Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран 11 лютага засьцярог ад «залагоджваньня» Расеі напярэдадні чатырохбаковага саміту ў Менску, на якім спрабуюць спыніць вайну ва ўсходняй Ўкраіне.
«На нашым эўрапейскім кантынэнце вельмі важна быць упэўненымі, што мы не заахвоцім агрэсію і жорсткасьць залагоджваньнем, гэта было б няправільна», — сказаў Кэмэран, зьвяртаючыся да брытанскага парлямэнту.
«Таму правільна захаваць санкцыі, правільна захаваць еднасьць Эўразьвязу і Амэрыкі ў гэтым пытаньні, і правільна супрацьстаяць прэзыдэнту Пуціну,» — цытуе Кэмэрана агенцтва France Presse.
Тэрмін «залагоджваньне» (appeasement) часьцей за ўсё зьвязваюць зь дзеяньнямі ў 1930-я гады брытанскага прэм’ер-міністра Нэвіла Чэмбэрлена, які прапаноўваў саступкі экспансіянісцкай палітыцы Адольфа Гітлера.
Заходнія дзяржавы абвінавачваюць Расею ў пастаўках зброі і вайскоўцаў прамаскоўскім сэпаратыстам, Масква гэта адмаўляе.
Як і Злучаныя Штаты, прадстаўнікі Брытаніі заяўлялі пра гатоўнасьць пастаўляць зброю Ўкраіне і заклікалі да захаваньня эканамічных санкцыяў супраць Масквы.
Выступаючы ў лістападзе напярэдадні саміту G20, Кэмэран зрабіў заяву, у якой правёў паралель паміж цяперашняй Расеяй і нацысцкай Нямеччынай. «Вялікая дзяржава тэрарызуе меншую дзяржаву ў Эўропе. Мы бачылі наступствы такога ў мінулым, і мы павінны атрымаць урокі гісторыі і зрабіць усё, каб гэта ня здарылася зноў,» — сказаў тады Кэмэран.