Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павыносяць турмы з помнікаў культуры?


Турма прысутнічае кожны дзень у жыцьці гарадзенцаў
Турма прысутнічае кожны дзень у жыцьці гарадзенцаў

У Беларусі найменей чатыры помнікі культурна-гістарычнай спадчыны, у якіх месьцяцца турэмныя ўстановы. Будынкі паступова разбураюцца, і ёсьць небясьпека, што некаторых ужо ня ўбачаць наступныя пакаленьні.

Ці трэба турме займаць помнік архітэктуры, нават калі ад самога пачатку ён будаваўся як астрог? Наколькі здольнае кіраўніцтва пэнітэнцыярнай сыстэмы, якое гаспадарыць у гэтых будынках, даглядаць за імі? У якім яны цяпер стане?

На гэтыя пытаньні ў нашай праграме адказваюць колішнія вязьні чатырох беларускіх астрогаў — Валадаркі, сьледчага ізалятара ў Бабруйску, Глыбоцкай калёніі і Гарадзенскай турмы. Таксама ў праграме бяруць удзел старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, былы начальнік «Валадаркі», гараджане, якія жывуць побач з турэмнымі ўстановамі...

Антон Астаповіч, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

«Калі гаварыць пра турэмныя ўстановы і гісторыка-культурную спадчыну, то ў нас у Беларусі ў чатырох гарадах такія ўстановы ў помніках архітэктуры. Гэта турмы: у Горадні; у Глыбокім — у Беразьвецкім кляштары; сьледчы ізалятар у Бабруйску знаходзіцца ў крапасным форце ў вежы Апэрмана; і гэта менскі Пішчалаўскі замак, дзе сьледчы ізалятар № 1. Але апошні якраз захоўвае сваю функцыю, таму што будаваўся на пачатку ХІХ стагодзьдзя менавіта як турэмны замак. Бабруйская крэпасьць таксама ўжо ў 1850–1860-я гады пачынае страчваць стратэгічнае значэньне і фартыфікацыйныя збудаваньні пачынаюць выкарыстоўваць у якасьці турэмных. Тая ж вежа Апэрмана ўжо недзе сто пяцьдзясят гадоў выкарыстоўваецца як турэмны будынак. Збудаваньні ж у Глыбокім і Горадні мелі, аднак, зусім іншыя мэты ».

«Стан Пішчалаўскага замку самы жахлівы»

Паводле Антона Астаповіча, ён атрымаў зьвесткі, што зусім неўзабаве сьледчы ізалятар № 1 будзе выведзены з цэнтру Менску. Нібыта рыхтуецца тэндэрная прапанова на праектныя працы па турэмным замку.

Пішчалаўскі замак, вядомы як "Валадарка"
Пішчалаўскі замак, вядомы як "Валадарка"

Як сьведчаць былыя сядзельцы чатырох вышэй названых турэмных установаў, у самым жахлівым стане знаходзіцца самы «малады» будынак — «Валадарка» або Пішчалаўскі замак. Пра разбурэньне гэтай, узьведзенай у 1825 годзе гістарычнай забудовы, яе вызваленьне ад турэмных функцыяў, а таксама перанос СІЗА № 1 у новы турэмны комплекс у Калядзічах СМІ пісалі яшчэ ў мінулым дзесяцігодзьдзі. Згодна з указам прэзыдэнта будоўлю належала завяршыць у 2010–2015 гадах. У 2013-м, аднак, у СМІ зьявіліся зьвесткі пра карупцыйны скандал на турэмнай будоўлі, а таксама паведамленьні, што згодна з указам прэзыдэнта аб’ект павінен быць гатовы ў 2017-м.

Фотарэпартаж карэспандэнта выданьня «Ежеденевник», сьнежань 2013. Сёньня ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў пра здачу аб’екта ў эксплюатацыю ў 2017 годзе канкрэтна нічога не абяцаюць. Кажуць: скончым, як толькі будзем мець сродкі

Тым часам стары замак працягвае разбурацца. Некаторыя яго нядаўнія вязьні мяркуюць, што наўрад забудову ўдасца захаваць для нашчадкаў.

