«У 2014 годзе беларускі бізнэс стаў закладнікам надзвычай складаных зьнешніх абставінаў і супярэчлівых дзеяньняў органаў дзяржаўнага кіраваньня. Сьціплыя, непасьлядоўныя крокі насустрач бізнэсу ў сфэры рэгуляваньня розных парамэтраў дзелавога клімату на працягу году не маглі нэўтралізаваць фінансавы і валютны ўдар сьнежня 2014 г. Увядзеньне татальнага цэнавага рэгуляваньня ў розьнічным гандлі і грамадзкім харчаваньні пагоршыла сытуацыю. Слабая тэндэнцыя паляпшэньня макраэканамічнай сытуацыі ў 2012-м і першай палове 2014-га гг. была павернутая назад пасьпешлівымі рашэньнямі, якія ня ўлічваюць усёй складанасьці сытуацыі», — гаворыцца ў праекце Нацыянальнай плятформы бізнэсу.
Гэты дакумэнт падрыхтаваны дзелавой грамадзкасьцю Беларусі і павінен быць разгледжаны сёньня на XVI Асамблеі дзелавых колаў.
Дырэктар аналітычнага цэнтру Саюзу юрыдычных сіл «Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва» Анатоль Зьмітровіч заявіў Радыё Свабода, што ў 2014 годзе паміж уладай і бізнэсам не было дыялёгу, улада праявіла поўнае неразуменьне праблемаў бізнэсу.
Дырэктыва прэзыдэнта № 4 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньні дзелавой актыўнасьці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 2010 году дагэтуль не рэалізаваная, але на яе падставе прадпрымальнікам працягваюць даваць абяцаньні, кажа Зьмітровіч:
Бізнэс ужо гэтаму ня верыць. Было дастаткова часу, амаль 5 гадоў, каб дырэктыва № 4 запрацавала і была выкананая.
«Бізнэс ужо гэтаму ня верыць. Было дастаткова часу, амаль 5 гадоў, каб дырэктыва № 4 запрацавала і была выкананая. Яна сёньня выканана ўсяго толькі на 20–25%. Бізнэс лічыць, што ўдасканаленьне дырэктывы № 4 прывядзе толькі да ўдасканаленьня мэтадаў яе невыкананьня ў далейшым. На сёньня ў саміх чыноўнікаў няма зацікаўленасьці разьвіваць прыватны бізнэс».
«Чаму наша ўлада ня хоча разьвіваць бізнэс? Таму што ён будзе адціскаць чыноўнікаў ад кіраваньня таварнымі і фінансавымі патокамі. І так у нас звужаецца рынак розьнічнага і аптовага гандлю, зьнешні рынак, а тут яшчэ бізнэс будзе ўплываць на разьмеркаваньне гэтых патокаў. Таму гэтым кланам, якія кіруюць таварнымі патокамі, мы не патрэбныя. І гэта вельмі вялікая памылка нашых уладаў. Буйнатаварная вытворчасьць ужо вычарпала свой рэсурс, а пункты росту ад бізнэсу не выконваюць сваіх функцыяў, таму што яны вельмі моцна адміністраваныя. Разьвіваць бізнэс у нашай краіне вельмі складана», — кажа Зьмітровіч.
Паводле слоў дырэктара аналітычнага цэнтру, улады зьвяртаюць увагу на праблемы прадпрымальнікаў толькі падчас прэзыдэнцкіх выбараў, а пасьля палітычных кампаніяў цікавасьць да разьвіцьця дзелавой сфэры падае:
Зварот увагі да бізнэсу адбываецца цыклічна — па 5-гадовых цыклях, зьвязаных з выбарамі прэзыдэнта.
«Зварот увагі да бізнэсу адбываецца цыклічна — па 5-гадовых цыклях, зьвязаных з выбарамі прэзыдэнта. Дырэктыва № 4 была строга пад выбары 2010 году, але яе ня выканалі. Цяпер зноў выцягваюць гэты засохлы пернік і паказваюць прадпрымальнікам, што трэба зноў працаваць над гэтай дырэктывай. Але бізнэс ужо гэтаму ня верыць. Дастаткова было выканаць дырэктыву № 4, і бізнэс, я ўпэўнены, быў бы сёньня на іншай прыступцы разьвіцьця», — кажа ён.
У праекце Нацплятформы бізнэсу таксама адзначаецца, што разьвіцьцё эўразійскай інтэграцыі прывяло да нэгатыўных наступстваў для беларускага бізнэсу:
«Уступленьне Беларусі ў Эўразійскі эканамічны саюз суправаджалася рэзкім пагаршэньнем умоў гандлю з Расеяй. Чарговы міжнародны дагавор пакуль не прынёс Беларусі базавыя чатыры свабоды інтэграцыі — перамяшчэньня тавараў, паслуг, грошай і працоўнай сілы. Па многіх таварных пазыцыях назіраецца рост колькасьці нетарыфных бар’ераў».
Зьмітровіч зьвязвае гэтую сытуацыю ў першую чаргу з тым, што дагэтуль няма рэальнай уніфікацыі заканадаўства Расеі і Беларусі:
«Трэба спачатку прымаць заканадаўчую базу, уніфікаваць яе, а потым пераносіць гэтыя законы на рэальную эканоміку. А ў нас адбываецца ўсё з дакладнасьцю да наадварот, воз ставіцца паперадзе каня. У прадпрымальнікаў патрабуюць сэртыфікаты Мытнага саюзу і дэклярацыі, а расейскія прадпрымальнікі працуюць яшчэ па старых нацыянальных сэртыфікатах. І так ва ўсім. Таму пакуль ня будзе ўніфікацыі заканадаўства, казаць пра нейкую гарманізацыю адносін не выпадае», — падкрэсьлівае экспэрт.
Зьмітровіч кажа, што Беларусь адстае ад Расеі ў пляне разьвіцьця прыватнага бізнэсу, бо ў Расеі да прыватнага бізнэсу ставяцца больш ляяльна:
Напрыклад, у Расеі да 2017 году вызвалілі бізнэс ад праверак сэртыфікатаў і дэклярацыяў, ад зьменаў у падатковым заканадаўстве.
«Напрыклад, у Расеі да 2017 году вызвалілі бізнэс ад праверак сэртыфікатаў і дэклярацыяў, ад зьменаў у падатковым заканадаўстве. А адкуль у прадпрымальнікаў Беларусі зьявяцца дакумэнты, якіх, напрыклад, патрабуе ўказ № 222? Мы прыйшлі ў тупік, рынкі ўсе стаяць», — канстатуе ён.
Прагнозы на далейшае разьвіцьцё падзеяў у 2015 годзе ў прадпрымальнікаў несуцяшальныя:
«Індэкс дзелавога аптымізму ідзе ўніз. Адсоткаў 60 прадпрымальнікаў ня вераць у дыялёг улады і бізнэсу, ён недастатковы. Таму аптымізму ў нас няма», — кажа Зьмітровіч.