Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страшная праўда пра туняядцаў і стратныя заводы


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Эканоміка — вялікі дурдом, пралічыць усё немагчыма. Але старацца трэба.

І як бы не хацелася, але падбіваць бабкі вайны з туняядзтвам у асобна ўзятых горадзе і вобласьці трэба, лічбы самі змушаюць. Бо атрымліваецца старая як сьвет гісторыя: толькі ўзяўся за яйкі, малако зьнікла.

Ты цяпер і па блату не ўладкуесься дворнікам ці грузчыкам. Перамаглі лайдакоў і абібокаў, хаця адчуваньня перамогі няма. Яшчэ некалькі соцень кінуліся атрымаць статус беспрацоўных, каб іх не турбавалі. Ад прапанаваных вакансій горда адмовіліся, лянуюцца нашы беспрацоўныя за два мільёны хадзіць пад прымусам на працу. Напэўна маюць нешта лепшае. Ну, так ці інакш зь імі разабраліся.

Але паглядзелі ў іншыя лічбы, за галаву схапіліся. За год стратных прадпрыемстваў і арганізацый у вобласьці стала напалову больш. Іх такіх няўдалых сёньня 186, гэта дваццаць два адсоткі ад усіх. Чыстыя страты за два першыя месяцы году амаль 865 мільярдаў рублёў (па Беларусі 12 трыльёнаў, страты маюць чвэрць прадпрыемстваў). Што зь імі рабіць? Запісаць у туняядцы і прымусіць уладкавацца на іншую працу?

Зразумець нармальнаму чалавеку немагчыма: як можна працаваць, але так, што нічога не зарабіць? Калі гэта праўда, значыць трэба спыніць працу, ад якой пуста ў кішэнях. А сярод стратных трыццаць адсоткаў — прадпрыемствы, якія ня могуць прадаць свае тавары ці збываюць іх ніжэй сабекошту. Амаль дваццаць пяць адсоткаў — будаўнічыя арганізацыі. Якім няма чаго будаваць або яны ня могуць расплаціцца за цэглу і бэтон.

Значыць, з аднаго боку, нас вельмі турбуюць туняядцы, якія на сьняданак маюць гарбату бяз цукру і хлеб бяз масла, але мы нічым ня можам дапамагчы тым, хто сапраўды працуе. Але як той Сізіф: цягае бяз сэнсу свой камень угору. Дык што важней? Дакладней — хто? Лайдакі, на якіх трэба з дапамогай дэкрэтаў паляваць? Ці шчырыя рабацягі, якія рук не пакладаюць, але апынаюцца ў банкрутах? Бо нехта дасьціпны назваў іх «туняядцамі, якія атрымліваюць заробкі». 186 прадпрыемстваў. Жах! Гэта ж каню зразумела: іхні стан павінен быць для дзяржавы значна важнейшым, чым паасобныя грамадзяне, што хаваюцца ад працы. Бо што атрымліваецца? Што дзяржава змусіла беспрацоўных схапіць мётлы, каб яны выратавалі прадпрыемствы-банкруты? Выходзіць, што так. Знайшла ратаўнікоў і «лекі», калі тысячы тых, хто не акупляе сваю вытворчасьць, апынуліся пад пагрозай звальненьня. Ну сапраўды, не эканоміка, а дурдом.

Людзі, лямантуе адзін з абазнаных гарадзенцаў: ня могуць быць прыбытковымі прадпрыемствы, у якіх сямімесячныя запасы вырабленай прадукцыі на складах, і якія плацяць за тысячу кубамэтраў газу 305 даляраў і сплочваюць банкам 60 адсоткаў гадавых, калі ў рублях, і калі ў валюце — 20. Яны ня могуць быць у прынцыпе прыбытковымі, гэта простая матэматыка…

І як спрачацца, калі чалавек мае поўную рацыю? Летась Расея давала газ па 168 даляраў, сёлета палагаднела да свайго адзінага хаўрусьніка, зьменшыла цану да 134 (гэта лічбы зь першых рук, ад самога Лукашэнкі). Замоўлена на год для патрэбаў РБ 20 мільярдаў кубоў. А далей — працяг вядомага «тавар-грошы-тавар»: жыльлёва-камунальнай гаспадарцы мы аддамо па 245 даляраў, розьніца адчувальная — 111! Для прадпрымальнікаў максымальны кошт 276. А ўсім без выключэньня, хто перабраў з газам, будзе штрафны — 375. Навар адразу 240! Хай бы іх, штрафнікоў, было чым паболей! Што ж, прадавец газу адзін, іншых няма. Тарыфы прыдумвае дзяржава.

Такія ў нас правілы гульні. Хочаш жыць, умей круціцца. А тых, хто, заклаўшы льготны для Беларусі расейскі газ у сабекошт сваёй прадукцыі, не знаходзіць ёй пакупнікоў, мы — у чорны сьпіс, хай адчуваюць сябе вінаватымі перад дзяржавай, што псуюць справаздачнасьць… Ну не эканоміка, а дурдом. А тут яшчэ туняядцы зь мётламі. Як пародыя на лячэньне гаспадаркі краіны. Як заменьнік рэформаў. І потым: што гэта за дактары, якія ў званы б’юць з-за насмарку, калі з сэрцам праблемы?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG