Тацяна Барысік
Раман ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Архана Памука «Музэй цнатлівасьці» і складанка малой прозы беларускай пісьменьніцы і мастачкі Людмілы Андзілеўкі «Гэта ты» не аб’яднаныя між сабою ні агульным жанрам, ні падабенствам сюжэту, ні геаграфіяй напісаньня. Хіба толькі часам падзеяў у абодвух творах: другая палова ХХ-га — пачатак ХХІ стагодзьдзя. Але іх лучыць і яшчэ некалькі істотных акалічнасьцяў.
Людміла Андзілеўка, «Гэта ты»; апавяданьні; Менск, «Кнігазбор», 2013
Кніга Л. Андзілеўкі «Гэта ты», аздобленая рэпрадукцыямі карцін аўтаркі, аб’ядноўвае пад адной вокладкай невялікія па аб’ёме ў асноўным празаічныя, за выключэньнем некалькіх вершаў, тэксты. Тут ёсьць імпрэсіі, ці то прыпавесьці, ці то казкі для дарослых, побытавае фэнтэзі, цалкам рэалістычныя апавяданьні, успаміны, філязофскі роздум на вечныя тэмы. Пры павярхоўным аглядзе падаецца, што ўсё гэта напісана рознымі пісьменьнікамі для рознай чытацкай аўдыторыі. І толькі ўважліва прачытаўшы да канца, разумееш — перад табою аўтабіяграфія-споведзь. Толькі складзеная нязвыкла.
Мушу расчараваць тых, хто чакае ад біяграфіі жанчыны празьмернай зацыкленасьці на асабістым і сямейным жыцьці, падрабязнага апісаньня пакутлівага эвалюцыйнага шляху ад раньняга няўдалага шлюбу з дрэнным Пецем да заслужанага ўзаемавыгаднага сужыцьця з добрым Васем. Ня знойдзеце. Пратакольнага пераліку навучальных установаў, месцаў працы, граматаў, асабістых заслугаў, пахвальбы славутымі сябрамі і сваякамі-анёламі таксама няма. А ёсьць глыбокі роздум сталага чалавека, расповед пра самае істотнае ў жыцьці: пра сны, якія сьніла; нагоду, зь якой пісала вершы; людзей, якія стрэліся і не пакінулі абыякавай; перажываньні, асацыяцыі і высновы, каторыя спараджае жыцьцё, часам даволі жорсткае. Для пісьменьніцы, як мне падалося, важныя ня столькі ўласна падзеі і факты, колькі пачуцьці і думкі, імі выкліканыя. Яна прачыняе таямніцы чалавечай душы, яе стасункі з бачным і нябачным.
Проза надзвычай эмацыйная, аўтарскія малюнкі ў жанры наіўнага мастацтва ствараюць сугучча з тэкстам, таму спачатку чытача апаноўвае псыхічны стан, падобны да настрою героя, а за сюжэтам сочыш ужо пасьля. Літаральна на фізычным узроўні адчуваецца жуда, боль, туга па страчаным, разгубленасьць, разьняволеная радасьць, гукі, фарбы, адценьні розных колераў, сярод якіх дамінуе колер вечаровага неба.
Сьветапогляд аўтаркі, трапныя жыцьцёвыя назіраньні трансьлююцца запамінальна, неардынарна. Напрыклад, праз побытавую фантастыку апавяданьня «Разводзьдзе» з разьдзелу «Мэтамарфозы», у якім з уяўнага толькі краіна Бырляндыя і бырляндзкае традыцыйнае сьвята — дзень, калі юнак, які дасягае паўналецьця, мусіць сам абраць сабе прозьвішча. Усё астатняе — нашае, звыклае: бязладная сваяцкая бяседа, правільныя чыноўніцы ў кабінэтах, «якія ўмеюць жыць як паложана, не перашкаджаць кіраўніцтву, падабацца калегам», хамаватыя, жорсткія служкі закону, суцэльная пакора і абыякавасьць. Левар’ян — падрослы нашчадак сям’і Недарэкаў — не жадае быць спадкаемцам бацькоўскага прозьвішча і долі. Тады супрацоўніца дзяржструктуры раіць яму зрабіцца Вертухаем, Лізадупкай ці яшчэ кім-небудзь з зацьверджанага сьпісу. Зь цяжкасьцю хлопец абірае свой шлях і называецца Рамонкам. Фармальна дазваляюць. Але... Справа нават ня ў тым, што гены пальцам не раздушыш. Які сэнс зь неверагоднымі высілкамі караскацца з наканаванай табе каляіны ў іншую, калі ўсе яны пракладзеныя ў тым самым кірунку, паўз тую самую твань?