Менскі гісторык, фігурант па справе Плошчы, былы палітзьняволены Зьміцер Дрозд адседзеў на «Валадарцы» паўгода. Потым адмыслова вывучаў архіўныя дакумэнты, зьвязаныя з гісторыяй Пішчалаўкі. Ён кажа, што яшчэ на пачатку 19 стагодзьдзя, на стадыі праектаваньня гэтай турэмнай пабудовы, архітэктары ды будаўнікі дапусьцілі сур’ёзныя памылкі, і ўжо праз досыць кароткі час менская турма пачала патрабаваць ад турэмнага ўпраўленьня Расейскай імпэрыі грошы на рэканструкцыю і рамонт.

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

«Пішчалаўскі замак быў звычайным для тагачаснай Расейскай імпэрыі тыпавым праектам. Падобныя турэмныя збудаваньні захаваліся ў розных гарадах сучаснай Расеі ды Ўкраіны. Пішчалаўка была пабудаваная па мерках таго часу з шэрагам памылак. Як вынікае з архіўных дакумэнтаў, ёй пастаянна патрабаваўся рамонт, і ў будынак увесь час укладаліся фінансавыя сродкі. Зь іншага боку, турэмны статус ратаваў замак ад заняпаду і нават зьнішчэньня. Калі б у нейкі момант зь яго зрабілі нешта менш „карыснае“, чым вязьніца, яго б ужо не было».

Паводле Зьмітра Дразда, у турэмным Пішчалаўскім комплексе захаваўся на сёньня хіба што белы мур, якім быў абнесены замак, ды яшчэ стайні, якія пры Саветах былі ператвораныя ў жаночыя карпусы і выконваюць гэтую функцыю і дагэтуль.

Дрозд: «Сёньня сам Пішчалаўскі замак як турма факіычна не функцыянуе. Асноўная нагрузка сёньня кладзецца на пабудаваныя пры Саветах новыя карпусы, дзе сядзеў я і сядзяць іншыя ЗК. Аднак падчас майго паўгадавога зьняволеньня я штодня мог глядзець на замак з вакна і бачыў яго, прынамсі адну яго палову, вельмі добра. Там абсалютна пустыя вокны, дзе ніколі не загараецца сьвятло. Там няма ніякага жыцьця. А сам будынак сьцягнуты такімі зялёнымі мэталічнымі сьцяжкамі, якія яго трымаюць, каб ён канчаткова не разваліўся. Як гэта было з адной зь вежаў, рэстаўраваць якую, на мой погляд, ужо немагчыма».

«Па сутнасьці, у самім замку цяпер функцыянуюць толькі падвалы, — працягвае Зьміцер. — Цягам шасьці месяцаў мы хадзілі празь іх на шпацыр у турэмны дворык. У прынцыпе, там можна было і па вуліцы прайсьці, але прынята ўсё ж спускацца і ісьці на прагулку праз сутарэньне. Цяпер там захоўваюцца матрацы, падушкі. Памяшканьне пастаянна затапляецца, і туды кладуць насьцілы. Аднойчы я, скачучы праз дошкі, нават разьбіў сабе нос».

У цэнтры гораду расстрэльваюць?

— Звычайна пра старажытныя турэмныя скляпы або вежы старыя арыштанты расказваюць навічкам нямала жахлівых гісторыяў. Тут і прывіды былых вязьняў, і розная іншая містыка. Вы такое нешта чулі?

