Маскоўскія клюбы адмовіліся праводзіць канцэрт у памяць Барыса Нямцова 7 красавіка, праз 40 дзён з дня забойства апазыцыйнага палітыка.
Пра гэта напісаў у Facebook прадусар і вядучы тэлеканалу «Дождж» Міхаіл Козыраў.
Маскоўскія клюбы спачатку выказвалі зацікаўленасьць у правядзеньні канцэрту, бралі час на разважаньне, а праз суткі адмаўлялі на розных падставах. Прамоўтэры клюбаў казалі, што ім «не рэкамендавалі», яны «не гатовыя» ці «ня хочуць з гэтым зьвязвацца», альбо, што «пляцоўка ў гэты дзень занятая».
Адзіным чалавекам, які пагадзіўся на прапанову, апынуўся Стас Намін, піша Міхаіл Козыраў. Аднак арганізатары не рызыкнулі праводзіць канцэрт у пачатку красавіка на вялікай адкрытай пляцоўцы — у Зялёным тэатры Парку Горкага — і вырашылі адмовіцца ад гэтай прапановы.
У выніку артысты выступяць у прамым эфіры тэлеканалу «Дождж». Канцэрт будзе называцца «Нямцоў Мост». Сваю згоду на ўдзел у ім ужо пацьвердзілі Юры Шаўчук, Андрэй Макарэвіч і «Бі-2».
Барыс Нямцоў быў забіты 27 лютага ў цэнтры Масквы.