Узгадваючы людзей, чые лёсы змусілі душу адгукнуцца, якія бачацца аўтарцы сымбалямі сучаснай Беларусі, спадарыня Людміла ня робіць розьніцы між асобамі славутымі і тымі, каго хіба сваякі ўспомняць, кіруецца найперш уласнымі ўражаньнямі і перакананьнямі.
Не пакідае абыякавым і ня йдзе з галавы яшчэ доўга аднайменны разьдзел «Гэта ты», апавяданьні зь якога прасякнутыя ўспамінамі дзяцінства. Гэтая пара хутка мінае. Але яе не пераробіш наноў, ад досьведу, назапашанага ў маленстве, не пазбавісься да скону. У рэальным жыцьці ён не заўжды такі, як хацелася б. Таму для шматлікіх літаратурных твораў і для размоваў між староньнімі людзьмі шчасьлівае дзяцінства — бы сьвятарная карова. Чаму? Бо разважаюць прыкладна так: сьмецьце з хаты не выносяць, так жывуць усе, а суседзі зьлева яшчэ горшыя! А што бацька выпівае — дык ня б’ецца і з хаты рэчы не выносіць! Прасьціну са шкловалакна на ложак паслалі? Хто ж ведаў? Кума наогул празь яго дасюль малако цэдзіць! Затое ўсіх дзяцей выгадавалі, вывучылі! У выніку жывыя, шчымлівыя, але няправільныя ўспаміны замяняюцца ружова-карамэльнай казкай, прыгожай, але мёртвай. Дзе, вядома, няма месца заўсёднаму ройлу ў хаце, сваркам, абрыдлым п’яным бяседам, першай настаўніцы, што ненавідзіць дзяцей...
Людміла Андзілеўка ня лічыць патрэбным адпрэчваць нават неідэальныя ўспаміны, бо яны — частка яе асобы. Кажучы «гэта ты», яна ня хлусіць. Так, яе кніга — гэта сапраўды яна, а таксама я і яшчэ дзясяткі тысячаў нявыказаных лёсаў тых, хто побач.
Орхан Памук, «Музей невинности»; роман; Санкт-Петербург, «Амфора», 2010
Гэты раман турэцкага пісьменьніка — рэдкая зьява ў сучаснай літаратуры. Ужо таму, што каханьне (ня блытаць зь любоўнымі прыгодамі) — гэта асноўная тэма твору, а не адна з плыняў сюжэту. Ці шмат узгадаеце сучасных твораў такога кшталту, калі ня браць пад увагу кнігі з сэрыі «Алая роза» для хатніх гаспадыняў? Больш таго, галоўны герой — мужчына з ісламскай краіны, які жыве ўсё сваё жыцьцё дзеля пачуцьця, што мае пачатак, але ня мае заканчэньня. Падобны разварот падзей распаўсюджаны хутчэй у лёсе жанчыны ў г. зв. «жаночай прозе». Але герой раману бурыць гэтае ўяўленьне ўшчэнт, а таксама пераасэнсоўвае звыклыя паняцьці аб каханьні, годнасьці, сям’і, усходняй мэнтальнасьці, шчасьлівай долі. Ён ня толькі ідзе па жыцьці ўласным шляхам, але і заклікае да гэтага землякоў-сучасьнікаў.
Разьвіцьцё сюжэту не назавеш дынамічным, яно хутчэй павольнае, сузіральнае, патрабуе ад чытача суперажываньня і пільнасьці да дэталяў. Нешта ў жыцьці турка беларуса зьдзівіць, нешта, магчыма, выкліча нязгоду ці неразуменьне, але дакладна прымусіць задумацца пра свой беларускі лёс таксама.
Гісторыя каханьня нашчадка заможнай славутай сям’і Кемаль-бэя і яго далёкай беднай сваячкі Фюсун пачалася ў 70-х гадах мінулага стагодзьдзя. Яны пачынаюць сустракацца, ён лічыць такія адносіны часовымі і несур’ёзнымі, зьбіраецца ажаніцца зь іншай, нават не хавае сваіх намераў. Здавалася б, Фюсун назаўжды павінна застацца пакрыўджанай дзяўчынаю зь незайздросным лёсам. На пачатку так і атрымліваецца. А далей жыцьцё распараджаецца інакш. Неўзабаве ўсё існаваньне Кемаль-бэя будзе падпарадкавана каханьню, імкненьню выправіць сваю памылку. Ён зьмяняе свае пляны на будучыню, рве стасункі з былымі сябрамі, з надзейным партнэрам па бізнэсе, бо той калісьці заляцаўся да ягонай абраньніцы, цікавіцца кіно і ўкладае грошы ў стварэньне непэрспэктыўнага фільму, каб часьцей бачыцца зь Фюсун, праводзіць лепшыя свае гады за сьціплай вячэрай у кватэры яе бедных бацькоў без надзеі на ўзаемнасьць. Зважае на зьмену ўлады ў краіне і камэнданцкую гадзіну толькі таму, што цяпер нельга позьніцца ў гасьцях у каханай, а яшчэ паціху крадзе і зьбірае рэчы, якія мелі дачыненьне да самой Фюсун, побыту яе сям’і і іхніх сустрэч, прычым робіць гэта настолькі мэтанакіравана і настойліва, што часам узьнікаюць памылковыя думкі аб разьвіцьці псыхічнай паталёгіі.
Кім сваякі і суседзі лічылі б чалавека, які меў на гэта ўсе шанцы, але не стварыў сям’і, дзе была б прыгожая, адукаваная жонка, дачка забясьпечаных бацькоў, дзеці, дабрабыт, які ў бізнэсе зрабіўся аўтсайдэрам па ўласнай волі, вечна ўлазіць куды ня трэба, прымушае бацькоў чырванець перад знаёмымі і хвалявацца? Няўдаліцай, недарэкам, нават ва ўмовах сучаснай Беларусі.
Кемаль-бэй мае іншую думку. «Хай усе ведаюць — я пражыў шчасьлівае жыцьцё», — кажа ён ужо ў пажылым веку. У выніку працягам ягонага каханьня сталася не вясельле і не псыхічная паталёгія, а стварэньне незвычайнага музэю. У канцы ХХ стагодзьдзя шмат хто зь ягоных заможных суайчыньнікаў, бяздумна капіруючы эўрапейскі лад жыцьця, ствараў музэі мастацтва, неўласьцівага для ісламскай краіны. Экспанаты музэя Кемаль-бэя — рэчы, зьвязаныя зь ягоным каханьнем, ашчадна захаваныя дробязі, дэталі інтэр’еру, посуд, квіткі, лісты, паштоўкі, упрыгожаньні. «Па меры азнаямленьня з рэчамі людзі адчуюць павагу да майго каханьня і будуць параўноўваць яго са сваімі ўспамінамі, — тлумачыць Кемаль-бэй. — З дапамогай свайго музэю я хачу навучыць людзей ганарыцца ўласным жыцьцём. Бо пакуль толькі эўрапейцы ганарацца сабою, а бальшыня сьвету сябе саромеецца...»
Хочацца верыць, што гэтаму жыхару далёкай Турэччыны задуманае ўдалося. Вось каб яшчэ беларусаў такіх паболей!