У сувязі з паведамленьнямі, якія зьявіліся ў расейскай прэсе аб намеры прэм’ер-міністра Нідэрляндаў Марка Рутэ прыехаць у Расею, карэспандэнт Радыё Свабода Соф’я Карніенка зьвязалася з прэс-службай прэм’ера і атрымала інфармацыю пра тое, што «прэмьер-міністар на сьвяткаваньне 9 траўня ў Маскву абсалютна дакладна не паедзе».
На пытаньне Свабоды, ці азначае гэта, што расейскія газэты схлусілі, супрацоўніца прэс-службы адказала:
"Я ня ведаю, ці можна гэта назваць наўмыснай хлусьнёй, але гэта — у любым выпадку няпраўда, таму што 9 траўня прэм’ер у Маскву не прыедзе".
Ці было дзесьці афіцыйна заяўлена, што прэм’ер-міністар ня мае намеру ехаць на сьвяткаваньне ў Маскву?
"Не, — адказала супрацоўніца прэс-службы прэм’ер-міністра Нідэрляндаў. — Спэцыяльна заяваў на гэты конт мы ня робім. Калі да нас зьвяртаюцца з такім пытаньнем, калі тэлефануюць журналісты, то мы адказваем, што прэм’ер ня едзе".
Праз гадзіну пасьля размовы карэспандэнта Радыё Свабода з прэс-службай прэм’ера, у вядучай нідэрляндзкай газэце NRC Handelsblad зьявілася нататка аб тым, што ўрадавая прэс-служба Нідэрляндаў абвяргае паведамленьні расейскіх СМІ пра тое, што прэм’ер Рутэ будзе прысутнічаць на сьвяткаваньні 9 траўня ў Маскве.
Газэта паведаміла, што не прыедуць ні прэм’ер, ні міністар замежных справаў, ні любыя іншыя члены ўрада. Пазьней у аўторак на дэбатах ў парлямэнце прэм’ер Рутэ асабіста пацьвердзіў сваю адмову ад удзелу ў маскоўскім сьвяткаваньні. Ён дадаў, што нейкі прадстаўнік ад Нідэрляндаў, магчыма, і паедзе, але не на ўзроўні ўраду.
Раней канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што ня будзе прысутнічаць на парадзе Перамогі ў Маскве 9 траўня, але наведае расейскую сталіцу днём пазьней.
Расея адзначае заканчэньне Другой сусьветнай вайны ў Эўропе 9 траўня, у той час як заходнія ваенныя саюзьнікі Савецкага Саюза адзначаюць яго 8 траўня.
Мала хто з заходніх лідэраў возьме ўдзел ва ўрачыстасьцях у расейскай сталіцы праз напружанасьць, якая склалася паміж Масквой і многімі краінамі сьвету ў выніку канфлікту ва Ўкраіне. Расея пацьвердзіла ў лютым, што сярод прысутных на парадзе Перамогі ў Маскве будзе паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын.
Памяць пра перамогу ў Другой сусьветнай вайне Ўкраіна будзе адзначаць у адзін дзень з Эўропай — 8 траўня. Такі ўказ апублікаваны 24 сакавіка на сайце прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Сьвята будзе называцца Днём памяці і прымірэньня і адзначацца штогод з мэтай годнага ўшанаваньня подзьвігу ўкраінскага народу, яго вялікага ўнёску ў перамогу антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусьветнай вайне. Украінскія прапановы рэзка раскрытыкавалі ў расейскай Думе. Так, прадстаўнік фракцыі «Адзіная Расея» Франц Клінцэвіч заявіў, што Ўкраіна шукае любую падставу, каб адмежавацца ад Масквы. Іншыя прадстаўнікі Думы кажуць, што афіцыйны Кіеў хоча абмежавацца ад перамогі, а таксама «зьмяніць сыстэму каштоўнасьцяў украінцаў».
«Не аплачвайце прэзыдэнту Зэману паездку ў Маскву» — з такой прапановай выступіла старшыня мандатнай камісіі чэскага парлямэнту Міраслава Немцава. Чэскі прэзыдэнт плянуе наведаць Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды 70-годзьдзя заканчэньня Другой усясьветнай вайны. Немцава, якая ў папярэднім скліканьні была старшынёй парлямэнту, лічыць, што Мілаш Зэман ня меў бы езьдзіць ў Маскву з-за сытуацыі ва Ўкраіне, а таксама з-за таго, што там плянуецца і прысутнасьць паўночна-карэйскага дыктатара Кім Чэн Ына.
Чэскі прэзыдэнт вядомы сваімі прарасейскімі сымпатыямі, ён добра гаворыць па-расейску. Прэзыдэнт Зэман са свайго боку спасылаецца на сустрэчы эўрапейскіх лідэраў з Пуціным у нарманскім фармаце і лічыць, што зь яго боку будзе дастаткова адной дыпляматычнай перасьцярогі — калі ў Маскве ён не падасьць руку Кім Чэн Ыну.