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:50 0:00
Наўпроставы лінк

Дрозд: «Каб такое было на „Валадарцы“ — ня памятаю, аднак вельмі часта на тварах тых, хто разам са мной ішоў на шпацыр праз сутарэньні, я бачыў жах. У самы першы дзень, калі мяне павялі на шпацыр, сукамэрнікі паказалі мне ў сутарэньнях на адны зачыненыя дзьверы. Яны сказалі, што гэта памяшканьне, дзе расстрэльваюць людзей. Я ня ведаю, наколькі гэта праўда. Але бадай усе вязьні ў гэта вераць. Там ёсьць сьцены 70-сантымэтровай таўшчыні, і калі расстрэльваць, ніхто нічога не пачуе. І гэтая рэальная рэч узьдзейнічала нашмат больш, чым розныя самыя страшныя турэмныя легенды».

Пішчалаўскі замак або "Валадарка", архіўнае фота
Пішчалаўскі замак або "Валадарка", архіўнае фота

Як перакананы Зьміцер Дрозд, турмы, тым больш такой, дзе ёсьць камэры сьмяротнікаў і, што вельмі верагодна, расстрэльныя камэры, у цэнтры гораду быць не павінна. Пішчалаўскі замак, калі яго рэстаўраваць і зрабіць зь яго музэй, мог бы шмат расказаць людзям пра 200-гадовую гісторыю зьняволеньня ў Менску. Тым больш што ў беларускай сталіцы вельмі мала гістарычных помнікаў. Аднак ці здарыцца такое, Зьміцер ня ўпэўнены.

Дрозд: «Так, гісторыя гэтай турмы вельмі цікавая, бо там сядзела шмат вядомых людзей, арганізоўваліся ўцёкі. У Менску, дзе захавалася вельмі мала гістарычных помнікаў, музэй такога кшталту меў бы шмат наведнікаў. Аднак для гэтага патрэбныя вельмі вялікія ўкладаньні. Патрэбная таксама нейкая палітычная воля. Пры цяперашняй сытуацыі я думаю, што „Валадарку“ аддадуць пад нейкі бізнэс-праект. Месца тут для продажу вельмі добрае. Зробяць нейкі шыкоўны квартал з хмарачосамі, як на Кальварыйскай, на месцы былой калёніі, Сам замак могуць зьнесьці і на яго месцы пабудаваць штосьці кшталту копіі са шклопакетамі. Можа быць створаны гатэль, аднак сапраўдны музэй — наўрад ці».

«Тут ня толькі ад Лукашэнкі залежыць»

Іншы ўдзельнік перадачы, былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч сядзеў на «Валадарцы» двойчы. Таксама ён прайшоў. праз глыбоцкую калёнію ды гарадзенскую турму. Паводле ягоных словаў, сярод гэтых трох гістарычных пабудоваў стан «Валадаркі» — самы жахлівы.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Дашкевіч: «Стан „Валадаркі“, калі глядзець на разваленыя вежы, зусім жахлівы. Я першы раз быў зьмешчаны на „Валадарку“ ў 2006 годзе, і ўжо гэта быў такі дабіты будынак, змацаваны скобамі жалезнымі, каб не развальваўся. Стан такіх збудаваньняў гістарычных, як глыбоцкая турма-калёнія або гарадзенская турма, — ён троху лепшы. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Можа, з тым, што там меншыя патокі людзей, чым у Менску. Ну, напрыклад, той корпус у гарадзенскай турме, дзе я адбываў пакараньне ў „крытай турме“ гэтак званай, — ён вельмі добра аздоблены з гістарычнага пункту гледжаньня, то бок зробленая рэстаўрацыя. Там на некаторых калідорах адмыслова пакінулі, каб былі бачныя камяні муроў, якія пры будаваньні выкарыстоўваліся. І я нават сустракаў, што водзяць экскурсіі па гарадзенскай турме. Мажліва, яна ў нейкім пляне выкарыстоўваецца — нягледзячы на тое, што там адбываюць пакараньне людзі, — як гістарычны аб’ект».

Гарадзенская турма. Стромыя дахі турэмных будынкаў даўно не перакрывалі, шыфер практычна пачарнеў
Гарадзенская турма. Стромыя дахі турэмных будынкаў даўно не перакрывалі, шыфер практычна пачарнеў

— А што ўнутры? Ці робіцца рамонт? У якім стане сьцены? Ці вязьні могуць на іх нешта пісаць, пазначаць, колькі яны праседзелі за кратамі? Або гэта будзе парушэньне?

Дашкевіч: «У тых камэрах, дзе людзі адбываюць пакараньне, трэба разумець, што чалавек не заехаў на 5—10—15 сутак ці на месяц. Тая ж гарадзенская турма або камэры глыбоцкай калёніі — месца, дзе людзі сядзяць па 3—5—10 гадоў. Гэта іх дом фактычна, і яны зацікаўленыя ў тым, каб там ніякіх надпісаў не было. Ну, і, натуральна, адміністрацыя на гэта зьвяртае ўвагу. Карацей, я б не сказаў, што там нейкімі надпісамі псуюцца сьцены. Хутчэй яны псуюцца празь вільгаць, праз тое, што вэнтыляцыі няма нармальнай. Напрыклад, у гарадзенскай турме калідоры аздобілі, зрабілі рэстаўрацыю. А камэры — яны ў жахлівым стане: фарба ад вільгаці аблазіць, вэнтыляцыі няма, таму што вялікія памяшканьні падзялілі на 2—3—4 камэры. Ну, і гэта дажывае свой век. Калі ў такім стане будынак пабудзе яшчэ дзясятак-другі гадоў, то мала што там застанецца».

Ці верыць Зьміцер Дашкевіч у іншую будучыню беларускіх турэмных будынкаў як музэяў, месцаў адкрытага доступу для беларусаў?

Ён адказвае, што магчымасьці бачыць, але ўсё будзе залежаць ад пошуку інвэстараў:

«Тут ня толькі ад Лукашэнкі залежыць. Наўрад ці дэмакратычная ўлада знайшла б такія сродкі велізарныя, каб рэстаўраваць, каб пабудаваць новыя турмы, каб перасяліць... Трэба шукаць інвэстараў, якія б за гэты будынак маглі ўзяць адказнасьць, выкарыстоўваць у нейкім гістарычным пляне».

Бабруйская крэпасьць
Бабруйская крэпасьць

Што тычыцца Бабруйскага СІЗА, які месьціцца ў вежы Апэрмана, то, паводле былых яго сядзельцаў, унутры турма захавалася значна лепш, чым тая ж «Валадарка». Магчыма, гэта зьвязана з тым, што Бабруйскую крэпасьць узводзілі не паводле тыпавога праекту, а на адмысловую замову расейскага імпэратара Аляксандра. Будавалі яе найлепшыя інжынэры, выкарыстоўваючы самыя трывалыя матэрыялы з усяго сьвету. У савецкія часы (1960-я гады), калі тут пачаў дзейнічаць сьледчы ізалятар, у ім, адрозна ад іншых турмаў, што месьцяцца ў гістарычных будынках, правялі татальную рэканструкцыю.

Былы палітвязень, маладафронтавец Арцём Дубскі правёў.у вежы чатыры месяцы. У адной з нашых праграмаў ён узгадваў:

Арцём Дубскі
Арцём Дубскі

«Паводле памераў гэтая пабудова ня надта вялікая. Прыкладна такая, як Белдзяржцырк. Чаго толькі ў гэтай вежы не было: і розныя стайні, і склады снарадаў падчас Другой усясьветнай вайны, і нейкая турма для тых, хто пазычыў шмат грошай і не вярнуў. Вельмі разнаплянавы набор такіх профіляў быў, якія ўвесь час зьмяняліся. Аднак у будынку знутры ўсё, відаць, захавалася так, як і 200 гадоў таму. То бок 200 год цэгле, і новая цэгла, якой спрабуюць заштукоўваць дзіркі і адтуліны, не вытрымлівае кліматычнага ўзьдзеяньня і разбураецца. Знутры ён у вельмі добрым стане. Звонку, на жаль, зь невядомых мне прычын мо якія мясцовыя людзі ці яшчэ нехта псуюць яго, і выглядае ён ня вельмі».

У архіўных дакумэнтах канца пазамінулага стагодзьдзя чытаем запіску ў Галоўнае ўпраўленьне турмаў ад прадстаўніка так званай камісіі па праверцы, дзе стану бабруйскай турмы даецца высокая ацэнка. Як адзначаецца ў той жа запісцы камісіі па праверцы турмаў, «добры бок вязьніцаў у Менскай губэрні ў тым, што колькасьць зьмешчаных у іх арыштантаў звычайна не перавышае той колькасьці, якая закладзеная ў праект, і што турэмныя замкі ў гарадах Менску, Ігумене (цяперашні Чэрвень), Наваградку і Бабруйску каменныя і зусім трывалыя».

Праблемы гарадзенскай турмы

Калі будынак турмы — помнік архітэктуры, гэта азначае, што ёсьць гаспадар і будынкі даглядаюцца. Аднак на практыцы нярэдка бывае зусім ня так, як мае быць. Ці трэба вызваляць гістарычную забудову ад турэмных установаў? Свой погляд на праблему выказвае Антон Астаповіч, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00
Наўпроставы лінк

Гарадзенская турма № 1 — гэта палова гістарычнага квартала, які, пачынаючы з ХVІІ стагодзьдзя, займалі будынкі езуіцкага калегіюму. Комплекс старых камяніц — помнік архітэктуры. Другая палова квартала — гэта будынкі дыяцэзіяльнай курыі і гмах катэдральнага сабору. Астрог тут пару стагодзьдзяў, з часоў цара Аляксандра І. Дваццаць гадоў таму на гарадзкой ускраіне быў выдзелены пляц, каб пабудаваць новую вязьніцу, бо з цэнтру гораду турму вырашылі нарэшце прыбраць.

Новую турму плянавалася пабудаваць на землях за прадпрыемствам «Хімвалакно», гэтай дарогі ў той час не існавала.
Новую турму плянавалася пабудаваць на землях за прадпрыемствам «Хімвалакно», гэтай дарогі ў той час не існавала.

Грошай тады не знайшлі, і праект паклалі пад сукно. Аднак патрэба вынесьці турму з гістарычнай забудовы ня зьнікла. Цярпіць турыстычная прывабнасьць гораду. Многія сьвяты, канцэрты праходзяць пры самых турэмных мурах.

«Жыхарам суседніх дамоў немагчыма спаць з-за брэху турэмных сабак»

Вось што думаюць наконт вялікай турмы ў самым цэнтры Горадні гараджане, у тым ліку тыя, хто жыве каля вязьніцы на вуліцы Савецкай.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:51 0:00
Наўпроставы лінк

«Вось я тут жыву шмат гадоў, — дзеліцца жанчына сталага веку, — і ў мяне ўвесь час нейкі цяжар на сэрцы ад гэтага муру. Калі тут праходжу, то настрой заўсёды псуецца. Думаеш, вось там сядзяць нейкія людзі за нейкія нядобрыя ўчынкі, чаму яны там, навошта. Часта бачу, як іх выводзяць фарбаваць сьцены. Яны ў адпаведнай робе, адчуваюць сябе няёмка, увесь часа азіраюцца. Заўсёды не па сабе, калі бачу машыны, якія прывозяць ці некуды адвозяць зьняволеных Яны стаяць адна за адной, а побач сабакі разам зь міліцыянтамі. Дарэчы сабакі не даюць спаць па начах — так моцна і няспынна яны брэшуць. Гэта ня можна не нэрваваць ня толькі тых, хто жыве побач, але і мінакоў, гасьцей гораду».

«Ня ўпэўнены, што тут ёсьць ўсе ўмовы, каб утрымліваць у нармальных цывілізаваных умовах злачынцаў, — кажа малады мужчына. — А гэта ніяк не спрыяе таму, каб ён вярнуўся ў грамадзтва нармальным чалавекам»

«Замест аднаго лядовага палаца магла б атрымацца адна сучасная турма»

Былы начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў больш за 10 гадоў жыве ў Бэрліне. Лічыць, што ў якасьці турмаў сёньня павінны служыць сучасныя збудаваньні, выкананыя з улікам гуманных патрабаваньняў да ўтрыманьня вязьняў. Зыходзячы з эўрапейскага досьведу, дасягнуць выпраўленьня або рэсацыялізацыі ў іншых умовах немагчыма. А значыць, дзяржава проста марнуе грошы на ўтрыманьне парушальнікаў закону.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

«Я быў у турме ШТАЗІ ў Бэрліне. Там ёсьць корпусы, дзе сядзелі нямецкія вязьні. Гэта як нумары ў сьціплых гатэлях. На аднаго чалавека. У памяшканьні цёплая вада, унітаз. Таксама ў цэнтры двара я ўбачыў нейкае збудаваньне, якое прыняў спачатку за бамбасховішча, выкладзенае зь нейкіх бэтонных блёкаў. Аказалася, гэта было пабудавана ўжо савецкімі вайскоўцамі для сваіх савецкіх арыштантаў. Там нічога не было, акрамя парашы. На адной і той жа тэрыторыі адны сядзелі ў камфортных умовах, а астатнія...»

Былы начальнік «Валадаркі» лічыць, што на сродкі, якія пайшлі на будоўлю аднаго лядовага палаца, ужо б даўно можна было пабудаваць вельмі сучасную, нават па заходніх мерках, турму.

«Калі б мне даручылі такое, — працягвае Алег Алкаеў, — я б мог за месяц зрабіць турму з таго ж гатэля „Мінск“. Толькі б краты паставіў. Чалавека павінны пазбаўляць свабоды перамяшчэньня, але не ствараць для яго на кожным кроку бытавыя невыгоды. Але калі там і дагэтуль ня вырашанае пытаньне з туалетнай паперай, то што казаць пра сьцены?»

Пішчалаўскі замак, у якім раней, акрамя сьмяротнікаў, трымалі і іншых вязьняў, відаць, пачаў разбурацца яшчэ пры вас? Як вы самі ацэньваеце яго як турэмную пабудову? Ці рамантаваўся ён пры вас грунтоўна?

Алкаеў: «Сам па сабе будынак вельмі грунтоўны. З такімі сьценамі ён мог бы прастаяць шмат. Проста перакрыцьці там драўляныя. А іх трэба было мяняць. Зразумела, турма разбуралася. Пры мне там утрымлівалася каля трох тысяч чалавек, а часам і ўсе пяць. Вялікія патокі вады для мыцьця, вэнтыляцыя слабая, вільгаць. Сродкі выдзяляліся толькі на касмэтычны рамонт — пабяліць, пафарбаваць. У начальніка турмы займацца гэтым магчымасьцяў не было. Мяне нават ніхто і не пытаўся, як можна што палепшыць. Усё вырашалі міністэрскія чыноўнікі, якія на кароткі час наведвалі турму. Бюджэт выдзяляў капейкі, на якія ня купіш ані цэмэнту, ані цэглы. Заўсёды быў аргумэнт: усё стаіць і так, чаго яшчэ трэба — пабялі, пафарбуй, і ўсё».

Алег Алкаеў перакананы, што старыя пабудовы —— нават тыя, якія ствараліся, накшталт Валадаркі, адмыслова як астрог, — павінны атрымаць новае жыцьцё як гістарычныя аб’екты. Бо гэта вельмі важны кавалак гісторыі, якую павінны ведаць дзеці і ўнукі сучасных беларусаў.

Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG