Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўспамінае ахвяраў авіякатастрофы под Смаленскам


Пяць гадоў таму, 10 красавіка 2010 году, адбылася авіякатастрофа пад Смаленскам: разьбіўся самалёт ТУ-154М польскага прэзыдэнта Леха Качыньскага.

Усяго загінула 96 чалавек. Акрамя Леха Качыньскага і яго жонкі Марыі, у авіякатастрофе загінулі апошні прэзыдэнт Польшчы ў выгнаньні Рышард Качароўскі, прадстаўнікі вышэйшага вайсковага кіраўніцтва, палітычных партыяў, грамадзкія і рэлігійныя дзеячы, якія ляцелі на жалобныя мерапрыемствы ў 70-ю гадавіну расстрэлу польскіх вайскоўцаў у Катыні.

У Польшчы авіякатастрофу пад Смаленскам лічаць трагедыяй нацыянальнага маштабу.

Як піша РИА Новости, мэмарыяльныя мерапрыемствы пачнуцца ў пятніцу раніцай у парлямэнце Польшчы з набажэнства ў памяць аб загінулых, якое пройдзе ў Сэйме пры ўдзеле дэпутатаў і сьпікера ніжняй палаты Радаслава Сікорскага. Потым у Сэйме будуць ускладзеныя кветкі да мэмарыяльных табліцаў, усталяваных у памяць аб загінулых тады польскіх парлямэнтарыях.

На варшаўскіх могілках «Павонзкі» пройдуць дзяржаўныя мерапрыемствы, у якіх прымуць удзел сваякі загінулых пад Смаленскам, прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі, прэм’ер Эва Копач, сябры ўраду, прадстаўнікі абедзьвюх палат парлямэнта і мэр Варшавы Ханна Гранкевіч-Вальтц.

На «Павонзках» пахаваныя 28 ахвяраў крушэньня самалёта пад Смаленскам і ўсталяваны мэмарыял у памяць аб усіх загінулых у катастрофе.

Раней прэс-сакратар ураду Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска паведаміла, што 10 красавіка на памятныя мерапрыемствы ў Смаленск паедзе польская дэлегацыя на чале зь міністрам культуры Малгажатай Аміляноўскай і кіраўніком канцылярыі прэм’ер-міністра Яцкам Чыхоцкім. У складзе афіцыйнай дэлегацыі будуць таксама прадстаўнікі Сэйма і Сэната Польшчы.

Як адзначае Радыё Польшча, меркаваньні з нагоды прычынаў смаленскай катастрофы да гэтага часу падзяляюць польскае грамадзтва. Паводле дадзеных апытаньня, 22% жыхароў Польшчы вераць, што пад Смаленскам адбылося наўмыснае забойства. Самая вялікая група палякаў (37%) лічаць, што здарылася авіякатастрофа з-за таго, што на пілётаў быў аказаны ціск — іх прымусілі саджаць самалёт, не прымаючы да ўвагі дрэнныя ўмовы надвор’я. 34% жыхароў Польшчы мяркуюць, што за катастрофу нясуць адказнасьць пілёты, паколькі менавіта яны зьдзяйсьнялі памылкі. 29% лічаць, што прычынай катастрофы зьяўляецца агульны беспарадак у сфэры польскай авіяцыі.

Сьпікер Сэйму Радаслаў Сікорскі заклікаў палякаў у 5-ю гадавіну Смаленскай катастрофы «выконваць меру, камэнтуючы сытуацыю». Паводле ягоных слоў, трэба, каб вярнулася атмасфэра нацыянальнай жалобы — так, як гэта было ў першыя дні пасьля трагедыі. Ён падкрэсьліў, што варта «адмовіцца ад прадстаўленьня абсурдных тэорыяў змовы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG