Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы грэцкі ўрад мае трывалыя сувязі з расейскім «фашыстам» Дугіным


Аляксандар Дугін
Аляксандар Дугін

Эўрапейскія назіральнікі адразу зразумелі, што новы ўрад Грэцыі, які ўзначаліла леварадыкальная партыя «Сірыза», можа разбурыць кволую салідарнасьць ЭЗ у справе асуджэньня агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Паводле супрацоўніка Радыё Свабода Робэрта Коўлсана, працёк электроннай перапіскі выявіў даўнія сувязі партыі «Сірыза» са зьвязаным з Крамлём эўразійскім ідэолягам Аляксандрам Дугіным і алігархам Канстанцінам Малафеевым, які, як мяркуецца, фінансаваў сэпаратыстаў ва Ўкраіне.

Антон Шахаўцоў, які вывучае ўльтраправыя рухі ў Эўропе, заяўляе, што сымпатыі да Расеі з боку партыі «Сірыза» і яе партнэра па кааліцыі, правай партыі «Незалежныя грэкі», выходзяць далёка за межы нормаў, прынятых у Грэцыі.

«Прарасейскія настроі ў цэлым вельмі шырока распаўсюджаныя ў Грэцыі, — кажа Шахаўцоў. — Але што да гэтых дзьвюх партыяў — іх зьнешняя палітыка адкрыта і непрыхавана прарасейская. А той факт, што першыя кантакты новага прэм’ера Алексіса Цыпраса былі з расейскім амбасадарам у Грэцыі, верагодна азначаюць, што мовая ўлада спрабуе ўсталяваць больш шчыльныя кантакты з Расеяй».

Перахопленая перапіска

У сьнежні 2014 году расейская хакерская група «Шалтай-балтай» апублікавала цэлыя россыпы электроннай пошты Георгія Гаўрыша, блізкага сябра Дугіна, і супрацоўніка дугінскага эўразійскага руху. Зьмест шмат якіх лістоў Дугіна і Малафеева — намаганьні ў справе стварэньня кола эўрапейскіх палітыкаў і інтэлектуалаў, якія б сымпатызавалі Расеі.

Некалькі дзясяткаў лістоў складае электронная перапіска Гаўрыша з прадстаўнікамі «Сірызы», кажа Хрыста Грозеў, мэдыя-інвэстар і блогер, які спэцыялізуецца ў пытаньнях інфармацыі ва Ўсходняй Эўропе.

Перапіска сьведчыць пра «вельмі цеснае супрацоўніцтва» па пытаньнях стратэгіі, PR і гэтак далей, кажа Грозеў. Ён зазначае, што кансультанты «Сірызы» дасылалі «стратэгічныя мэмарандумы» з выкладам пазыцыі і палітыкі партыі Дугіну і Гаўрышу для атрыманьня камэнтароў і прпановаў.

Гаўрыш жыў у Грэцыі некалькі гадоў — да 2015 году. «Усе гэтыя гады ён, як выглядае, выступаў як агент Дугіна, шукаючы блізкіх па духу або падатных на ўплыў палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў у Грэцыі і ахапляючы іх дугінскім эўразійствам у супрацьвагу атлянтызму», — кажа Грозеў.

Падарожнікі

Адзін з фігурантаў перапіскі — Нікалас Лаос, грэцкі інтэлектуал і дарадца «Сірызы» зь дзелавымі кантактамі ў Расеі, партнэр расейскай фірмы карпарацыйнай бясьпекі R-Tekhno.

У адным з паведамленьняў ён піша Дугіну: «Я вельмі добра ведаю, як працуе вораг, і пад Вашым заступніцтвам я магу эфэктыўна і важка нанесьці ўдар у адказ».

Іншы ліст, як выглядае, тычыцца Панаса Каменаса, лідэра партыі «Незалежныя грэкі» і новапрызначанага міністра абароны Грэцыі. 25 кастрычніка 2014 года ўплывовы блогер Дзімітрыс Канстантакопулас (які, падобна, выступаў як стратэгічны кансультант «Сірызы») піша пра паездку ў Маскву, а празь месяц заснаваны ім інстытут падпісаў мэмарандум аб узаемаразуменьні з уплывовым Расейскім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў, які да 2009 году ўваходзіў у структуру расейскай Службы зьнешняй выведкі і цяпер знаходзіцца пад кіраўніцтвам генэрал-лейтэнанта ў адстаўцы Леаніда Рэшэтнікава.

