Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арлен Кашкурэвіч, мастак суровы, паўночны, наш


Арлен Кашкурэвіч
Арлен Кашкурэвіч

15.9.1929, Менск — 26.8.2013, Менск. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках.

Аднойчы вельмі даўно мы гулялі з сынам па беразе возера ў ваколіцах Нясьвіскага замку. «Тата, тата! — захоплена крычаў Ромусь. — Глядзі, качкі!» Неўзабаве да нас падышла прыгожая шляхетная пара: «Вы гаворыце па-беларуску?..»

Так пачалося знаёмства з геніяльным айчынным графікам.

Было вялікім шчасьцем бываць у Кашкурэвічаў дома і — падняўшыся на некалькі паверхаў — у майстэрні мэтра на вуліцы Сурганава. Я слухаў мудрыя маналёгі пра беларускія абразы, пра даваенны і пасьляваенны Менск (у сучасным ён адчуваў сябе чужаніцай), пра тое, што мастацтва кнігі памірае, пра більярд, у які ён некалі гуляў (уваччу адразу паўстае самотны більярдыст на адным зь ягоных графічных аркушаў, які я назваў бы пранізьліва-бязьлітасным)... Не магу ўзгадаць, каб калі-небудзь пачуў ад Арлена Міхайлавіча нешта неістотнае. Ён заўсёды лунаў па-над будзённасьцю.

А рэчаіснасьцю для яго была ня толькі сучаснасьць, але і мінулае, ажно да біблійных часоў. А таксама — мастацкая рэальнасьць літаратурных твораў. Ён ня проста ўжываўся ўва ўсе гэтыя сьветы, а — жыў там, вандраваў па іх, і, вярнуўшыся аднекуль здалёк, мог уражана глядзець на такую звычайную рэч, як сотавы тэлефон, і нанова адкрываць сёньняшні дзень.

Ды іначай ён і ня стаў бы аўтарам знакамітых сэрыяў «Купаліяна», «Асьветнікі», «Сьвятыя зямлі Беларускай». На «віялянчэльны», неверагодна энэргетычны і эратычны «Concerto Grosso», які гучаў на галерэі Нацыянальнага мастацкага музэю, я гатовы быў хадзіць кожны дзень.

Каб ня тыя падарожжы ў прасторы і часе — не нарадзіліся б непаўторныя, адразу клясычныя ілюстрацыі да «Карнікаў» Алеся Адамовіча«, «Фаўста» Гётэ, «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага, «Найвышэйшай песьні Салямонавай»...

Сваімі ілюстрацыямі да нашай айчыннай клясыкі Арлен Кашкурэвіч стварыў для беларускай літаратуры эўрапейскі кантэкст.

Ён блізка сябраваў з такім самым арыстакратам духу Ўладзімерам Караткевічам. Той сказаў пра сябра: «Мастак суровы, паўночны. І адначасова — мяккі, добры, наш».

Плёнам супрацы двух выдатных майстроў сталася бліскучае афармленьне «Дзікага паляваньня караля Стаха», «Чазеніі», Ладзьдзі роспачы«, «Каласоў пад сярпом тваім». Машынапісны арыгінал «Каласоў» — з рэдактарскімі заўвагамі і палемічнымі дасьціпнымі адказамі аўтара на палях — спадар Арлен некалькі дзесяцігодзьдзяў захоўваў у сваёй майстэрні і за пару месяцаў да сыходу, відаць, прадчуваючы непазьбежнае, перадаў празь мяне ў аршанскі музэй пісьменьніка.

Ён быў шчасьлівы з жонкаю Людмілай, адоранай мастачкай, якая стварыла выдатныя лялькі-партрэты гістарычных асобаў.

Яго сыны Ігар і Тодар — таксама мастакі. Другі вядомы і як этнакультуроляг, пачынальнік у Беларусі сучаснага дударскага руху.

Арлен Кашкурэвіч са мною кожны дзень: над кампутарам малюнкі да маёй кнігі «Рандэву на манэўрах» і — дапытлівы суровы позірк ягонай сьвятой Эўфрасіньні.

XS
SM
MD
LG