Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як аднаўляюць Косаўскі палац (ФОТАГАЛЕРЭЯ)


Каля Косава на Берасьцейшчыне працягваецца аднаўленьне палаца Пуслоўскіх ХІХ стагодзьдзя. У самім горадзе зьяўляецца турыстычная інфраструктура.

Косаўскі палац мяркуецца аднавіць да 2016–2017 году, у залежнасьці ад фінансаваньня. Цяпер ідзе другая чарга рэканструкцыі — унутраныя працы, інжынэрныя сеткі. Скончыць другую чаргу меліся ў лютым 2015 году, аднак цяпер на «пашпарце аб’екту» гэты тэрмін заклеены.

У Івацэвіцкім райвыканкаме патлумачылі, што рэстаўрацыя працягваецца ў залежнасьці ад фінансаваньня, і хоць тэмпы могуць і не супасьці з заплянаванымі, аднак «рэстаўрацыю ніхто не замарожвае».

Сапраўды, за палацам стаіць будаўнічая машына, непадалёк — агароджаныя вагончыкі будаўнікоў. Звонку найбольш завершаным выглядае левы флігель палаца. Тут паўстаўлялі ўсе вокны, сьцены патынкавалі і пафарбавалі.

У 2014 годзе на рэстаўрацыю палаца, паводле афіцыйных зьвестак, пайшло 8,5 мільярда беларускіх рублёў. Большая палова сродкаў — з абласнога бюджэту.

Мяркуецца, што фасад адновяць у тым выглядзе, як было пры Пуслоўскіх. Аднак ня ўсё будзе аўтэнтычным. Дах, прыкладам, пакрылі чырвонай мэталадахоўкай.

Побач з палацам — сядзіба-музэй Тадэвуша Касьцюшкі. Мяркуецца, што пасьля аднаўленьня палаца тут будзе адзіны турыстычны комплекс. У 2014 годзе сядзібу Касьцюшкі наведалі 15 тысяч чалавек. Экспэрты прагназуюць рост гэтай лічбы пасьля аднаўленьня палаца Пуслоўскіх.

Косава — адзін з найменшых гарадоў Беларусі. У 2014 годзе тут жылі 2500 чалавек. Горад ляжыць на шляху да Ружанаў, дзе рэстаўруецца палац Сапегаў. Ужо цяпер у Косаве зьяўляюцца аб’екты турыстычнай інфраструктуры — сядзібы, дзе можна спыніцца турыстам на начлег.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG