Актывіст гарадзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Аляксандар Місьцюкевіч разам з калегамі наведаўся ў абласны аўтобусны парк, каб выказаць заўвагі наконт таго, што з новага году назвы маршрутаў у гарадзкіх аўтобусах пачалі аб’яўляцца па-расейску, хаця згодна з адмысловым рашэньнем гарвыканкама гэта заўсёды рабілася на беларускай мове.
Паводле Місьцюкевіча, новы дырэктар аўтапарка нібыта запэўніў, што ўсё паправяць, але нават празь некалькі месяцаў гэтых зьменаў не адбылося. Яшчэ Місьцюкеч кажа, што з будынка дзяржаўнага аўтапарка зьнікла шыльда на беларускай мове, а вісіць толькі на расейскай. Вырашылі праверыць іншыя будынкі дзяржаўных устаноў і былі ўражаныя тым, што на новых будынках альбо там, дзе рабіўся рамонт, усталёўваюць шыльды толькі па-расейску.
Місьцюкевіч: «На вуліцы Перамогі трэст Аблпрамбуд — зрабілі цудоўны рамонт будынка, а шыльду дзяржаўную павесілі толькі на расейскай мове. Новы будынак пракуратуры — таксама ўсё па-расейску. Не „МНС“, а толькі „МЧС“, камунальнікі на вуліцы Кірава — толькі па-расейску, „Гроднаэнэрга“, гарадзкі РЭС... Адзін генэральны дырэктар мне наўпрост заявіў: я ў сваёй справе генэрал, а ў справе беларускай мовы — шараговец. Будзе загадана — будзе зроблена».
Гэткі, паводле Місьцюкевіча, «беларусапад» і стаў падставай для таго, каб запісацца на прыём да старшыні аблвыканкама Уладзімера Краўцова. Праўда, патрапіць да яго аказалася няпроста, сябраў ТБМ накіравалі да старшыні Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Паўла Скрабка.
Паводле Місьцюкевіча, яны разам з калегамі выклалі мноства фактаў таго, як абыходзяцца зь беларускай мовай у горадзе, нягледзячы на тое, што закон патрабуе і гарантуе яе выкарыстаньне. Праўда, у адказ ад чыноўніка не пачулі нічога ўцямнага, нават запэўніваньня таго, ці зможа ён данесьці праблему да кіраўніцтва выканкама. Яшчэ Місьцюкевіч кажа, што пасьля зьмены старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры на Ўладзімера Краўцова ў самім аблвыканкаме ня стала беларускай мовы нават на шыльдах.
Місьцюкевіч: «Я яму сказаў наўпрост, што, пахадзіўшы па кабінэтах розных начальнікаў і паслухаўшы вас, у мяне склалася ўражаньне, што нашы дзяржслужбоўцы — „ветраўклонныя“. Магчыма, вам і не падабаецца гэта расейскае слова, але яно вельмі адпавядае рэчаіснасьці. Я запытаўся ў яго — на якой мове напісана шыльда на кабінэце Краўцова? Ён мне адказаў, што па-расейску. А я пытаюся — чаму так, калі ў Шапіры было напісана па-беларуску, і ў фае аблвыканкама структурная схема абласной улады была таксама напісана па-беларуску? Але адказу няма».
Няма адказу і на іншыя пытаньні, якія ставілі перад уладай неабыякавыя гарадзенцы. Гарадзенскія сябры «Гавары праўду» сабралі больш за сем тысяч подпісаў за тое, каб вуліцу Сьвярдлова, на якой жыў Васіль Быкаў, пераназвалі ў яго гонар і гэтым самым увекавечылі імя знакамітага пісьменьніка. Паводле актывіста Зьміцера Бандарчука, з гарвыканкама прыйшоў адказ, у якім гаварылася, што ў горадзе ўжо на працягу 15 гадоў дзейнічае мараторый на зьмену назваў вуліц.
Хацелі павесіць памятную шыльду на доме, у якім жыў Васіль Быкаў, але гарвыканкам не задаволіў просьбу з прычыны таго, што, маўляў, жыхары дома не далі згоды. Зьміцер Бандарчук кажа, што з тае пары ніхто гэтым болей не займаўся, праўда, гарадзенцы самі час ад часу ўзьдымаюць гэтую тэму на інтэрнэт-форумах.
Бандарчук: «Я ўзгадваю, як гэтыя 7 тысяч подпісаў былі сабраныя папросту на вуліцы: людзі не хадзілі па кватэрах, а ў зьбіралі подпісы цэнтры горада. І людзі падпісваліся з задавальненьнем, казалі, што гэта слушная справа. І цяпер, калі гэта тэма падымаецца ў інтэрнэце, я гляджу на камэнтары. Заўсёды бачна стаўленьне гарадзенцаў да гэтае асобы. Прычым, ставяцца па-добраму, паважаюць гэтага чалавека, бо ён праславіў Горадню, Беларусь на ўвесь сьвет. Таму я ўпэўнены, што большасьць гарадзенцаў хацелі б, каб у Горадні была і вуліца Быкава, і музэй, і помнік яму. Але нічога няма».
Некалькі гадоў таму актывісты Зэльвы сабралі подпісы больш чым у 60% жыхароў вуліцы Савецкай, каб пераназваць яе ў імя Ларысы Геніюш, якая жыла на гэтай вуліцы. Але паводле пісьменьніка Сяргея Чыгрына, які таксама зьбіраў подпісы, выканкам адмовіўся гэта рабіць, спаслаўшыся на ліст вэтэранаў, якія выступілі супраць гэтае ініцыятывы. Чыгрын распавядае, што на доме, дзе жыла Геніюш, усталявалі пазьней памятную шыльду, але яна правісела нядоўга.
Чыгрын: «А пасьля прыйшлі ідэолягі зь міліцыяй і ломікамі сарвалі гэтую шыльду і аддалі на захоўваньне ў мясцовы РАУС. Я пазьней прыяжджаў з Міхасём Скоблам да начальніка міліцыі. Ён сказаў: забірайце, толькі спачатку вазьміце дазвол у райвыканкаме».
Шыльду забралі, паводле Чыгрына, а вуліцы імя Ларысы Геніюш дагэтуль у Зэльве няма.