Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Багінская паскардзілася ў пракуратуру на зьдзекі міліцыі


Ніна Багінская
Ніна Багінская

Менскія міліцыянты, які абражалі 67-гадовую актывістку, так і не вярнулі забраны ў яе кіёк, без якога ёй цяжка хадзіць.

Актывістка апазыцыі Ніна Багінская, затрыманая 22 студзеня падчас ушанаваньня памяці герояў «Нябеснай сотні» у Менску, абскардзіла грубыя і зьняважлівыя дзеяньні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС Менска ў раённай пракуратуры.

У сваёй скарзе Багінская інфармуе пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска, што затрыманьне ўсіх удзельнікаў ускладаньня кветак ажыцьцяўлялі супрацоўнікі міліцыі як у форме, так і ў цывільным. Усіх пасадзілі ў аўтобус і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Менска. Там, нягледзячы на яе ўзрост (Багінскай — амаль 68 год), паставілі тварам да сьцяны, адабралі кіёк. На просьбы аддаць яго жанчыне і дазволіць сесьці супрацоўнікі міліцыі не рэагавалі. Затым супрацоўнікі міліцыі завялі Багінскую ў пакой для затрыманых у дзяжурнай частцы.

У скарзе Ніна Багінская піша:

«Пасьля таго як у адносінах да мяне зрабілі відэафіксацыю, адзін з супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС г. Менска прапанаваў азнаёміцца з пратаколамі адміністратыўнага правапарушэньня. На мае заўвагі, што я не разумею пратаколы, складзеныя па-расейску, ён пачаў абражаць мяне грубай нецэнзурнай лаянкай, абражаў мой чалавечы годнасьць і гонар. На мае заўвагі супрацоўнік адрэагаваў пагрозамі фізычнай расправы ў мой адрас. У прыватнасьці ён сказаў, што я ўжо старая і мяне пара ўжо закапаць і што ён гэта зробіць. Гэты супрацоўнік міліцыі быў без бэджа з указаньнем ягонага прозьвішча. Пры гэтай размове прысутнічалі іншыя адміністратыўна затрыманыя, што знаходзіліся ў той дзень у дзяжурным пакоі Цэнтральнага РУУС г. Менска».

Ніна Багінская лічыць, што сваімі дзеяньнямі гэты супрацоўнік міліцыі дапусьціў абразу яе чалавечай годнасьці і гонару:

«Лічу, што супрацоўнік міліцыі ў дадзеным выпадку ўчыніў не дапушчальныя дзеяньні не сумяшчальныя са службай у органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС г. Менска так і не аддалі мне мой кіёк і мне цяпер цяжка без яго свабодна рухацца».

Ніна Багінская просіць пракуратуру правесьці праверку вышэйпрыведзеных фактаў, устанавіць асобу супрацоўніка Цэнтральнага РУУС г. Менска, які дапусьціў парушэньне яе законных правоў і прыняць меры пракурорскага рэагаваньня ў дачыненьні да вінаватых, а таксама аднавіць парушаныя правы і указаць кіраўніцтву РУУС Цэнтральнага раёна г. Менска аб недапушчэньні падобных дзеяньняў у дачыненьні да грамадзян з боку супрацоўнікаў РУУС у будучым«.

Аналягічная скарга таксама накіраваная на імя Міністра ўнутраных спраў Беларусі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Адміністратыўная справа Ніны Багінскай за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Менска 23 студзеня. Прысуд — штраф у памеры 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў). Яшчэ 5 удзельнікаў ускладаньня кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку былі пакараныя арыштамі ад 5 да 15 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG