19 студзеня кіраўнікі МЗС 28 краінаў-чальцоў Эўразьвязу разгледзяць магчымасьці пашырэньня санкцый супраць Расеі за яе дэстабілізацыю Ўкраіны, а таксама процідзеяньне крамлёўскай прапагандзе.
Як тлумачаць у Эўрапейскай службе зьнешняй дзейнасьці, у цяперашні час гаворка ідзе пра больш шырокае бачаньне самой стратэгіі адносінаў з Расеяй на фоне яе ўсё больш агрэсіўнай палітыкі ў дачыненьні да Ўкраіны, і, увогуле, Захаду.
Прадстаўніцтва Ўкраіны пры Эўразьвязе пачатак кансультацыяў на ўзроўні міністраў замежных спраў для распрацоўкі стратэгіі адносінаў з Расеяй успрымае аптымістычна. Гэта толькі пачатак, але важна, што ў Эўрапейскай садружнасьці нарэшце ўсьведамляюць неабходнасьць дзейнічаць адзіным фронтам, тлумачыць Канстанцін Елісееў, старшыня Прадстаўніцтва Ўкраіны пры ЭЗ.
«Эўразьвяз зразумеў, што трэба нарэшце распрацаваць узгодненую, скаардынаваную і ўсеабдымную стратэгію адносінаў з Расеяй — тое, на што Прадстаўніцтва зьвяртала ўвагу ўжо на працягу многіх гадоў», — кажа дыплямат, адначасова вызначаючы тры рэчы, безь якіх, на яго думку, эўрапейская стратэгія ў дачыненьні Расеі будзе асуджаная на правал.
«Па-першае, яе асновай павінна быць адзінства і салідарнасьць усяго Эўразьвязу, таму што Расея ўвесь час спрабуе падзяліць яго пазыцыю ў прыватнасьці, у тым, што тычыцца Ўкраіны. Па-другое, у аснове любой стратэгіі ЭЗ у дачыненьні да Расеі павінна ляжаць павага з боку расейцаў да фундамэнтальных прынцыпаў міжнароднага права, сярод якіх асноўны — сувэрэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасьць і непарушнасьць межаў суседніх дзяржаў. І апошняе — гэта павага да Ўкраіны як дзяржавы з эўрапейскай пэрспэктывай», — кажа Елісееў.
«Блёк эўрапейскіх дзяржаў дасюль даволі нядрэнна трымаўся разам, рэагуючы на гэтыя дзеяньні сваімі санкцыямі, але пачынаецца 2015-ы год, і ЭЗ варта вызначыць далейшыя крокі», — са свайго боку тлумачыць задачу, якая стаіць перад кіраўнікамі дыпляматычных ведамстваў дзяржаваў-сябраў Роланд Фройдэнштайн, намесьнік дырэктара брусэльскага Цэнтра эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Ўілфрыда Мартэнса.
«Стала відавочна, што ёсьць дзяржавы ЭЗ, якія, нягледзячы на сытуацыю ва Ўкраіне і існыя санкцыі, зацікаўленыя ў паляпшэньні адносінаў з Расеяй, — гаворыць экспэрт. — Яны вылучаюць новыя формы, скажам, наладжваючы супрацоўніцтва ЭЗ з эканамічным Эўразійскім саюзам. Іншыя дзяржавы катэгарычна супраць гэтай ідэі. Таму, набліжаюцца дыскусіі паміж гэтымі двума лягерамі, і мы ўбачым, што з гэтага атрымаецца».
Між тым у дыпляматычных колах ЭЗ запэўніваюць, што зьмяненьняў у цяперашняй палітыцы ў дачыненьні да Расеі няма, а ў рэжыме санкцыяў зьменаў ня будзе, пакуль Масква не пачне выконваць Менскія пагадненьня. Хоць міністры замежных спраў з 28 краінаў-сябраў у цяперашні час будуць разважаць пра тое, ці мае сэнс правесьці разьмежаваньне паміж санкцыямі ў дачыненьні да Расеі ў цэлым і паміж эмбарга ў дачыненьні да Крыма і мясцовых палітыкаў.
У той жа час, кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў ЭЗ у Брусэлі будуць разглядаць пытаньне аб сродках і формах супрацьстаяньня расейскай прапагандзе, якая выклікае ў садружнасьці ўсё большы неспакой. У гэтым сэнсе дыпляматы прааналізуюць ідэю стварыць новы тэлевізійны канал, арыентаваны на рускамоўную аўдыторыю ў дзяржавах Усходняга партнэрства і самім Эўразьвязе. Як раней паведамлялі прадстаўнікі Латвіі, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, за стварэньне такога альтэрнатыўнага эўрапейскага сродку масавай інфармацыі выказаліся ўжо больш за палову краінаў-сябраў.