Сёньня ў Астане павінна адбыцца сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Казахстану і Расеі. Як паведамляе прэс-служба Крамля, акрамя абмеркаваньня пытаньняў эўразійскай інтэграцыі і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, плянуецца «абмен думкамі па актуальным міжнародным пытаньням, перш за ўсё сытуацыі ва Ўкраіне».
Учора Лукашэнка і Назарбаеў правялі двухбаковую сустрэчу, на якой было ўзнятае пытаньне нэгатыўнага ўплыву абвалу расейскага рубля на гандлёвае супрацоўніцтва ўнутры Эўразійскага эканамічнага саюза. «Да месца ваша запрашэньне (запрашэньне ў Астану — РС), спроба абмеркаваць гэтую сытуацыю і, калі трэба, прыняць рашэньне. Таму што нас гэта насьцярожвае. Тэмпы нэгатыўныя назапашваюцца, і многае залежыць тут ад Расейскай Фэдэрацыі, мы ўтрох павінны знайсьці выхад з гэтага становішча так, каб наш саюз апынуўся і далей прывабным, каб людзі бачылі, што ў нас станоўчая дынаміка, хоць бы ўнутры нашага саюза», — цытуе Лукашэнгку ягоная прэс-служба.
Сустрэча трох прэзыдэнтаў мелася адбыцца яшчэ 12–13 сакавіка, але, паводле крыніцаў з Казахстану, была скасаваная з прычыны хваробы Ўладзімера Пуціна. У Крамлі, аднак, зьвесткі пра хваробу Пуціна не пацьвердзілі.