Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мне ўдалося зьвярнуць галаву агалцеламу нацыяналізму (ЖЫВЫ БЛОГ)

абноўлена

Лукашэнка дае прэс-канфэрэнцыю з удзелам незалежных журналістаў. Магчымасьць задаць пытаньне кіраўніку дзяржавы атрымалі 260 журналістаў.

13:34 29.1.2015

Пытаньне ад БДГ-онлайн: Ці плянуецца стварыць якую-небудзь кансультатыўную раду па бізнэсе пры прэзыдэнце?​

Лукашэнка: «Ніякіх радаў пры прэзыдэнце мы ствараць не зьбіраемся. Мы фармуем групы па меры неабходнасьці і робім мазгавыя атакі. Нядаўна ва ўрадзе зьбіраліся бізнэсмэны і раіліся, як выйсьці з групы. І любы бізнэсмэн можа далучыцца. БДГ таксама можа далучыцца».

13:37 29.1.2015

Пытаньне: на чым грунтуецца зьнешняя палітыка Беларусі?

«Ні на ёту не адышлі ад шматвэктарнасьці. Адна з прычын, што страціла тэрыторыі Ўкраіна, – бязмозглая нацыяналістычная палітыка. Мы ня хочам біцца, коса глядзець. Чаго нам ерапеніцца? Калі мы пачнём бадацца з нашымі суседзямі – міру ня будзе. Прыклад таму Ўкраіна. Мы ніколі не былі здраднікамі. У нас абавязаньні перад Расеяй, я ні на ёту не адышоў ад таго, што абяцаў, ад абавязаньняў. Калі нехта кажа, што, дагаджаючы некаму, мы будзем ваяваць з Захадам... Каму гэта трэба? Нікому. Можа, нашу спакойную пазыцыю можна скарыстаць недзе ў нармалізацыі сытуацыі. Мы не шарахаемся. Дайце факты, што я паддобрываюся да Захаду. Я кажу Захаду: вы нам Расею заменіце? Пачынаю ім расказваць гісторыю нашу, наш мэнталітэт... Нашы адносіны з Расеяй – гэта дабро для Захаду. Мы ніколі не стаялі на каленях ні перад Захадам, ні перад Усходам. Гэта некаму хочацца, каб мы шарахаліся, каб нас прыдушыць. Мы больш гэта чуем з боку Расеі. Хоць мы цапаемся з Пуціным, мы зь ім сябры. У нас блізкія адносіны. І я ўсё сказаў яму ў вочы: чаму вы мяне асабіста і беларускі народ абражаеце? РБК і так далей. Мы дамовіліся, што пасьля "Бацька – 1, 2, 3" мы абразаў дапускаць ня будзем. Мяне нахіліць спрабуюць. Я ні перад кім на калені ня стану, пакуль я прэзыдэнт. На Лукашэнку немагчыма націснуць. Амэрыканцы на нас ня ціснулі. Няма рыторыкі, навалы няма. Яны па некаторых прадпрыемствах зьнялі санкцыі. Лукашэнка на Захадзе ніколі любімы ня будзе. Я яшчэ рэагую, ня думайце, што акасьцянеў за 20 гадоў. Але здрадніцтва шараханьня ад Расеі да Захаду ніколі ня будзе. Расея – сьвятое. Рускі народ, расейцы для мяне – сьвятое. На Захадзе я не хачу бачыць ворагаў і ня бачу. Але гэта не азначае, што склаў лапкі і нечага чакаю».

13:42 29.1.2015

«Для Лукашэнкі „лібэралізацыя“ — кепскае і страшнае слова»

Паказальныя развагі Лукашэнкі пра эканамічную лібэралізацыю. Выглядае, ён сапраўды перакананы, што ў Беларусі настолькі лібэральная эканоміка, што няма куды больш. «Якая яшчэ лібэралізацыя вам патрэбная?» — некалькі разоў паўтараў кіраўнік Беларусі. Пры гэтым у якасьці доказу лібэралізацыі Лукашэнка прыводзіў прыклад таго, што ў кожны візыт разам зь ім у замежныя краіны езьдзяць кіраўнікі прадпрыемстваў, і ён, Лукашэнка, ім усяляк дапамагае. То бок дзяржаўны патэрналізм, кантроль над эканомікай прыводзіцца як прыклад «лібэралізацыі».

13:44 29.1.2015

Лукашэнка: «Не рабіце са Статкевіча значнай фігуры. Я не лічу яго палітычным канкурэнтам. Усё, што я ад яго чуў: “Плошча! Плошча!”»...

13:52 29.1.2015

«Расейская мова — гэта нашая мова»

Лукашэнка: «У нас дзьве дзяржаўныя мовы – расейская і беларуская. Гэта вырашана раз і назаўжды. Калі міністру хочацца, каб усё выкладалася па-беларуску – гэта яго жаданьне. Ён, можа, і павінен гэтага і хацець. Але як палітык ён павінен выконваць рашэньне прэзыдэнта. Мы ня будзем адступаць ад гэтай палітыкі. Расейская мова, як і беларуская – гэта багацьце нашай нацыі. Наш народ выпакутаваў нямала, каб нашая расейская мова была роднай».

13:58 29.1.2015

Юры Дракахруст: «Пуцін парушыў канвэнцыю»

Лукашэнка адкрыў таямніцу сваёй поўнай жарсьці прэсавай канфэрэнцыі напрыканцы мінулага году. «Пуцін парушыў канвэнцыю». Лукашэнка спаслаўся на дамоўленасьць з Пуціным, што «Хросных бацькаў» больш ня будзе. Ён прыгадаў, што калі на стадыёне ў Барысаве гучалі абразы на адрас Пуціна, людзі, якія іх дапускалі, былі затрыманыя. Некалькі разоў паўторана – мы ніколі ня здраджвалі Расеі, мы ніколі ня здрадзім Расеі.​

Паказальны кантраст: заходнія краіны ў карціне сьвету Лукашэнкі – гэта некшта накшталт цяжкога ляндшафту, там ёсьць перавагі, ёсьць кепскія бакі, але там, фігуральна кажучы, няма людзей. Людзі – толькі ў Расеі.​

Аднак гульня ў балянс – амаль у кожнай фразе. «Амэрыканцы на нас ня ціснуць» (а расейцы – ціснуць).​

Цікавая інфармацыя пра паляпшэньне адносінаў з ЗША. Гэта, магчыма, ня столькі рэальныя вынікі, колькі мэта, ідэал.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG