Яна павінна прайсьці а 11-ай гадзіне раніцы па мясцовым часе. Арганізатары заклікаюць усіх, каму быў неабыякавы Барыс Нямцоў, ушанаваць яго памяць. «Калі вы ідзяце пешшу — спыніцеся на хвіліну, калі вы на машыне — падайце гукавы сыгнал».
«Мы прыносім кветкі на месца забойства — іх прыбіраюць. Мы ладзім канцэрт памяці Барыса Нямцова — яго забараняюць. Нам даюць зразумець, што лепш забыцца. Але мы памятаем. Нас чуваць»,— пішуць паплечнікі Нямцова ў Facebook.
У Маскве на Вялікім Маскварэцкім мосьце, дзе позна увечары 27 лютага быў забіты Барыс Нямцоў, адбудзецца ўскладаньне кветак. Затым, пасля «Хвіліны НЕмаўчаньня», у храме, побач з домам, дзе жыў Нямцоў, пройдзе трызна.
У гэты ж дзень паплечнікі Нямцова вырашылі правесьці памятны канцэрт. Дзясяткі музыкаў, сярод якіх Андрэй Макарэвіч, Юры Шаўчук, гурт «Бі-2», Пётар Наліч і іншыя, падтрымалі ідэю, але ні адна маскоўская пляцоўка не пажадала прыняць у сябе такое мерапрыемства. Замест канцэрту 7 красавіка на тэлеканале «Дождь» адбудзецца тэлемаратон «Нямцоў мост», у якім возьмуць удзел і музыкі, і іншыя грамадзкія дзеячы, якія ведалі Барыса Нямцова.
Па справе аб забойстве Барыса Нямцова арыштавана пяць чалавек. Усе яны адмаўляюць сваю датычнасьць да злачынства.
Расейская служба Радыё Свабода вядзе жывую відэатрансьляцыю акцый памяці Нямцова. Пачатак трансьляцыі ў 10:15.