Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рэальна адбываецца ў аэрапорце Данецка?


Данецкі аэрапорт
Данецкі аэрапорт

На ўсходзе Ўкраіны не спыняюцца баі за стратэгічна важны аб’ект — данецкі аэрапорт.

У мінулыя выходныя аднавіліся баявыя дзеяньні фактычна на ўсёй лініі судакрананьня сэпаратыстаў і ўкраінскай арміі на ўсходзе Ўкраіны.

Параненых украінскіх байцоў, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА), эвакуявалі з данецкага аэрапорта.

Супярэчлівая інфармацыя ў суботу і нядзелю паступала аб тым, пад чыім кантролем знаходзіцца аэрапорт Данецка: сэпаратысты сьцьвярджалі, што цалкам выціснулі адтуль украінскіх вайскоўцаў, тыя, у сваю чаргу, заяўлялі аб захаваньні кантролю над аэрапортам.

У той жа час моцна вырасла інтэнсіўнасьць абстрэлаў і сутыкненьняў у іншых гарачых кропках зоны АТА — пад Марыюпалем, у Дэбальцава, у самім Данецку. Пра гэта паведамляюць украінскія СМІ.

Крэмль і прадстаўнікі так званых «Данецкай» і «Луганскай» народных рэспублік кажуць пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва і абвінавачваюць украінскую армію.

Украінскае камандаваньне, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што атаку па ўсёй лініі фронту пачалі яе праціўнікі, у шэрагах якіх — кадравыя вайскоўцы расейскай арміі без апазнавальных знакаў.

Аб тым, што адбываецца ў раёне аэрапорта Данецка Радыё Свабода распавёў украінскі ваенны экспэрт, афіцэр 95-й аэрамабільнай брыгады Валеры Логінаў, пазыўны «Аскольд»:

— Данецкі аэрапорт, у прынцыпе, зьяўляецца той кропкай, якая належыць абодвум бакам. Кожны з бакоў займае свае пазыцыі. Наша пазыцыя ў новым тэрмінале — на першым, часткова на другім паверхах. Сэпаратысты займаюць сутарэннае памяшканьне, 3-і і 4-ы паверхі, часткова другі. Стары тэрмінал сапраўды знаходзіцца ў руках сэпаратыстаў. Але ён практычна цалкам разбураны і ня можа выконваць у поўнай меры функцыі фартыфікацыйнага збудаваньня для абароны.

— Ці ёсьць загінулыя і параненыя сярод украінскіх вайскоўцаў?

— Ёсьць параненыя. За апошнія тры дні было вывезена з поля бою каля 70 вайскоўцаў з рознымі ступенямі раненьня. Былі і загінулыя хлопцы, у тым ліку быў памерлы ад ран адзін з байцоў, які памёр у самім тэрмінале. Наша камандаваньне спрабавала правесьці перамовы аб вывазе з тэрыторыі тэрмінала 23 параненых і яшчэ двух забітых. Але праціўнікі ўсё адхілілі, і гэты чалавек памёр з-за страты крыві.

— У нядзелю ўвечары зьявіліся паведамленьні пра спробы сэпаратыстаў акружыць ня толькі аэрапорт, але і населены пункт Пяскі, апірышча ўкраінскіх сілаў. Ці атрымалася гэта зрабіць?

— Не, вядома, зрабіць гэта ім не ўдалося. Там знаходзіцца дастаткова сілаў, дастаткова сродкаў артылерыйскай падтрымкі. Таму ўсе спробы трапіць у Пяскі з поўдня цалкам праваліліся. Там працуюць снайпэрскія групы, працуюць выведвальныя групы з боку сэпаратыстаў, але казаць пра нейкі наступ з боку сэпаратыстаў абсалютна не даводзіцца. Хачу адзначыць, што з боку Данецка актыўна выкарыстоўваецца цяжкая артылерыя, прычым настолькі магутны калібар, што пры трапленьні снарада ўтвараецца варонка памерам 1,5 на 1,5 м і глыбінёй 1,2 м, гэта значыць фактычна ўжо гатовы акоп для салдата. Цэлых дамоў у Пясках практычна не засталося.

— Калі ў цэлым ацэньваць сытуацыю ў зоне АТА, ці можна казаць пра поўнамаштабны наступ суперніка на ўкраінскія пазыцыі?

— Казаць пра гэта пакуль рана. Але поўнамаштабнага наступу з боку ДНР мы пакуль не назіраем, гэтак жа, як тыя мерапрыемствы, якія былі праведзеныя нашым камандаваньнем, таксама нельга назваць наступам. Гэта, хутчэй за усё, была пазыцыя прымусу да міру. Таму што з боку ДНР пачасьціліся абстрэлы, актыўныя наступальныя дзеяньні. У першую чаргу яны паставілі сабе за мэту — захапіць тэрмінал. Мабыць, тэрмінал для іх зьяўляецца нейкай палітычнай кропкай адліку. У пэўным сэнсе і для ўкраінскага боку гэта палітычная кропка адліку. Гэта як сымбаль мужнасьці нашых украінскіх хлопцаў.

Вайсковец 93-й мэханізаванай брыгады ўзброеных сілаў Ўкраіны Аляксандар Мамалуй таксама пацьвердзіў Радыё Свабода, што ўкраінскія вайскоўцы кантралююць некалькі ўчасткаў данецкага аэрапорта:

— Ідуць цяжкія баі. Украінскія вайскоўцы застаюцца ў некалькіх кропках аэрапорта — на мэтэастанцыі і на радарнай станцыі. Паводле нашай інфармацыі, падразьдзяленьні расейскай рэгулярнай арміі на ўсім працягу канфлікту ў большай ці меншай ступені бралі ўдзел у баявых дзеяньнях. Колькі іх цяпер тут, мы ня ведаем, іх ня так шмат, як было ў жніўні пад Ілавайскам, але, паводле нашай інфармацыі, яны ёсьць.

Пра баі за данецкі аэрапорт распавядае журналіст выданьня «Навіны Данбаса» Міхаіл Баган:

Пуцілаўскі мост недалёка ад аэрапорта Данецка
Пуцілаўскі мост недалёка ад аэрапорта Данецка

— Сытуацыя досыць складаная. На дадзены момант, наколькі нам вядома, у аэрапорце працягваюцца баі. Прадстаўнікі так званай ДНР заяўляюць, што аэрапорт знаходзіцца пад іх кантролем. Аднак украінскія вайскоўцы і спэцыялісты падтрымліваюць сувязь з вайскоўцамі ў аэрапорце. Аэрапорт сэпаратыстамі ня ўзяты. Зразумела, што сам аэрапорт разбураны цалкам, ён не прыдатны да выкарыстаньня. Але гэта пляцдарм для магчымага вызваленьня Данецка. У гэтым яго асноўная каштоўнасьць. Вядома, жыхары Данецка пакутуюць. Разбураны Пуцілаўскі мост, які зьвязвае мікрараёны, разьмешчаныя побач з аэрапортам, непасрэдна з горадам. Гэта асноўная дарога, якая вядзе ў аэрапорт. Частка мікрараёнаў адрэзаныя ад цэнтру. І людзі працягваюць гінуць у выніку гэтых абстрэлаў.

Дом у Данецку, разбураны ў выніку абстрэлу
Дом у Данецку, разбураны ў выніку абстрэлу

Падчас барацьбы за аэрапорт артабстрэл зьведала таксама паўночная частка Данецка. У выніку тысячы жыхароў засталіся ў панядзелак безь сьвятла. Паведамляецца таксама, што за суткі загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ 18 атрымалі раненьні.

На фоне эскаляцыі напружанасьці ва ўсходніх раёнах Украіны ўлады краіны прынялі рашэньне закрыць рух па аўтамабільнай дарозе, што вядзе ў бок тэрыторыі, якую кантралююць сэпаратысты з самаабвешчанай ЛНР. Губэрнатар Луганскай вобласьці Генадзь Маскаль паведаміў, што зачынены аўтамабільны прапускны пункт у населеным пункце Шчасьце. Пазьней ён дадаў, што зь 19 студзеня будзе зачынены праезд праз пункты Станіца Луганская і Лісічанск.

21 студзеня ўкраінскія ўлады ўводзяць спэцыяльную прапускную сыстэму ўезду і выезду з зоны правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі ва ўсходніх абласьцях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG