Міра Лукша
Віталь Воранаў, "Шэптам"/"Szeptem«, Беласток, 2014.
Цяпер чытачы могуць зьвяртацца ў таемных справах да шаптуна Віталя Воранава, які працуе за-МОВАЙ. Але хто чакае ад яго толькі гэтага — можа зьдзівіцца.
Віталь Воранаў — народжаны ў 1983 у Менску — беларускі перакладчык, літаратар, выдавец. Вучыўся ў школе № 2 у Глыбокім. У 1996 годзе разам з бацькамі эміграваў у Польшчу. Атрымаў сярэднюю адукацыю і міжнародны дыплём у Першым прыватным ліцэі ў Познані. Выпускнік Унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані і Ўнівэрсытэту імя Т. Г. Масарыка ў Брне. Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані. Заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопіса «Паэтычныя сшыткі» (Гнезна). Перакладае з ангельскай, чэскай і польскай моваў. Пераклаў на беларускую «У чаканьні Гадо» Сэмюэла Бэкета, «Віня-Пых» Алана Мілна. Піша прозу, вершы і п’есы. У 2013 годзе выйшаў зборнік яго апавяданьняў «Wielkie Księstwo Białoruś» («Вялікае княства Беларусь»). Займаецца і жывапісам.
Кніга «Шэптам» выклікала вялікае зацікаўленьне — сваёй тэмай, гераінямі, самім аўтарам. Прэзэнтацыя «Шэптам» у Беластоку, якая першапачаткова была заплянаваная ў кавярні «Mała Czarna», перанеслася ў самы апошні момант у мастацкую галерэю Сьляндзінскіх побач, бо народу прываліла нашмат болей, чым чакалі. Паслухаць пра таемныя сувязі Віталя з бабкамі-шаптухамі прыйшлі ня менш за сто чалавек.
Летась пісьменьнік, натхнёны Магдалінай Петручанкай (філёлягам, мастачкай і кіраўніцай фірмы «Xoroshe» ў Беластоку), задумаў кнігу пад назвай «Шэптам», атрымаў на яе стыпэндыю мэра гораду Беласток і некалькі месяцаў правёў на Падляшшы і Палесьсі, зьбіраючы матэрыял у якасьці чалавека, які пакутуе ад рознай немачы. Чаму так? Бо народныя вядуньні наогул ня хочуць гаварыць з чалавекам, які піша. Занадта падазроны тып. Сам як той чарадзей...
Зборнік «Шэптам» складаюць 18 тэкстаў, якія ўзьніклі на падставе матэрыялу, сабранага Віталем Воранавым падчас экспэдыцыі па беларуска-польскім памежжы.
«Гэтая кніжка была са мной, так бы мовіць, з самага пачатку, — прызнаўся аўтар падчас прэзэнтацыі ў Беластоку. — Кожны раз, калі ў хату заходзіла нейкая цётка і, убачыўшы мяне ў калысцы, забывалася тры разы сплюнуць, як патрабуе традыцыя, або сказаць пра мяне нешта адмоўнае, а замест гэтага пачынала абдорваць мяне непатрэбнымі камплімэнтамі, я тут жа пачынаў нясьцерпна галасіць і пераставаў есьці. Пасьля гэтага мая бабуля заўжды ішла па знаёмую бабку, каб тая мяне загаварыла. Шаптуха прыходзіла, запальвала зёлкі, па хаце расплывалася смуга пахучага дыму, і тады яна пачынала прыгаворваць: „Зоры-зарніцы, гасподнія памачніцы, прашу вас раньніх, позьніх, вячэрніх, дняўных пры цёмных кусточках, пры зялёных лісточках, каб Віталю не калола, не парола, каб яму пілося, і елася, і спаць хацелася“. Пасьля такіх замоваў, або так званага „выгрызаньня“ хваробы зубамі, я пераставаў плакаць і зноў пачынаў есьці, быццам нічога гэтага і не было».
Калі Віталь Воранаў плянаваў кнігу, ён марыў патрапіць туды, дзе веды пра знахарства ўсё яшчэ жывыя. Таму ня дзіва, што матэрыял ён зьбіраў на Падляшшы і Палесьсі.
«Задума пачала ажыцьцяўляцца пасьля майго вяртаньня з Амэрыкі, дзе я правёў два гады жыцьця, і пасьля маёй чарговай паездкі ў Беласток. Менавіта ў Беластоку я заглыбіўся ў атмасфэру народных забабонаў, якой у іншых месцах даўно ўжо няма», — кажа Віталь Воранаў.
Прэзэнтацыі кнігі адбываліся ў Беларусі, у Польшчы і нават у Саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Праходзілі яны пры тлумным зацікаўленьні публікі, якая, сярод іншага, хацела таксама ведаць, ці бабкі-шаптухі, якія працягваюць народную традыцыю лячэньня з дапамогай зёлак і замоваў-малітваў, займаюцца хрысьціянскім лекаваньнем, ці ўсё ж іхні таемны занятак бліжэйшы да паганства.
«Першыя накіды ўсіх тэкстаў кнігі былі зробленыя на Глыбоччыне, у вёсцы Вудзела, дзе я адпачываў пасьля экспэдыцый на Падляшша і Палесьсе і займаўся рамантаваньнем дзедавай хаты. Улетку я вырашыў паставіць экспэрымэнт наконт магчымасьці ператварэньня хаты дзяцінства ў творчую сядзібу, месца, дзе можна было б пісаць кнігі, — кажа аўтар. — Заадно я хачу падкрэсьліць, што гэтая кніга, гэты зборнік апавяданьняў — мастацкая літаратура, фікцыя. Сэрыю падарожжаў па падляскіх і палескіх вёсках я зрабіў выключна для натхненьня і лепшага азнаямленьня з тэмай вядзьмарства. Большасьць матэрыялу ня мае этнаграфічна-дакумэнтальнага характару. Але маім зборам матэрыялу цікавіліся і чыноўнікі, і ў мяне былі прыгоды з памежнікамі, якія, пачуўшы, чаго я еду ў Беларусь, адразу пачыналі раіцца са мной наконт лекаваньня народнай мэдыцынай».
Кніга Віталя Воранава «Шэптам» дзьвюхмоўная — так сказаць, арыгінал чытаецца «зь пярэдняй вокладкі», а польскі пераклад — «з задняй». Але паколькі гэтыя вокладкі розныя (глядзі здымак), «нячыстая сіла» спрычыніла, што некаторыя чытачы купілі па два асобнікі, думаючы, што купляюць розныя выданьні — адно па-польску, другое па-беларуску ;)