Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч пасьля карантыну пераведзены ў атрад. Пра гэта палітвязень змог паведаміць жонцы Марыне Адамовіч ў тэлефоннай размове.
«Перавялі яго ў атрад, прычым у атрад, які знаходзіцца ў адным будынку са штабам. Каб абмежаваць ягоныя кантакты. І не дазволілі яму працаваць, хаця ён сам рваўся на «промку».
Некалькі тыдняў таму з магілёўскай турмы Мікалая Статкевіча перавялі ў шклоўскую калёнію, дзе ён ўжо адбываў пакараньне пасьля суду. Тады Мікалай Статкевіч працаваў на дрэваапрацоўцы. У шклоўскай калёніі некалькі вытворчых участкаў, але зараз для палітвязьня працы не знайшлося.
Ці ведае Мікалай Статкевіч пра выказваньні на свой адрас Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 29 студзеня? Вось што пра гэта распавяла Марына Адамовіч.
«Сьмяяўся. Ён ня чуў гэтых выказваньняў, але яму намякнуў нехта, што яны былі. Калі ж я яму пераказала, то ён проста расьсьмяяўся. Больш нічога».
Нагадаю, Лукашэнка чарговым разам паведаміў, што не зьбіраецца вызваляць Мікалая Статкевіча датэрмінова, бо лічыць яго злачынцам, які, як ён сказаў, «павёў людзей на штурм». Пры гэтым Лукашэнка, паводле яго словаў, ня бачыць ў Статкевічу свайго канкурэнта на выбарах.
Паводле Марыны Адамовіч, яе муж у расповедах пра цяперашні стан шклоўскай калёніі адзначыў зьмены да лепшага ў будынку, дзе знаходзіцца ягоны атрад, а таксама сказаў, што лепшым стала харчаваньне. Але ў Мікалая Статкевіча пачаліся праблемы з прэсай – выданьні, на якія ён быў падпісаны, дагэтуль да яго не даходзяць.
Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю масавых забурэньняў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык у судзе не прызнаў, а пазьней адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні.
Яўген Васьковіч у калёніі заняўся распрацоўкай сюжэтаў коміксаў
Палітвязень Яўген Васьковіч у вольны ад працы час прыдумляе сцэнары будучых коміксаў. Пра гэта ён паведаміў у лісьце да актывісткі Вольгі Мікалайчык, зь якой аднавіў перапіску.
«Напісаў, што працуе, шые вопратку. А ў вольны час чытае кнігі, займаецца духоўнай практыкай, шмат з кім размаўляе на розныя тэмы. То бок перамена абстаноўкі ў яго і ён вельмі гэтаму рады. І яшчэ ў яго новы праект. Ён знайшоў аднадумцаў і яны разам ствараюць новы праект коміксаў, прыдумляюць сюжэт. Жанр – фантастыка. Гэта вельмі падабаецца і яны хочуць заняцца гэтым на волі. То бок яго гэта значна зацікавіла, зараз ён гэтым жыве».
Яўген Васьковіч, як і Мікалай Статкевіч, раней адбываў пакараньне ў крытай магілёўскай турме як злосны парушальнік рэжыму. У канцы 2014 году Васьковіча перавялі ў магілёўскую калёнію. За кратамі Яўгену Васьковічу, якога ў 2011 годзе асудзілі да зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна будынку КДБ у Бабруйску, яшчэ адбываць амаль 3 гады. Праваабаронцы прызналі Яўгена Васьковіча палітвязьнем, паколькі лічаць, што пакараньне яму несувымернае ўчынку і мае палітычныя матывы.
Андрэй Бандарэнка зноў адмовіўся прымаць ежу ў турэмнай сталоўцы
Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка ў пачатку студзеня быў пераведзены з карцэру ў атрад, дзе вязьні па-ранейшаму зь ім не кантактуюць. Каб пазьбегнуць правакацый, Андрэй Бандарэнка мусіў адмовіцца ад прыняцьця ежы ў сталоўцы бабруйскай калёніі, як гэта ужо было ў канцы мінулага году. Пра гэта паведаміла Вольга Мікалайчык, якая спасылаецца на ліст ад Бандарэнкі.
«Галадоўку ён ня стаў абвяшчаць, бо гэта адбываецца ня з боку адміністрацыі, а з боку вязьняў. Ён цяпер зноў харчуецца самастойна, у сталоўцы не харчуецца».
Паводле Вольгі Мікалайчык, Андрэй Бандарэнка ў лісьце выказаў нязгоду з ацэнкай ягонага працэсу як толькі працэсу над злосным хуліганам. Праваабаронца кажа, што значная частка доказаў супроць яго была сфальшаваная.
Андрэй Бандарэнка вельмі непакоіцца за сям'ю, якая засталася безь ягонай падтрымкі.
«Вялікая частка ліста прысьвечана таму, што ён просіць дапамагаць ягонай сям'і. Ён вельмі ўдзячны, што мы падтрымліваем сувязі зь ягоным татам, ён вельмі ўдзячны Анатолю Лябедзьку, Аляксандру Дабравольскаму, АГП, што ідзе маральная дапамога ягонай сям’і».
Праваабаронца «Плятформы» Андрэй Бандарэнка адбывае ў бабруйскай калёніі 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна матываў перасьледу Бандарэнкі падзяліліся. Адны мяркуюць, што яго пакаралі па справе, іншыя кажуць пра помсту ўладаў і фальшаваньне доказаў.