Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Будзінас, Кала Бруньён нашага часу


Яўген Будзінас
Яўген Будзінас

18.2.1944, Масква — 4.10.2007, Менск. Пахаваны ў Дудутках, Пухавіцкі раён.

Калі я задаў сабе пытаньне, каго зь літаратурных пэрсанажаў нагадвае мне Яўген, адказ выплыў адразу — ралянаўскага Кала Бруньёна. На гэтае параўнаньне спрацавала нават прысьвячэньне рамана сьвятому Марціну, які «сам віно п’е, а ваду на плаціну пры млыне лье».

Яўген, праўда, анічым не нагадваў сьвятога. Хіба што сваёй фантастычнай стваральнай энэргіяй, якая дазваляла яму зьдзяйсьняць справы, вартыя звацца дзівосамі.

Нам вельмі пашанцавала, што сын літоўскага камуніста, колішняга рэвалюцыйнага камісара Жамойці, пагойсаўшы па савецкай імпэрыі ад Масквы да Цюмені, прыбіўся ўрэшце да беларускага берагу, пачаў працаваць у журналістыцы і стаў адным зь вядучых айчынных публіцыстаў.

Пры канцы 1980-х Яўген быў сярод тых, хто ня толькі чуйна лавіў вецер пераменаў, але і сам дзьмуў у ветразі нашага карабля на шляху да незалежнасьці. Мы і ўбачыліся ўпершыню ў тыя гістарычныя дні, калі ў Чырвоным касьцёле адбыўся ўстаноўчы сход «Мартыралёгу Беларусі», дзе быў створаны аргкамітэт БНФ, і неўзабаве дзясяткі тысяч беларусаў прыйшлі на Дзяды 1988-га...

Новыя часы дазволілі Будзільніку, як яго клікалі сябры, «зазьвінець» на поўную сілу. «Будзі нас, Будзінас!» — напісаў яму тады ў вершаванцы на дзень нараджэньня Рыгор Барадулін.

Не пакідаючы літаратуры і публіцыстыкі (шмат хто ўзгадае, да прыкладу, раман «Дураки»), ён стаў старшынёй праўленьня фірмы-выдавецтва «Паліфакт», якое зьдзейсьніла запатрабаваны на ўсёй постсавецкай прасторы праект «Итоги века» — выпусьціла цэлую бібліятэку важкіх буйнафарматных тамоў зь вершамі, казкамі, дэтэктывамі, самвыдатам ХХ стагодзьдзя... Галоўным рэдактарам сэрыі стаў вядомы пісьменьнік і публіцыст, шматгадовы аглядальнік Радыё Свабода Анатоль Стрэляны, укладальнікам «Строфаў века» — Яўген Еўтушэнка, дызайнэрамі — нашы славутыя Ўладзімер Цэсьлер і Сяргей Войчанка.

Ён меў безьліч клопатаў, але ўлюбёным ягоным дзіцём стаў музэйны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналёгіяў «Дудуткі» каля вёскі Дудзічы Пухавіцкага раёну. Гэта, паводле непахіснага перакананьня Будзінаса, былі якраз тыя Дудуткі з «Слова пра паход Ігараў», дзе ў свой час адзначыўся ўдачлівы супернік самога язычніцкага бога сонца Хорса — полацкі князь Усяслаў Чарадзей. (Дадамо, што пры канцы ХІХ стагодзьдзя Дудзічамі валодаў знакаміты род Ельскіх. Яны стварылі там сапраўдную «сядзібу музаў», ад якой праз сто гадоў захаваўся адно парк з рэшткамі вадзянога млына і сыстэмай каналаў.)

У 1994-м, дзякуючы Яўгену і ягоным аднадумцам, Дудуткі пачалі новае жыцьцё. Там задыхаў кавальскі горан, закруціліся ганчарныя колы, загрукацелі ткацкія варштаты, пацягнула дымком ад бровара...

На ладжаных Яўгенам шматлюдных сьвятах зь іхняй непаўторнай куражнай атмасфэраю вакол славутага тамтэйшага самагоннага агрэгата ўперамешку раіліся, нібы пчолы, дыпляматы і літаратары, журналісты і музыкі. І я там быў, і шчасьліва адпачываў пад кустом агрэсту, калі пасьля шкляначкі «будзінасаўкі» галасы рабіліся цішэйшымі, фарбы — ярчэйшымі, а жанчыны — прыгажэйшымі, ды згадваліся старажытныя германцы, якія лічылі цьвярозы позірк на жыцьцё толькі адным з магчымых і ўсе важныя справы абмяркоўвалі двойчы: на сьвежую галаву і — ніштавата прыняўшы, ад чаго галава, ня выключана, рабілася яшчэ сьвяжэйшаю.

Уяўлялася, што Будзінаса любілі ўсе — былыя жонкі, не былыя дзеці і ўнукі, Генадзь Бураўкін, Барыс Забораў і Андрэй Вазьнясенскі, дзеці і ўнукі сяброў, якім уражаньняў ад Дудутак хапала на цэлы год.

Аднак знайшліся і тыя, каму Яўген, ягоныя таленты, вальнадумства, посьпех, яго афарызм, што «палітыка — гэта задворкі розуму», сталі ўсё больш замінаць...

Надышоў дзень, калі ён ня змог прыехаць у Дудуткі як гаспадар.

...На самым схіле жыцьця, безнадзейна хворы на рак прастаты, Будзінас напісаў і пасьпеў выдаць кнігу пра каханьне «Давайте, девочки». У пакінутым мне аўтографе ён у сваім стылі выказваў веру ў тое, што мы іх усіх (меліся на ўвазе зусім не дзяўчаткі) перапішам, пераплюнем, перакрычым... далей ішла экспрэсіўная нецэнзурная лексыка.

Гэтыя ўсе ў апошні момант, калі і арэнда была аплочаная, подла сарвалі прэзэнтацыю «Девочек» у менскім Доме літаратара, які ўжо належаў не літаратарам, а тым, каму чытаць кнігі «нету ўрэмені». Але Яўген усё роўна прэзэнтаваў кнігу — у Дудутках, каля свайго загараднага дому, куды і запрасіў усіх, хто сабраўся перад зачыненымі дзьвярыма ў сталіцы.

Хвароба ўжо пахіствала яго, але здавалася, ён проста рухаецца ў такт мэлёдыі вядомай саксафаністкі. На шчодрых сталах былі ягоныя ўлюбёныя беларускія і літоўскія прысмакі. За сталамі — тыя, каго ён не хацеў пераплюнуць і перапісаць.

Гэта было разьвітаньне.

Наступны раз мы сустрэліся там, калі ў садзе, зусім блізка ад дому, які так любіў Яўген, зьявіўся надмагільны камень.

XS
SM
MD
LG