«Зь Юрыем Рубцовым знаёмы ўжо сем гадоў. У 2008 годзе мы абодва балятаваліся кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту. Нас не зарэгістравалі.
Рубцоў лічыў тады, што Аляксандар Лукашэнка ўвогуле добры кіраўнік, але яму перашкаджаюць працаваць мясцовыя чыноўнікі.
Тады мы запрашалі Рубцова ў рэгіянальную каманду аб’яднаных дэмакратычных сілаў, але ён не пайшоў. І дзейнічаў самастойна, аднаасобна.
Урэшце яго энэргія вылілася ў публічныя пратэсты праз майкі з надпісамі. Найбольш заўважны тут: «Лукашэнка, сыходзь!»
На «хіміі» такі надпіс Рубцоў зрабіў ужо й грудзях. З прынцыпу: калі ўжо й сарвуць майку міліцыянты, як гэта было летась пасьля Чарнобыльскага шляху, калі Юрыя прывезьлі ў суд Савецкага раёну напаўголым, то яго пратэставы надпіс ня зьнікне, будзе бачны.
Мы часьцяком перамаўляліся зь Юрыем праз тэлефон, калі ён адбываў пакараньне на «хіміі» нібыта за абразу судзьдзі, які судзіў яго напаўголым. Я раіў яму спыніць галадоўку і не адмаўляцца ад працы, хаця яна й ніжэйшая за дэкляраваны ў краіне сярэдні заробак у памеры 600 даляраў. Ведаў, што шараговаму кіроўцу не знайсьці працы з такім заробкам ні ў Пружанскім раёне, ні ва ўсёй Беларусі. А адмовы ад працы прывядуць толькі да новага перасьледу.
Прыгадваў, што Павал Севярынец адбываў «хімію» і атрымліваў нават ад адміністрацыі спэцкамэндатуры ў Купліне кароткатэрміновыя адпачынкі. Юры жа стварыў тамтэйшым начальнікам праблемы — і яны цяпер імкнуцца яго «запакаваць».
Дарэчы, мы абскардзілі ў судзе правілы, паводле якіх «хімік» абавязаны пагаджацца на любую працу, прапанаваную начальнікамі. Пружанскі раённы суд адмовіўся распачынаць справу. Касацыйная скарга знаходзіцца цяпер у судовай калегіі Берасьцейскага абласнога суду.
Спрабавалі спагнаць і маральную шкоду з судзьдзі Савецкага раёну Менску Кірыла Палулеха, які судзіў Рубцова напаўголым. Таксама адмовілі.
Калі будуць вычарпаныя ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны Рубцова, зьвернемся ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Са свайго боку лічу, што Рубцоў паводле характару ня толькі «чалавек-майка», але й крэмень — загартаваны, мужны чалавек. Ён хаця і дзейнічаў аднаасобна, але здолеў унесьці ў пратэставую барацьбу супраць існага рэжыму крэатыўныя падыходы», — зазначыў спадар Судаленка ў інтэрвію Свабодзе.
Юрыю Рубцову пазаўчора было прад’яўленае абвінавачваньне паводле артыкулу 415 (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі і ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
«Падставай да ўзбуджэньня крымінальнай справы паслужылі матэрыялы органаў дазнаньня за парушэньне парадку і ўмоваў адбыцьця пакараньня, прадугледжаных часткай 3 артыкула 47 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і правіламі ўнутранага распарадку, якія абавязваюць асуджанага працаваць паводле накіраваньня адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу. Абвінавачаны чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасадаў, што ўтварае склад злачынства ў выглядзе ўхіленьня ад адбыцьця пакараньня паводле выраку суду», — паведаміла Радыё Свабода галоўны інспэктар па інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК па Берасьцейскай вобласьці Марына Дранькова.