Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск сабатуе малы памежны рух паміж Беларусьсю і Літвой


Каменны Лог. Чарга на беларуска-літоўскай мяжы, жнівень 2011 году.
Каменны Лог. Чарга на беларуска-літоўскай мяжы, жнівень 2011 году.

У МЗС Беларусі знайшлі адгаворку, чаму Менск дагэтуль сабатуе малы памежны рух паміж Беларусьсю і Літвой.

Абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі памежных пунктаў тлумачыць немагчымасьць запусьціць малы памежны рух паміж Беларусьсю і Літвой намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур’янаў.

Журналіст літоўскай газэты «Verslo Žinios» скарыстаў візыт спадара Гур’янава ў Літву і запытаўся:

«Пяць год таму падпісаная двухбаковая дамова аб спрашчэньні перасоўваньня для тых, хто пражывае за 50 і меней кілямэтраў ад мяжы. Але яна дагэтуль не пачала працаваць. Літва ўсе неабходныя працэдуры ўжо выканала і цяпер чакае рашэньня беларускага боку. Калі можна чакаць, што гэтае пагадненьне ўступіць у сілу?»

Беларускі чыноўнік на гэта адказаў:

Мы хочам, у першую чаргу, вырашыць тэхнічныя пытаньні прапускной здольнасьці на пераходах празь мяжу. І толькі пасьля гэтага рэалізаваць гэтую дамову

«Адна з асноўных рэчаў, якія перашкаджаюць нам запусьціць гэтую сыстэму, — фізычныя магчымасьці нашых памежных пунктаў, якія абмежаваныя для абслугоўваньня вялікай колькасьці турыстаў.

Ужо некалькі гадоў дзейнічае аналягічнае пагадненьне Беларусі з Латвіяй, якое закранае каля 200 000 чалавек па абодва бакі мяжы. Тут таксама сутыкаемся з тэхнічнымі праблемамі пропуску на мяжы. А пагадненьне зь Літвой закране прыкладна 1,4 мільёна чалавек. Яно ахоплівае Вільню, з аднаго боку, і Горадню — з другога. І хоць пунктаў памежнага пераходу зь Літвой у некалькі разоў болей, чым з Латвіяй, аднак іх патэнцыял не такі, каб яны маглі абслугоўваць такую колькасьць патэнцыйных турыстаў.

Таму мы хочам, у першую чаргу, вырашыць тэхнічныя пытаньні прапускной здольнасьці на пераходах празь мяжу. І толькі пасьля гэтага рэалізаваць гэтую дамову».

«У гэтых выказваньнях намесьніка міністра замежных спраў Беларусі няма лёгікі», — лічыць намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, які вывучае праблемы памежнага руху:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Калі мы возьмем падобныя пагадненьні паміж, напрыклад, Польшчай і Расеяй альбо Польшчай і Ўкраінай, то там ніхто не глядзеў на брак адпаведнай інфраструктуры. Спачатку ўводзілі ў дзеяньне пагадненьне, а ўжо пасьля падганялі пад яго інфраструктуру. І гэта — нармальна.

А ў дадзеным выпадку віцэ-міністар робіць добрую міну пры кепскай гульні. Кепскай таму, што беларускія ўлады хочуць шантажаваць ня толькі ўрад Літвы, але і ўрад Польшчы. З палякамі адпаведнае пагадненьне таксама падрыхтаванае, нават крыху раней, чым зь літоўцамі. Аднак і яно дагэтуль ня дзейнічае. Хоць грамадзяне і Польшчы, і Літвы, і Беларусі зацікаўленыя, каб пагадненьні аб малым памежным руху як мага хутчэй уступілі ў дзеяньне.

У рамках кампаніі „Народны рэфэрэндум“ мы праводзім грамадзкія слуханьні якраз па гэтых праблемах — пра бязьвізавую прастору і малы памежны рух грамадзян Беларусі з суседнімі краінамі. І відавочна, што ў дадзеным выпадку віна ляжыць менавіта на ўладах Беларусі, якія робяць усё, каб не дазволіць беларусам часьцей выяжджаць за мяжу і больш супрацоўнічаць з суседзямі з эўрапейскіх краінаў.

Напрыклад, нават тое пагадненьне з Латвіяй, якое згадвае намесьнік міністра, дзейнічае больш на карысьць грамадзянаў Латвіі, чым Беларусі. Чаму? А таму, што грамадзянам Беларусі, паводле нашага ўнутрыбеларускага заканадаўства, патрэбна зрабіць вельмі шмат усялякіх адміністрацыйных працэдураў, каб урэшце атрымаць спэцыяльны дазвол на перасячэньне мяжы. Такія сьпісы складаюцца мясцовымі ўладамі. Затым яны ідуць у Віцебскі аблвыканкам. Пасьля іх зацьвярджаюць. Карацей, ствараюцца самыя розныя бюракратычныя перашкоды дзеля таго, каб беларусы не маглі свабодна езьдзіць па сьвеце і сустракацца з жыхарамі суседніх эўрапейскіх краінаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG