Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчыракова: Калі за кожны сюжэт будзе па 500 даляраў штрафу, то працаваць я ня буду


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова не спадзяецца на справядлівае разьбіральніцтва па яе адміністрацыйнай справе. Інтэрвію перад судом.

«Ніякіх чаканьняў ад суда ў мяне няма, бо я ведаю, што такое беларускі суд. Безумоўна, гэта ўсё высмактана з пальца, і той артыкул, паводле якога мяне абвінавачваюць, прыцягнуты за вушы. Пра гэта я буду казаць, буду спрабаваць пераканаць суд, але там ня будзе справядлівага разьбіральніцтва, таму неістотна, якія довады я буду прыводзіць. Я перакананая, што рашэньне па мне ўжо прынятае», — адзначыла Шчыракова ў інтэрвію Радыё Свабода.

Супраць гомельскай журналісткі складзеныя ўжо тры адміністрацыйныя пратаколы — адзін у Гомелі і два ў Рэчыцы. Чаму праваахоўнікі праяўляюць такую актыўнасьць менавіта ў дачыненьні да яе, Шчыракова ня ведае.

«Можа, таму што матэрыялы былі сацыяльна завостраныя? Магчыма. Таму што калі былі часы дабрабыту, то гэта было нястрашна, калі ўздымаліся сацыяльныя праблемы. Але цяпер я ведаю, што ёсьць устаноўка для ўсіх СМІ пра крызіс не пісаць. А я гэта асьвятляла актыўна, і мне зробленае такое папярэджаньне: пра сацыяльна значныя праблемы нічога не рабіць», — разважае журналістка.

Шчыракова пакуль ня можа дакладна сказаць, як паўплывае на яе далейшую працу перасьлед з боку ўладаў. Але яна не выключае, што ёй давядзецца адмовіцца ад журналісцкай працы:

«Ведаеце, усё будзе залежыць ад таго, ці будзе перасьлед працягвацца. Зразумела, калі за кожны сюжэт будзе па 500 даляраў штрафу, думаю, што працаваць я ня буду, бо ў такіх умовах працаваць немагчыма. Можа, я перастану рабіць нейкія сацыяльна завостраныя матэрыялы і буду рабіць толькі пра выставы. Ня ведаю. Насамрэч, я звычайны чалавек, у мяне сям’я, мне хочацца спакойнага жыцьця, а не хадзіць празь дзень у міліцыю, а потым у суд», — распавяла яна.

Сёньня ў Гомелі ў судзе Цэнтральнага раёну пачынаецца разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі Ларысы Шчыраковай. Яе абвінавачваюць у працы на замежны СМІ без акрэдытацыі.

Cуд адбудзецца на падставе адміністрацыйнага пратаколу, які быў складзены супраць журналісткі 8 сакавіка ў Гомелі. 10 сакавіка Шчыракову выклікалі ў Рэчыцкі РАУС, дзе ў дачыненьні да яе склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы нібыта за парушэньне артыкулу 22.9 КаАП — «Парушэньне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG