзтва. Нават калі ён наўпрост не кранаецца палітыкі. Возьмем таго ж Багдановіча — песьняра чыстай красы, як яго называлі ці не зь лёгкай рукі Антона Луцкевіча. Прайшоў час, і мы бачым, што такое мастацтва вельмі запатрабаванае. Акурат у чыстай красе ёсьць нешта такое, што ўдасканальвае прыроду чалавека, яго душу.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG