Яна параіла па ўсіх пытаньнях зьвяртацца ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці.
У сваю чаргу, галоўны інспэктар па інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК па Берасьцейскай вобласьці Марына Дранькова заявіла Свабодзе, што нейкую інфармацыю наконт лёсу Рубцова яна зможа агучыць толькі ў другой палове дня.
У панядзелак раніцай Юрыю Рубцову ў спэцкамэндатуры ў Купліне Пружанскага раёну загадалі сабраць рэчы. Яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезьлі ў раённы Сьледчы камітэт. Супраць палітвязьня заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі), яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Учора зь Сьледчага камітэту Пружанскага раёну Юры Рубцоў праз тэлефон паведаміў Свабодзе, што абвяшчае галадоўку і адначасова байкот сьледзтву.
Пасьля гэтага сувязі з палітвязьнем няма. Яго мабільны тэлефон пакінуты на галасавой скрыні.
Хутчэй за ўсё, цяпер Рубцоў у СІЗА.