Паўднёва-Ўсходняя Азія дружна акунулася ў атмасфэру аднаго з найбольш любімых сьвятаў — Новага году паводле кітайскага календара.
Бліжэйшыя тыдні разам з тамтэйшым людам адзначае надыход году Казы, або Авечкі, і 18-гадовы Міхась Лысюк — адзіны беларускі навучэнец сеткі Каледжаў Аб’яднанага Сьвету (United World College) у Сынгапуры. Ягоныя ўражаньні ад гораду-краіны, які менш чым за паўстагодзьдзя адолеў шлях ад паднявольнай калёніі да тэхналягічнага флягмана, запісаў Ігар Карней.
«South East Asia», дзецішча бацькі сынгапурскіх рэформаў
У каледж «South East Asia» Міхась Лысюк паступіў летась, прайшоўшы праз шчыльнае сіта адбору нацыянальных камітэтаў UWC. Установа гэтая знакавая хоць бы таму, што ў 1970-х была заснаваная пэрсанальна айцом сынгапурскіх рэформаў Лі Куан Ю. Цяпер гэта самая вялікая з паўтара дзясятка аналягічных школаў па ўсім сьвеце і адна з самых прэстыжных.
За сьпінаю ў Міхася — акурат экватар першага курсу. Можна нават крыху расслабіцца, бо мясцовая завядзёнка падаравала пазачарговыя вакацыі з нагоды ці ня самага шанаванага сьвята, прычым як у дзяцей, так і ў дарослых, — Новага году паводле кітайскага календара:
«Кітайскі Новы год — гэта сьвята, якое глябальна сьвяткуецца ўсім Сынгапурам. Напрыклад, Раство ці звычайны Новы год, эўрапейскі, як яго прынята тут называць, — так, яны адзначаюцца, да іх рыхтуюцца, але гэта не такое маштабнае сьвята, бо няма ні выходных, нічога такога адметнага. Звычайныя дні. Зрэшты, для нас, студэнтаў, і кітайскі Новы год ня мае асаблівага размаху, бо на вакацыі выдзелены ўсяго тыдзень. Насамрэч недастаткова, каб кудысьці паехаць, выбрацца ў суседнія краіны. Таму гэты час пакуль адпачываем. Таксама ёсьць магчымасьць нешта дагнаць па вучобе. То бок тыдзень збольшага рэляксыйны».
Ці ўдалося за прамінулыя паўгода неяк ацаніць прычыны радыкальнага пераўвасабленьня аднаго з самых пасьпяховых «азіяцкіх тыграў»? Ці сапраўды Сынгапур — гэта «космас» у параўнаньні зь беларускімі рэаліямі?
«Ну, я б не сказаў, што гэта цалкам іншы сьвет. Такое адчуваньне, што каб я трапіў, напрыклад, у Кітай ці ў Індыю, то быў бы больш шакаваны. У Сынгапуры на чале ўсяго стаяць усё ж эўрапейскія стандарты, таму ня надта складана прыстасавацца да мясцовых рэаліяў, да рэчаў, да якіх ставяцца з большай павагай, чым у нас, і г.д. Іншымі словамі, я ня быў уражаны да такой ступені, каб быць шакаваным. Мне не спатрэбілася месяцаў, каб адаптавацца. Уладкаваўся досыць спакойна. Не было чагосьці такога, што мяне капітальна ўразіла, апрача, мабыць, таго, што ў першы ж дзень я ледзь не загінуў пад коламі аўтамабіля. Рух тут левабаковы, а я калі ўпершыню пераходзіў вуліцу, проста не зьвярнуў на гэта ўвагі. Той выпадак, калі трэба пра гэта памятаць і быць асьцярожным. Але, у прынцыпе, мясцовыя кіроўцы падрыхтаваныя, што ў Сынгапуры турыстаў заўсёды хапае — я сам бачыў людзей, якія на арандаваных машынах выяжджалі на не сваю паласу. Таму ўсе ўсё разумеюць».
Даводзіцца прыкладаць намаганьні, каб «разьвесьці» Беларусь з Расеяй
Цікаўлюся ў Міхася, ці гатовы ён трапіць у гісторыю як ці ня першы беларускі студэнт, які навучаецца ў Сынгапуры?
«Напэўна, у гісторыю каледжа UWC, хутчэй за ўсё, я сапраўды траплю. Бо, наколькі я даведаўся, беларусы ўсё ж навучаюцца ў Сынгапуры, гэтае месца даволі папулярнае. Прыкладам, пасьля заканчэньня менскага Ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі некаторыя сюды прыяжджаюць, каб атрымаць магістарскую ступень у Сынгапурскім політэхнічным унівэрсытэце. Установы нават самі запрашаюць: калі ты здольны праграміст ці заўважны спэцыяліст у сваёй галіне, прапануюць у тым ліку і беларусам. Прынамсі, я чуў, што пара-тройка хлопцаў зь Беларусі тут цяпер навучаюцца. Хоць стасункаў зь імі, шчыра кажучы, яшчэ не наладзіў. Але факт, што беларусаў па сьвеце лёс раскідаў няблага, закінуў і сюды».
Як паказвае досьвед навучаньня студэнтаў у аналягічных каледжах, працэс знаёмства суправаджаецца прэзэнтацыяй сваёй краіны. Дык ці доўга даводзіцца расказваць на пальцах, хто такі беларус і чаму ён ня «рускі»?
«Аб’ектыўна пра Беларусь ведаюць ня надта шмат. То бок, добра, калі проста ведаюць, што ёсьць такая краіна; некаторыя нават абазнаныя, што сталіца Беларусі — Менск, самы вялікі горад у краіне. Але ў большасьці веды ў гэтай галіне абмежаваныя. Праўда, здараюцца і выключэньні. Прыкладам, мой сусед па пакоі, нарвэжац, як аказалася, добра знаёмы з нашай краінай, перадусім зь яе праблемамі ў пэўных сфэрах; у сябе на радзіме ў Нарвэгіі нават браў удзел у акцыях салідарнасьці зь беларусамі, у падтрымку народу Беларусі. Шчыра кажучы, я быў нямала ўражаны, што ў яго такая актыўная грамадзянская пазыцыя. З-за нашага геаграфічнага месцазнаходжаньня многія сапраўды аўтаматычна асацыююць Беларусь з Расеяй, і мне даводзіцца прыкладаць даволі істотныя намаганьні, каб гэтыя асацыяцыі парушыць».
Быць у Сынгапуры і не вывучаць таямніцы бізнэсу — неабачліва
Сынгапур найлепш спрыяе таму, каб вывучаць эканамічныя навукі. Чым Міхась Лысюк і намагаецца скарыстацца. А што яшчэ ў прыярытэце?
«Што ў прыярытэце? Так атрымалася, што ў нашым каледжы даволі шмат магчымасьцяў вывучаць розныя прадметы, пра якія раней нават і ня думаў. З фундамэнтальных навук засталася фізыка, яна мне заўсёды падабалася, таму я для сябе яе і пакінуў. Таксама пачаў вывучаць іншыя сфэры, у якіх раней „плаваў“, ня вельмі разумеў, што яны сабой увогуле ўяўляюць. Справа ў тым, што для вывучэньня гэтых дысцыплін у Беларусі, калі ты хочаш імі авалодаць, трэба мэтанакіравана ісьці ва ўнівэрсытэт на гэтую спэцыяльнасьць — скажам, тая ж псыхалёгія. А тут я на добрым узроўні вывучаю псыхалёгію, мне насамрэч падабаецца — не скажу, што яна ў мяне ў асаблівым прыярытэце, але гэта ня толькі цікавая навука, важна, што яна шчыльна сутыкаецца з рэальным жыцьцём. Увогуле, мае прыярытэты — атрымаць як мага больш шырокіх ведаў. Таму, апроч розных дысцыплінаў, таксама шчыльна вывучаю бізнэс».
Карэспандэнт: «Тым больш, акурат тое месца, дзе бізнэс вывучаць і варта».
«Сапраўды, яны вельмі ўважліва ставяцца да лепшых усясьветных ноў-хаў, перадусім мадэрновых. Таму гэта ня ёсьць вывучэньне бізнэсу толькі ў тэорыі, на пальцах, гэта ўсё падаецца ў прыкладным рэчышчы. Дзеля справядлівасьці, гэта адзін з самых папулярных прадметаў у каледжы, бізнэс і эканоміку шмат хто вывучае. Бо калі ты жывеш у такім атачэньні, дзе ўсе арыентаваныя на зарабляньне грошай, дзе духоўныя каштоўнасьці, магчыма, час ад часу прыносяцца ў ахвяру каньюнктуры, ты мусіш трымаць руку на пульсе, ведаць пра бізнэс усё. Тым ня меней, хачу адзначыць: дзеці, якія вучацца пад дахам нашага UWC, атрымліваюць курс на ўсьведамленьне самых розных каштоўнасьцяў, а ня толькі на зарабляньне грошай, як сваіх сыноў і дачок натхняюць нават бацькі».
Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму Сынгапур быў заштатным кутком Азіі без аніякіх прыкметаў «прасунутасьці». «Скачок тыгра» быў зроблены практычна без разгойдваньня, пра ўнікальную эканамічную мадэль гораду-дзяржавы загаварылі яшчэ ў 1980-я.
і можа пры нейкім гіпатэтычным раскладзе паўтарыць такі подзьвіг і Беларусь? Тым больш што беларускае кіраўніцтва ня раз выказвала зацікаўленьне ў сынгапурскім досьведзе:
«Гэта даволі складанае пытаньне. Усё ж, як мне падаецца, вялікую ролю адыгрывае мэнтальнасьць людзей. А тут яна зусім іншая. За гэты час я трошкі падвучыў гісторыю Сынгапуру, паразмаўляў зь мясцовымі, як тут што адбывалася. Дык вось, яшчэ паўстагодзьдзя таму тут сапраўды была вёска вёскай. То бок — нічога асаблівага, невялікі порт, ніякай адметнай ролі ў рэгіёне. Але прэм’ер-міністар Лі Куан Ю, які лічыцца „айцом“ сынгапурскага „эканамічнага цуду“, зрабіў стаўку на кардынальныя рэформы. На першыя пазыцыі былі вынесеныя адукацыя і ахова здароўя, у краіну быў запрошаны міжнародны капітал. Паралельна былі прынятыя вельмі строгія законы наконт алькаголю, наконт наркотыкаў, наконт карупцыі. Ён пасадзіў у турму за карупцыю нават свайго найлепшага сябра і брата. Чалавек надзвычай прынцыповай пазыцыі. Пасьля такіх рэформаў Сынгапур, так, расквітнеў».
У прававой сфэры Сынгапур — не найлепшы прыклад для перайманьня
Пры гэтым Міхась адзначае, што казаць пра гэткія ж заваёвы ў іншых галінах досыць складана, і перадусім гэта тычыцца свабоды выказваньня:
«Шчыра кажучы, пры гэтым ні пра якую дэмакратыю, ні пра якія вольнасьці казаць нельга. Міжнародная супольнасьць заплюшчвае на гэта вочы, таму што ўзровень жыцьця высокі, а калі так, то ня надта хвалююць дэмакратычныя каштоўнасьці, правы на свабоду слова ці выказваньня. Я ня думаю, што так атрымаецца ў Беларусі. Шмат беларусаў падарожнічае, наўпрост ці ўскосна далучаецца да эўрапейскіх працэсаў, і каштоўнасьці свабоды выказваньня ў Беларусі досыць моцна прышчапіліся. Нават нягледзячы на тое, што ў нас цяпер гэтага асабліва і няма, усе ўсё разумеюць. Сапраўды, з Сынгапуру можна браць прыклад, бо гэта вельмі паказальная гісторыя, як яны зрабілі нават ня тое што скачок, а надзвычай далёка прасунуліся. Некаторыя нават кажуць, што ў Сынгапуры ўжо ХХІІ стагодзьдзе, а не ХХІ. А што тычыцца прававой сфэры, некаторых іншых галінаў, ня думаю, што Беларусі трэба браць прыклад з Сынгапуру».
Міхась Лысюк — выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Бязь лішняй сьціпласьці кажа, што ліцэйская загартоўка дазваляе годна прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне:
«Вядома, адчуваецца, што ў мяне ёсьць ліцэйскі падмурак, таму што за 4 гады ліцэю ўсё ж вучысься думаць крыху па-іншаму, больш аналізуеш тое, што навокал адбываецца. Для мяне было вялікім дзівам, што інтарэсы ў тых, хто сюды прыяжджае, я б не сказаў, што надта шырокія. У большасьці сваёй людзі арыентуюцца на тое, што гэта проста добрая магчымасьць зьехаць, ды яшчэ ў прыстойнае месца. Нацыянальныя стыпэндыяты, якія прыехалі са сваіх краінаў як выдатныя прадстаўнікі маладога пакаленьня, насамрэч ня ведаюць гісторыі, ня ведаюць культуры сваёй радзімы, ня кажучы пра іншыя кропкі на мапе. Гэтым я быў уражаны ды глыбіні душы, прынамсі, такога зусім не чакаў. Усё ж ліцэй, наша ліцэйская супольнасьць дае грунтоўнае ўяўленьне пра значны культурна-гістарычны зрэз. Таму нашы ліцэісты едуць з крыху іншымі мэтамі. Для мяне, напрыклад, галоўная мэта — скончыць за мяжой унівэрсытэт і прывезьці атрыманы вопыт, сувязі, якія я набуду і ўжо набываю ў працэсе вучобы, каб прасунуць іх у жыцьцё ў Беларусі».
Заробак выкладчыка ў каледжы — блізу 200 тысяч даляраў на год
З «трэцяга» сьвету ў «першы» Сынгапур трапіў дзякуючы, сярод іншага, дасканалай сыстэме дыфэрэнцыяцыі заробкаў, пры якіх адказныя асобы не заклапочаныя праблемай хабару ды лабісцкай палітыкай на карысьць нейкіх груповак. У выніку прыстойныя прыбыткі дазваляюць грамадзянам ня думаць пра тое, як сустрэць старасьць:
«Напрыклад, рэч, якая мяне вельмі ўразіла, калі я сюды прыехаў, дык гэта тое, што тут няма ніякіх пэнсіяў. То бок няма такой градацыі, што чалавеку стукнула 60 ці колькі там гадоў, і ён аўтаматычна перастае працаваць. Калі ў цябе ёсьць лішнія грошы, ты можаш не працаваць увогуле, а калі маеш патрэбу — дык будзеш „пахаць“ да самай сьмерці. Ні пра якую сацыяльнасьць, як бачым, казаць нібыта не выпадае. Але, адрозна ад Беларусі, тут ёсьць магчымасьць жыць бязьбедна і бяз пэнсіі. Заробкі, мякка кажучы, на зайздрасьць. Прыкладам, заробак настаўніка ў нашым каледжы — дзесьці 200 тысяч даляраў на год. Не магу казаць пра дакладныя сумы, але яны прыблізна такіх маштабаў. Ва ўсякім разе, 5–6 тысяч даляраў на месяц — гэта сярэдні прыбытак па краіне, а зусім не фантастычны, як па мерках Беларусі. Можна рэальна адкласьці на старасьць, не асабліва спадзеючыся на сымбалічную пэнсію».
