Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прасьветлены, сьветлы, сьвяты


Айцец Аляксандар Надсан.
Айцец Аляксандар Надсан.

Часам хочацца даць партрэт чалавека адным словам. У выпадку з айцом Аляксандрам Надсанам гэтае слова — прасьветлены. Піша Ўладзімер Арлоў.

Калі гаворка ідзе пра сьвятара, ня трэба тлумачыць, прасьветлены кім.

На сваім ужо некароткім жыцьцёвым шляху мне выпала наведаць не адну сотню храмаў розных канфэсіяў. Але ніводны зь іх яшчэ ня быў сугучны маёй душы так, як Беларуская грэка-каталіцкая царква сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Лёндане. Я ведаю адказ на пытаньне: чаму? Таму што там служыў сьвятар, які болей за любую іншую сустрэтую мной духоўную асобу адпавядаў свайму сьвятарскаму чыну.

У дзень, калі чорнай птушкай ударыла ў грудзі вестка пра ягоны сыход у Вечнасьць, ня буду згадваць тое, пра што можна прачытаць у энцыкляпэдыях. Ёсьць толькі маё, асабістае, нават інтымнае, пра што ў іншы дзень і не наважысься сказаць.

Як, напрыклад, пра тую будзенную лёнданскую раніцу, калі я, крыху заспаўшы, на дыбачках увайшоў у царкву і не адразу зразумеў, што разам з айцом Аляксандрам нас на набажэнстве ўсяго двое. Ды насамрэч я памыліўся. Разам з намі ў сьценах храму, хоць і невідочна, былі прысутныя і архімандрыт Леў Гарошка, і біскуп Чэслаў Сіповіч, і арцыбіскуп сьвяты Ясафат Кунцэвіч, і мітрапаліт Язэп Руцкі... І той чатырнаццацігадовы беларускі падлетак-вуніят, якога расейскія калянізатары ў асобе «окружного полицейского апостола Новицкого» ня здолелі перавесьці ў «правильную веру» нават з дапамогаю дзьвюх сотняў розгаў, аб чым распавёў у сваім «Колоколе» Аляксандар Герцэн.

Або той вечар у лёнданскай Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны, добрым духам якой таксама быў айцец Аляксандар, дзе над рукапісамі Купалы і Коласа, над старонкамі аўтэнтыкаў Статуту 1588 году і «Хронікі Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваніні я зьнячэўку адчуў дзіўную мэтамарфозу з часам. Стагодзьдзі пачалі набываць розную працягласьць і кансыстэнцыю, і, што самае небясьпечнае, дыфузаваць, у выніку чаго 1994-ты, што быў на календары, мог апынуцца недзе паміж нашай Трынаццацігадовай вайной і Вялікай Французкай рэвалюцыяй. Памятаю, як вусьцішна было сустрэцца зь люстрам кніжнае вітрыны, каб пераканацца, што гэты чалавек—пакуль што я.

Цуд, здавалася, заўсёды быў з айцом Аляксандрам на адлегласьці выцягнутай рукі.

Чвэрць стагодзьдзя таму сваім першым прыездам у Беларусь пасьля неверагодна доўгага, амаль бясконцага растаньня ён адрадзіў нашу Вуніяцкую царкву.

Але ж сёньня — адно і пра вельмі асабістае.

Дваццаць гадоў таму, пасьля рэфэрэндуму пра мову, сымболіку ды іншае, чаго нельга вырашаць на рэфэрэндумах, з выдавецкіх плянаў, нягледзячы на замоўленыя некалькі дзясяткаў тысяч асобнікаў, выкінулі — «как социально неактуальную» — нашу з Генадзем Сагановічам кнігу «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». Неўзабаве макет патрапіў да рук айца Аляксандра, і кніга выйшла першы раз, потым другі, трэці...

Пасьля апэрацыі на сэрцы айцец Аляксандар прыехаў да мяне, нанова народжанага, у шпіталь. Як гэта ты з інфарктам ды тромбам здолеў даляцець да Менску і прыйсьці да кардыёляга? Я ведаў як. Ён — таксама.

Пяць гадоў таму, падчас апошняга наведвання радзімы, айцец Аляксандар вянчаў нашага сына Багдана зь Янінай. Адзначаць падзею паехалі ў Музэй народнай архітэктуры ў Строчыцах. Перад застоліцай зайшлі ў колішнюю вуніяцкую Пакроўскую царкву. Зь першымі крокамі айца Аляксандра пусты, даўно пакінуты вернікамі храм страпянуўся, ажыў, адгукнуўся нечаканымі проймамі, гукамі й пахамі. На вуліцы віраваў вятрыска, сек дождж са сьнегам, а тут у вакенцы зазірнула сонца.

У гэтым цудзе можна сумнявацца.

Але не падлягае сумневу, што ў хуткім часе на поўначы Лёндану, у Фінчлі, зьявіцца новы будынак Беларускай вуніяцкай царквы Пятра і Паўла. У абрысах гэтага драўлянага храму будзе адгукацца і вобраз строчыцкай Пакроўкі. Аўтар праекту — прыхаджанін айца Аляксандра — архітэктар Цзыўай Рафаэль родам з Кітаю.

Днямі айцец яшчэ адгукнуўся на мой тэлефонны званок. Розум ягоны быў ясны, душа — спакойная.

Ён сказаў: шчасьлівы, што пасьпеў зрабіць шмат.

Пацьверджаньне — і зялёны том яго выбранага, што нядаўна папоўніў бібліятэку «Беларускага кнігазбору». Кніга, якую я гартаў у часе нашай астатняй размовы, і цяпер на стале. Разгортваю «Велікодныя думкі» 1968-га: «Мы ўсе жадаем свабоднай Беларусі. Але што мы разумеем пад гэтым? Ці мо хочам замяніць адну небеларускую бязбожную няволю другой, толькі беларускай? Ці мы жадаем, каб Беларусь была сапраўды свабоднай?..»

Ён ужо належыць гісторыі.

Але прыйдзе час — я веру — будзе належаць да ліку сьвятых Беларускай зямлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG