Эканамічны суд Менску дазволіў Ігару Логвінаву выплаціць штраф у растэрміноўку цягам двух месяцаў.
Пра гэта выдавец Ігар Логвінаў паведаміў карэспандэнту Свабоды.
«Мы падавалі хадайніцтва аб адтэрміноўцы штрафу. Нам далі растэрміноўку на два месяцы роўнымі часткамі. Нам проста далі час дазьбіраць гэтыя грошы. Мы амаль што ўсю патрэбную суму сабралі, не хапае некалькі тысячаў. Зараз прыедзем у Менск і будзем разьбірацца. Але ў нас няма іншага выйсьця, бо калі не разьлічымся, у нас усё забяруць», — сказаў Логвінаў.
То бок, казаць пра нейкія паслабленьні з боку ўладаў не даводзіцца, адзначыў выдавец.
Эканамічны суд Менску 9 студзеня 2015 года пастанавіў, што за гандаль безь ліцэнзіі «Кнігарня Логвінаў» павінна заплаціць штраф і вярнуць «незаконны прыбытак». Агулам гэта 967 мільёнаў рублёў. У 2014 годзе кнігарня шэсьць разоў безвынікова спрабавала атрымаць рэгістрацыю на гандаль кнігамі.
Да збору сродкаў для пагашэньня запазычанасьці далучылася грамадзкасьць у Беларусі і за мяжой.
Да прыкладу, творчая супольнасьць Беларусі і Польшчы запусьціла інтэрнэт-аўкцыён auction.savelohvinau.club у падтрымку выдавецтва «Логвінаў», на якім свае працы выставілі многія беларускія мастакі. Сродкі, атрыманыя ад продажу лётаў, пералічваліся непасрэдна на дабрачынны рахунак прадпрыемства.