Дугін таксама зьвязаны з новым міністрам замежных спраў Грэцыі Нікасам Коцыясам. У красавіку 2013 году Коцыяс — тады прафэсар ва ўнівэрсытэце Пірэй — запрасіў Дугіна, каб той выступіў зь лекцыяй аб міжнароднай палітыцы і эўразійстве. У той лекцыі Дугін заявіў, што Грэцыя ня мусіць далучацца да ўзначальванага Расеяй Эўразійскага саюзу, але павінна адыгрываць ролю «у аднаўленьні архітэктуры Эўропы» і стварыць «усходні полюс эўрапейскай ідэнтычнасьці» у рамках ЭЗ разам з Сэрбіяй і іншымі.

Фашысцкая дзейнасьць

Дугін займаецца такой дзейнасьцю па ўсёй Эўропе на працягу многіх гадоў, кажа Андрэас Умланд, прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі. «Ён цесна зьвязаны ўжо больш за 20 гадоў з самымі рознымі правымі інтэлектуаламі ў Францыі, Італіі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі», — кажа Умланд. «Ён чытае іх, яны чытаюць яго. Некаторыя зь ягоных кніг былі перакладзены. Гэта не зусім публічная дзейнасьць, яна больш палягае ў галіне выдавецкай, псеўда-навуковых колаў, інтэлектуальных колаў і элітнага дыскурсу».

Гэтыя намаганьні прыносілі мала вынікаў, пакуль Дугін не аб’яднаў свае сілы зь мільярдэрам Канстанцінам Малафеевым, кансэрватыўным праваслаўным расейскім нацыяналістам. 20 лютага 2014 г. Дугін піша Малафееву запіску, у якой вызначае ключавых патэнцыйных партнэраў у Заходняй Эўропе.

Дугін заахвоціў Малафеева стварыць элітны клюб палітыкаў, якія б падтрымлівалі «рускую лінію».

У канцы мая 2014 года, Дугін і Малафееў сустракаліся з прадстаўнікамі гэтых рухаў — у тым ліку актывістамі «Сірызы» — на патаемнай нарадзе ў Вене.

Па словах Шахаўцова, «там Дугін і Малафееў сустракаліся з прадстаўнікамі Аўстрыйскай партыі свабоды, баўгарскай партыі „Атака“, францускага Нацыянальнага фронту. Усё гэта крайне правыя партыі.»

«Такім чынам, яны спрабавалі ўжо разам, а ня толькі адзін Дугін, стварыць умовы для спрыяньня расейскай зьнешняй палітыцы», дадае Шахаўцоў.

Грозеў падкрэсьлівае, што няма прамых спасылак на тое, што Дугін або Малафееў фінансавалі альбо рабілі матэрыяльную падтрымку «Сірызе» ці нейкай іншай партыі. Тым ня менш, ён адзначае, што Дугін і Гаўрыш часта ўключаюць людзей, блізкіх да Малафеева, у сьпіс сваіх адрасатаў па электроннай пошце.

Адзін з паплечнікаў Малафеева, чыё імя часьцей за ўсё зьяўляецца сярод адрасатаў, Аляксей Комаў, праваслаўны бізнэсовец, прадстаўнік кансэрватыўнага Сусьветнага кангрэсу сем’яў. У лютым 2014 года Комаў выступіў з прамовай у Нацыянальным прэс-клюбе ў Вашынгтоне, дзе ён абвінаваціў «банкіраў Уол-стрыту» ў насаджэньні камунізму ў Расеі.

Грозеў кажа, што ён быў зьдзіўлены тым, колькі «містыцызму» ён бачыць у перапісцы паміж грэкамі і людзьмі Дугіна. Нікалас Лаос і Гаўрыш, у прыватнасьці, пастаянна кажуць пра нібыта масонаў «у грэцкім палітычным асяродзьзі, якія, па азначэньні, на іх думку, самыя вялікія ворагі расейскай лініі».

Дэталі гэтай ідэалёгіі цьмяныя і супярэчлівыя. Прафэсар Умланд апісвае сьветапогляд Дугіна як «радыкальную форме анты-заходніцтва», што ў канчатковым выніку зводзіцца да «фашысцкай праграмы».

«Ён фашыст, — кажа Умланд пра Дугіна, — Ён вызнае ідэалёгію, якая зводзіцца да адраджэньня расейскага народу як новай эўразійскай нацыі і да агульнай рэструктурызацыі і сусьветнай палітыкі, і расійскай ўнутранай палітыкі. У мінуўшчыне ён выхваляў SS. Ён робіць неадназначныя заявы пра Трэці Райх, пра італьянскі фашызм, нямецкі нацызм. Ён бачыць і сябе ў фашысцкай традыцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG