Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы намесьнік міністра абароны ЗША: «Перамовы ў Менску — ня «Менск плюс», а «Ўкраіна мінус»


Эрык Эдэльман
Эрык Эдэльман

Падчас прызначэньня новага міністра абароны ЗША ў сэнацкім камітэце па ўзброеных сілах выступілі былыя высокія чыноўнікі абароннага ведамства, якія выклалі сваё бачаньне шляхоў вырашэньня канфлікту ва Ўкраіне.

Сэнацкі камітэт па ўзброеных сілах падтрымаў кандыдатуру Эштана Картэра на пасаду міністра абароны ЗША. За гэтае рашэньне прагаласавалі ўсе 25 чальцоў камітэту. Акрамя гэтага, сэнатары заслухалі двух былых чыноўнікаў міністэрства абароны — Эрыка Эдэльмана і Мішэль Флурной. Былыя ўрадоўцы казалі пра выклікі, зь якімі будуць сутыкацца ЗША ў бліжэйшым часе: аб «Ісламскай дзяржаве», росьце моцы Кітаю, расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Пуцін не зацікаўлены ў Данбасе. Яго мэта — ня толькі Ўкраіна, але і некаторыя краіны Эўропы, перакананы былы намесьнік міністра абароны ЗША Эрык Эдэльман:

«Парадак дня Пуціна — дэстабілізаваць Украіну да моманту, калі ён зможа зьмяніць уладу ў Кіеве і пачаць дамінаваць ва Ўкраіне, каб прадухіліць яе рух у заходнім кірунку. Пуцін прынцыпова адпрэчвае эўрапейскую сыстэму бясьпекі, якая склалася пасьля „халоднай вайны“. Некаторыя нашы эўрапейскія сябры да гэтага часу адмаўляюцца гэта прызнаваць. Яны па-ранейшаму спадзяюцца, што ёсьць спосаб дамовіцца з Пуціным па Ўкраіне. Я думаю, што ўсё толькі пачынаецца. Пасьля Ўкраіны Пуцін будзе настойваць на рэалізацыі таго самага і ў Малдове. Ён таксама паспрабуе ўбіць клін паміж намі і нашымі саюзьнікамі ў Балтыі».

Эрык Эдэльман дадаў, што вельмі важна дапамагчы Ўкраіне, даўшы ёй зброю абароннага характару. На яго погляд, гэта прымусіць Пуціна плаціць высокую цану за свае дзеяньні. Зь ім пагадзілася і Мішэль Флурной, якая ў свой час была дарадцам міністра абароны ЗША Леона Панэты:

«Галоўнае, што мы зразумелі з моманту спыненьня агню на ўсходзе Ўкраіны — гэта тое, што Пуцін толькі абвастрае сытуацыю. Ён знаходзіцца на шляху эскаляцыі. Пытаньне ў тым, ці можам мы даць Украіне зброю, з дапамогай якой яны павысяць цану вайны для сэпаратыстаў і расейцаў, якія іх падтрымліваюць. Вельмі неабходныя радарныя сыстэмы для выяўленьня артылерыі і запуску ракетаў, а таксама процітанкавае абсталяваньне, якое магло б спыніць бронетэхніку. Пытаньне ў тым, што мы можам зрабіць, каб дапамагчы Ўкраіне прымусіць Пуціна спыніцца і сур’ёзна паставіцца да перамоваў».

Эрык Эдэльман скрытыкаваў пазыцыю, паводле якой існуе толькі дыпляматычнае рашэньне канфлікту ва Ўкраіне і скептычна паставіўся да перамоваў у Менску, якія павінны адбыцца сёньня:

«Я чуў шмат дыскусій, што няма ваеннага вырашэньня праблемы ва Ўкраіне. Калі мы нічога ня будзем рабіць, то ваеннае рашэньне ва Ўкраіне запрапануе Уладзімір Пуцін. Мы павінны дакладна разумець, што адбываецца. Эўрапейцы абмяркоўваюць будучыя перамовы і называюць іх „Менск плюс“. На самай справе, гэта „Ўкраіна мінус“, бо зноў будзе пацьверджаныя прынцыпы леташніх менскіх пагадненьняў з папраўкай на рэальнасьць — агрэсію сэпаратыстаў у Данбасе. Мы павінны ўзброіць украінскую ўладу і падвысіць цану агрэсіі для Пуціна. Калі мы зробім гэта, то рабіць гэта трэба сур’ёзна. Мы ня можам узброіць украінскі ўрад такім самым чынам, якім мы ўзбройвалі сырыйскую апазыцыю апошнія гады. Калі мы будзем дзейнічаць гэтак сама, як у Сырыі, мы сутыкнемся з эфэктыўнай правакацыяй прэзыдэнта Пуціна і ня зможам стрымаць ваенны наступ і падвысіць абараназдольнасьць украінскай арміі».

Былыя чыноўнікі міністэрства абароны заявілі сэнатарам, што амэрыканская вайсковая дапамога Ўкраіне прымусіць Пуціна добра падумаць перад тым, як распаўсюджваць сваю агрэсію на Эўропу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG