Украінская лётчыца галадае ўжо больш за 80 дзён, яе адвакат гаворыць, што органы жанчыны могуць адключыцца ў любы момант.
4 сакавіка Басманны суд Масквы павінен разгледзець скаргу абароны Надзеі Саўчанкі на адмову сьледзтва прызнаць яе імунітэт як дэлегаткі ПАРЭ, і ў сувязі з гэтым зьмяніць ёй меру стрыманьня. Паводле словаў адваката Марка Фэйгіна, выпадак зь іншым украінскім дэлегатам ПАРЭ Аляксеем Ганчарэнкам, якога на днях затрымалі ў Маскве, але потым вызвалілі ўлічваючы яго імунітэт, мог бы паўплываць на сытуацыю. Зрэшты, абаронца не выключае, што пазыцыя суда, які ўжо неаднаразова адмаўляў у вызваленьні Надзеі Саўчанка з-пад варты, застанецца нязьменнай.
«Што да яе статусу, то па-за ўсякім сумневам яна валодае статусам дэлегата ПАРЭ. Імунітэтам яна валодае ў адпаведнасьці са статутам ПАРЭ. А перадумовы разгляду наступныя. На днях быў затрыманы дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка. Гэта вельмі цікавы выпадак, таму што пасьля затрыманьня яго ў той жа дзень адпусьцілі. І нават адміністрацыйны матэрыял складзены на яго раніцай наступнага дня адкінулі і нават адмянілі суд па разглядзе яго справы.
А здарылася так, верагодна, менавіта таму, што Ганчарэнка зьяўляецца дэлегатам ПАРЭ ад Украіны. Такім чынам, лягічна зрабіць падобную экстрапаляцыю і ў дачыненьні да яшчэ аднаго дэлегата ПАРЭ — Надзеі Віктараўны Саўчанкі. Яе прававы статус нічым не адрозьніваецца ад статусу дэлегата Ганчарэнкі. У адным выпадку Ганчарэнку адпусьцілі, паколькі яго імунітэт прыроўнены да дыпляматычнага... Вядома, гэта не адзіная аргумэнтацыя, якая будзе абмяркоўвацца ў Басманным судзе...
Улічваючы, што наступная сэсія ПАРЭ, у якой яна павінна прыняць удзел у якасьці дэлегата, адбудзецца ў красавіку, то суду так ці інакш прыйдзецца вырашыць: ці прызнае Расея як краіна-ўдзельніца ПАРЭ, гэтыя імунітэты і прывілеі, у якіх сама ж удзельнічае. Расея мае сваю парлямэнцкую дэлегацыю ў ПАРЭ, якая хоць і пазбаўленая голасу, не пазбаўленая паўнамоцтваў і ўдзельнічае ў гэтым органе, хай нават і з урэзанымі правамі. Таму гэты суд фактычна вызначыць лёс сяброўства Расеі ў Радзе Эўропы. Я так гэта расцэньваю. Якім будзе рашэньне — я ня ведаю. Я па натуры скептык і не выключаю, што ўсё застанецца так, як ёсьць«,— зазначыў Свабодзе адвакат Саўчанкі Марк Фэйгін.
Паводле яго слоў у справе Надзеі Саўчанкі, акрамя прававога, ёсьць відавочны палітычны складнік:
«Думаю, гэты палітычны складнік становіцца ўсё больш вызначальным. На днях расейскі бок камэнтаваў перамовы ў нармандзкім фармаце і апасродкавана прызнаў, што размова пра
палітычны складнік становіцца ўсё больш вызначальным
Саўчанку была. Паколькі прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі заявіў, што гэта не ў кампэтэнцыі прэзыдэнта, а выключна кампэтэнцыя сьледзтва — мера стрыманьня для Саўчанкі. Так ці інакш, расейскі бок прызнае, што пытаньне ўзьнялі на самы высокі палітычны ўзровень, і рашэньне шукаюць ня толькі на працэсуальным узроўні. Так ці інакш, гэтае пытаньне будзе вырашана палітычна — гэта для мяне несумненна».
Надзея Саўчанка галадае ўжо больш за 80 дзён, паведаміў адвакат:
«Стан яе павольна пагаршаецца — гэта канстатуюць лекары, якія яе абсьледуюць. Іншая справа, што яе стан непрадказальны — бо ў любую хвіліну нейкі з органаў можа адключыцца, таму што працуюць яны зараз няправільна. Таму я б устрымаўся ад таго, каб гаварыць пра пэрспэктывы, а яе цяперашні стан, на мой погляд, нездавальняючы».
Учора са спасылкай на адваката Фэйгіна зьявілася інфармацыя пра тое, што Надзея Саўчанка гатовая адмовіцца ад галадоўкі.
«Думаю, некаторыя выдаюць жаданае за сапраўднае. Мяне заклікаюць пераканаць яе спыніць галадоўку мноства людзей. Гэтыя размовы адбываюцца пастаянна. Улічваючы тое, што яе ўзнагародзілі высокім званьнем Героя Ўкраіны, то гэта стала аргумэнтам з майго боку, што яна ўжо ня можа выключна па сваім меркаваньні распараджацца сваім здароўем і жыцьцём, паколькі такое прызнаньне яе заслуг — гэта пэўны аванс з боку ўкраінскага грамадзтва, каб яна працягнула барацьбу ў новай якасьці. Яна паабяцала мне падумаць пра гэта сур’ёзна. Цяпер яна галадоўку ня спыніла, але гэта некаторы прагрэс».