Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васьковіч сустрэўся з маці: «Схуднеў, трымаецца бадзёра»


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

Палітвязень Яўген Васьковіч пабачыўся ў Магілёўскай калёніі № 15 з сваёй маці — Рушаньняй Іванаўнай. За чатыры гады зьняволеньня Яўгену ўпершыню дазволілі доўгатэрміновае спатканьне. Прабыў хлопец з маці ў калёніі адны суткі.

Рушаньня Іванаўна ня ўтойвае, што Яўген схуднеў. На спатканьні шмат стараўся ня есьці. Палову прывезенага, прызнаецца Рушаньня Іванаўна, яна мусіла забраць назад з сабою. Трымаецца, кажа, Яўген бадзёра.

«Усім падзяку пераказвае, дзякуе. Чытае ён шмат. І газэты атрымлівае. І кніг у яго шмат, і яшчэ яму зьбіраемся высылаць. Таму там яму ёсьць чым заняцца. Але, кажа, на працы дужа стамляецца. Толькі вечар у яго свабодны. Таму мала каму і лісты піша. Матуля, — казаў мне, — не крыўдуйце, што і вам калі не адкажу».

У калёніі Яўген працуе ў швейным цэху. Рушаньня Іванаўна, спасылаючыся на сына, зазначае, што дужа стараецца працаваць:

«Ён шые там целагрэйкі. Можа, яго і раней выпусьцяць за адсутнасьць парушэньняў і выкананьне пляну. Ён стараецца, каб гэтак было».

На пытаньне, ці прапануюць Яўгену напісаць прашэньне аб памілаваньні, Рушаньня Іванаўна адказвае, што на гэтую тэму стараліся не гаварыць. Пазыцыя Яўгена што да вызваленьня, кажа Рушаньня Іванаўна, такая:

«Буду, казаў, старацца, каб выпусьцілі за добрыя паводзіны. Я яму адказала — табе тут відней. Вырашай сам на месцы, ты ад нас адрэзаны».

Спатканьне адбылося ўпершыню за чатыры гады, але тым ня менш, кажа Рушаньня Іванаўна, не было задужа эмацыйным. Стараліся адно аднаго не расстройваць, зазначае маці палітвязьня:

«Мы людзі такія стойкія, ужо перажыўшыся сьлёзы. Ён таксама ведае, што я стараюся стрымліваць сьлёзы. Яму ж тады будзе сумна і балюча. У красавіку я да яго паеду на кароткае спатканьне зь перадачкай. Цяпер я яму нямерана прывезла. Думала, што Жэнечка ўсё зьесьць».

Са слоў Рушаньні Іванаўны, у калёніі Яўген бачыцца з Арцёмам Пракапенкам. Той адбывае сямігадовае пакараньне за напад на будынак бабруйскага КДБ. Увосень 2010 году Васьковіч, Пракапенка і Павал Сырамалотаў, якога вызвалілі пасьля ягонага прашэньня аб памілаваньні, кінулі ў будынак спэцслужбы дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Праваабаронцы асуджаюць такія дзеяньні хлопцаў, але лічаць, што іх пакаралі непрапарцыйна жорстка. Той тэрмін, які яны адседзелі, на думку праваабаронцаў, дастатковы для пакараньня.

Летась у кастрычніку, пасьля трох гадоў у крытай турме № 4, што ў Магілёве, Васьковіча перавялі назад у калёнію. У турму ён трапіў празь нібыта шматлікія парушэньні распарадку калёніі. Быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. За тры гады турмы, са слоў хлопца, у штрафным ізалятары ён правёў 247 сутак. Цяпер пры росьце ў 182 сантымэтры ён важыць 65 кіляграмаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG