Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія нацыяналісты: Віцебск, Магілёў і Гомель былі перададзеныя Беларусі незаконна

абноўлена

Нацыяналістычны расейскі рэсурс «Спутник и погром» апублікаваў артыкул, у якім ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасьць цяперашняй беларускай дзяржавы, — піша Беларускі Партызан.

Аўтар — Кірыл Авяр’янаў-Мінскі — у сваёй публікацыі адзначае, што беларуская дзяржава — гэта штучнае фармаваньне, сабранае са спрадвечна рускіх зямель.

«Усе ведаюць, што ў 1954 годзе Крым незаконна перадалі са складу Расейскай СФСР ў склад Украінскай ССР, многія чулі, што ў 1918 годзе да Савецкай Украіны далучылі тэрыторыю Данецка-Крывароскай Савецкай Рэспублікі, аднак мала каму вядома, што ў 1920-х гадах у склад Беларускай ССР сілком загналі Віцебшчыну, Магілёўшчыну і Гомельшчыну, якія раней належалі РСФСР. Віцебск, Магілёў і Гомель былі перададзеныя Савецкай Беларусі як мех бульбы», — піша аўтар на нацыяналістычным сайце. І прыводзіць мапу земляў, якія Беларусь, на яго думку, атрымала незаслужана, «як мех бульбы».

Сутнасьць публікацыі зводзіцца да таго, што беларусаў ніколі не было ва ўсходняй частцы краіны, а калі і былі нейкія беларусы, то яны даўно страцілі сваю беларускую ідэнтычнасьць: мову і культуру. Аўтар падводзіць ідэалягічную базу да таго, што неабходна перагледзець сучасныя межы. Падобным чынам пачыналася вайна Расеі супраць Украіны год таму.

«У апошні час улады экс-БССР старанна раскручваюць махавік „беларусізацыі“, ва ўпор ня бачачы, да чаго падобная палітыка прывяла экс-УССР. Мабыць, прэзыдэнт Лукашэнка разьлічвае на тое, што сёньня ў Крамлі сядзяць дакладна такія ж савецкія многанацыяналы, як у 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. Такі разьлік, безумоўна, не пазбаўлены разумных падставаў. Але ня ўсё так адназначна», — піша аўтар.

Ён таксама публікуе мапу таго, як «несправядліва» ўзбуйнялі Беларусь.

У артыкуле сьцьвярджаецца, што «ў бліжэйшы час у Расеі будзе прыняты закон аб неправамернасьці перадачы Крыму Савецкай Украіне ў 1954 годзе». Зыходзячы з гэтага паўстане пытаньне і ўсходніх зямель Беларусі, бо «заходнія губэрні РСФСР былі перададзеныя Савецкай Беларусі ні кроплі ня больш правамерна».

«Калі тав. Лукашэнка будзе ўпарціцца ў самастойнай „ерасі“, нельга выключаць зьяўленьня народных рэспублік на ўсходзе (а потым, магчыма, і на захадзе) сёньняшняй РБ з наступным прызнаньнем незаконнасьці бальшавіцкіх падарункаў, зробленых БССР у 1924 і 1926 гадах», — паведамляе аўтар у артыкуле.

Беларускі гісторык Уладзімір Ляхоўскі пярэчыць. Паводле яго словаў, Віцебшчына, Магілёўшчына і Гомельшчына ніколі не належалі Расеі.

«З гістарыяграфічнага, гістарычнага, этнаграфічнага пункту гледжаньня казаць, што Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына — гэта частка Расеі, не выпадае. На пачатку 1920-х гадоў рэспубліка была слабая, малажыцьцяздольная. І, канечне, галоўная мэта была — узбуйненьне рэспублікі за кошт усходніх этнаграфічных тэрыторый Беларусі. Ня ўсё тады ўдалося, але і зараз, калі вы наведаеце Браншчыну, усходнія раёны Смаленшчыны, пачуеце, што там дагэтуль людзі размаўляюць не па-расейску, а на беларускай трасянцы.

Уладзімер Ляхоўскі
Уладзімер Ляхоўскі

І ні зь якога пункту гледжаньня — ні з палітычнага, ні з этнаграфічнага — нельга казаць, што гэта была тэрыторыя Расеі. Ніколі. Асабліва ў 1920-я гады, калі большасьць насельніцтва складалі сяляне, і яны карысталіся беларускай мовай. Проста ня ўсе паветы, якія тады дамагаліся далучыць да БССР беларускія нацыянал-камуністы, былі аддадзеныя ў склад БССР.

Тым ня менш, мы павінны ім падзякаваць, бо яны зрабілі калясальную рэч — дамагліся ад Крамля, ад Саюзнага кіраўніцтва далучэньня гэтых тэрыторый да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Рэсурс «Спутник и погром» лічыцца ідэалягічным рупарам расейскіх нацыяналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG