Санкцыі ЗША ў дачыненьні да Беларусі будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя ўмовы для іх адмены, заявіў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Эрык Рубін у інтэрвію кампаніі БелаПАН і парталу tut.by.
Санкцыі, якія ў адпаведнасьці з нашым заканадаўствам уведзеныя з-за сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у дачыненьні да Беларусі, працягваюць дзейнічаць і будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя ўмовы, пры якіх магчымая іх адмена
«Санкцыі, якія ў адпаведнасьці з нашым заканадаўствам уведзеныя з-за сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у дачыненьні да Беларусі, працягваюць дзейнічаць і будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя ўмовы, пры якіх магчымая іх адмена», — сказаў ён.
Пры гэтым Рубін падкрэсьліў: ЗША лічаць важным працягваць працу над паляпшэньнем адносін зь Беларусьсю, нягледзячы на тыя рознагалосьсі, якія існуюць па некаторых пытаньнях, у прыватнасьці ў сфэры правоў чалавека.
«У ходзе абмеркаваньня з прадстаўнікамі беларускіх уладаў мы маглі згаджацца, маглі разыходзіцца ў поглядах, але мы сышліся на думцы, што трэба працягваць працу па пошуку рашэньняў, — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпу. — Мы лічым, што разьвіцьцё адносін паміж ЗША і Беларусьсю, падтрымка незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, падтрымка эканамічнага росту, гандлю, стварэньня працоўных месцаў не ўваходзяць у канфлікт з тымі сфэрамі, у якіх у нас існуюць рознагалосьсі. На самой справе мы лічым, што паляпшэньне адносін паміж ЗША і Беларусьсю ў праблемных сфэрах можа пазытыўна паўплываць на ўсе сфэры».
Эрык Рубін адмовіўся назваць колькасьць беларускіх чыноўнікаў, унесеных у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЗША.
Што тычыцца візавых абмежаваньняў, якія ўведзеныя паводле амэрыканскага заканадаўства ў сувязі са станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, то заканадаўства не дазваляе мне называць ні імёны, ні колькасьць гэтых людзей.
«Што тычыцца візавых абмежаваньняў, якія ўведзеныя паводле амэрыканскага заканадаўства ў сувязі са станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, то заканадаўства не дазваляе мне называць ні імёны, ні колькасьць гэтых людзей. Але я хачу падкрэсьліць: мы б хацелі, каб гэтыя абмежаваньні былі адмененыя, а дзеля гэтага неабходны прагрэс у вырашэньні праблемаў, адзначаных у заканадаўстве. Гэта зрабіла б магчымым далейшае паляпшэньне адносін», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
Ён дадаў, што сваю палітыку санкцыяў у дачыненьні да Беларусі ЗША каардынуюць з ЭЗ.
«Наша палітыка ў гэтым пытаньні каардынуецца з Эўразьвязам. Мы дамовіліся, што будзем выпрацоўваць сумесны падыход у сваіх адносінах зь Беларусьсю ў розных галінах», — падкрэсьліў Рубін.
Намесьнік памочніка дзяржсакратара па справах Эўропы і Эўразіі наведаў Менск 26–28 лютага. Ён сустрэўся з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, а таксама прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і сваякамі палітвязьняў.