Уся інфраструктура астраўной дзяржавы прыстасаваная да таго, каб чалавек удасканальваўся як разумова, так і фізычна:
«Так, вучоба вучобай, але досыць шмат часу я таксама аддаю спорту. У Беларусі ў мяне не было такіх магчымасьцяў займацца спортам, якія ёсьць тут. Я калі прыехаў, у рэальнасьці сутыкнуўся з тым, што дагэтуль бачыў толькі ў амэрыканскіх фільмах — скажам, адбор у каманду па рэгбі. Ты прыходзіш, цябе рэальна правяраюць на выносьлівасьць, а потым падыходзіць трэнэр і кажа: добра, ты нам пасуеш, мы згодныя з табой гуляць. Вось паўгода адзаймаўся рэгбі, зацікавіўся, за гэты час нават зь беларускімі рэгбістамі скантактаваўся, якія гуляюць у Беларусі, паглядзеў, што там за сытуацыя, быў нават запрошаны паўдзельнічаць у трэніроўках, як прыеду ў Менск. Гэты від спорту я знайшоў даволі цікавым. Заадно пераканаўся, што спортам займацца ўсё ж трэба: вучоба займае шмат часу, але трэба абавязкова пераключацца, каб хоць крышачку перайсьці на іншую хвалю. Цяпер займаюся сплавам на каяках, таксама скалалазаньнем».
Найлепшае месца за зямлі — «кававы сад» на даху хмарачоса
Любімыя месцы, дзе бавіць час стракатая студэнцкая публіка, — перадусім сынгапурскія хмарачосы, дахі якіх стылізаваныя пад невялічкія аазісы. Як кажа Міхась, з вышыні птушынага палёту адкрываецца сапраўды фантастычны від на ваколіцы:
«Дысцыпліна досыць жорсткая, але калі ты жывеш у горадзе — а наш каледж амаль што ў самым цэнтры — то, вядома, нас ніхто не абмяжоўвае. То бок, калі такое жаданьне ёсьць, то выйсьці ў горад няма ніякіх праблемаў. Пасьля вучобы, зразумела. А дзе бавім час? Вядома, любімыя месцы ўжо ёсьць. Тут вельмі шмат маленькіх кавяранек, якія асабіста для мяне, напэўна, эталён кавярняў у Сынгапуры, разыначка ўсёй краіны. Гэта кавярні на дахах хмарачосаў. Звычайна там разьбіты сад, кожнае месца з абсалютна сваім, спэцыфічным духам. Ты сядзіш на даху хмарачоса, ва ўтульным садку, глядзіш на мора, на горад, які гудзе пад табой. Гэта неперадавальна. Акрамя таго, тут можна сапраўды папіць вельмі добрай кавы. Гэта, напэўна, самы клясны спосаб, як можна правесьці свой вольны час».
Каледж «South East Asia» быў адчынены ў 1971 годзе прэм’ер-міністрам Сынгапуру Лі Куан Ю. Першапачаткова навучальная ўстанова называлася Міжнароднай школай Сынгапуру і была арыентаваная на дзяцей замежных спэцыялістаў. Паколькі школа была шчыльна зьвязаная з Каледжамі Аб’яднанага Сьвету, у 1975-м яна стала афіцыйным сябрам руху, атрымаўшы і дагэтуль захоўваючы цяперашнюю назву. Міхась Лысюк — першы беларускі студэнт за ўсю гісторыю гэтай установы.
Сёлета для Беларусі абвешчаны конкурс на атрыманьне бясплатных стыпэндыяў на навучаньне ў наступных каледжах United World Colleges:
- Армэнія (UWC Dilijan)
- Сынгапур (UWCSEA)
- Нарвэгія (UWC Red Cross Nordic)
Прэтэндэнты павінны мець 16 гадоў на 1 верасьня 2015-га. Навучаньне вядзецца на ангельскай мове паводле сыстэмы Міжнароднага бакаляўрэату. Падрабязнасьці — на сайце Нацыянальнага камітэту UWC-Belarus.