Украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку пераводзяць у мэдсанчастку ў Матроскую цішыню з-за рэзкай страты вагі, паведамляе яе адвакат Ільля Новікаў.
«Яна пачала рэзка губляць вагу, на 45 дзень галадоўкі арганізм пачаў харчавацца уласнай жывой масай. Зь СІЗА я выйшаў 20 хвілін таму, а хуткая дапамога толькі ад’ехала ад брамы», — напісаў ён у Фэйсбуку.
Акрамя таго, адвакат адзначыў, што ўчора ФСБ паведаміла Саўчанцы аб узбуджэньні супраць яе крымінальнай справы за незаконны пераход мяжы паводле артыкула 322 Крымінальнага кодэксу Расеі.
Афіцыйны прадстаўнік Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Крысьціна Белавусава пацьвердзіла, што супрацоўнікі ведамства пераводзяць Саўчанку ў мэдычную ўстанову. «У сувязі з доўгай адмовай Саўчанкі ад прыёму ежы ФСВП прынятае рашэньне аб накіраваньні яе ў мэдычную ўстанову для дадатковага абсьледаваньня і далейшага назіраньня», — сказала Белавусава.
Паводле яе, мэдыкі ацэньваюць стан здароўя Саўчанкі як здавальняючы. «Яна стала знаходзіцца пад кантролем мэдычнага пэрсаналу і атрымлівае неабходную тэрапэўтычную падтрымку», — сказала Белавусава.
13 сьнежня мінулага году Надзея Саўчанка пачала галадоўку і працягвае яе дагэтуль. Учора Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заклікала ўлады Расеі вызваліць грамадзянку Ўкраіны на працягу 24 гадзін. Раней, 26 студзеня, Саўчанку зарэгістравалі як дэлегатку ПАРЭ, а таксама далі ёй міжнародны імунітэт.
У ліпені летась Саўчанку ўзялі пад варту ў Расеі пасьля таго, як яе, захопленую ў палон сэпаратыстамі, як яна сьцьвярджае, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам.
У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расійскіх журналістаў. Сама яна абвінавачваньні адкідае. Паводле дадзеных абароны, яна трапіла ў палон да гібелі расейцаў і таму не магла быць датычнай да гэтага.