«Мы ня згодныя з санкцыямі. Я лічу, што гэта дарога, якая вядзе ў нікуды. Я прыхільнік пункту гледжаньня, што неабходны дыялёг, дыпляматыя, трэба сесьці за стол перамоваў і знайсьці рашэньні па буйных праблемах» — сказаў Алексіс Цыпрас у інтэрвію агенцтву ТАСС.
Цыпрас, які першапачаткова меркаваў наведаць Маскву ў траўні, перанёс свой візыт на 8 красавіка.
Палітычныя камэнтатары мяркуюць, што Грэцыя заігрывае з Масквой для таго, каб умацаваць сваю пазыцыю ў перамоўным працэсе па выплаце даўгоў міжнародным крэдыторам.
«Мы можам наладзіць супрацоўніцтва, якое дасьць Грэцыі магчымасьць экспартаваць сельскагаспадарчыя тавары ў Расейскую Фэдэрацыю. Вы ведаеце, што ў апошнія гады па гэтых адносінах быў нанесены ўдар, таму што ўлады ў маёй краіне не рабілі таго, што маглі б зрабіць, каб пазьбегнуць гэтай бессэнсоўнай палітыкі санкцый з-за напружанасьці ва Ўкраіне» — цытуе Цыпраса ТАСС.