Незвычайная выстава адкрылася ў доме-музэі Якуба Коласа ў Менску. Да 55-годзьдзя стварэньня музэю сваю экспазыцыю працаў «І сьпее колас залаты» паказала мастачка з Горадні Марына Эльяшэвіч, якая працуе ў тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу.
Го хуа — гэтак завецца тэхніка маляваньня, якой мастачка займаецца ўжо некалькі гадоў, ствараючы свае карціны пры дапамозе кітайскіх тушы і мінэральных фарбаў на рысавай паперы. Падборка працаў для гэтай выставы рабілася мэтанакіравана: Марына Эльяшэвіч выканала падборку партрэтаў самога Якуба Коласа, ягонай жонкі Марыі Дзьмітрыеўны і сыноў паэта, дадаўшы да экспазыцыі і некалькі пэйзажных замалёвак. Яе суаўтарам у падрыхтоўцы экспазыцыі выступіў сакратар амбасады Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Сунь Хунчжы, вядомы майстар кітайскай каліграфіі, які сваімі росьпісамі, у тым ліку й перакладзенымі на кітайскую мову цытатамі Якуба Коласа, аздобіў працы беларускай мастачкі.
— Працаваць у гэтай тэхніцы і рабіць нешта такое стандартнае не дазваляе пэндзаль, як не дазваляе ён і паўтарацца, — адзначыў мастацтвазнаўца Яўген Шунэйка. — Марына мае ў Беларусі першую пячатку майстра кітайскага жывапісу, а гэта значыць, што ў нашай краіне яна — унікальны майстар. І тое, што паўстаў такі ўнікальны праэкт беларускай мастачкі і майстра кітайскай каліграфіі, сведчыць толькі на карысьць умацаваньня культурных сувязяў дзьвюх краінаў. Гэты праект можна сьмела называць сэнсацыйнай падзеяй у нашых культурах.
На адкрыцьці выставы прысутнічалі міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў, прадстаўнікі дыпляматычных колаў. Студэнт з Кітаю, які вучыцца ў Беларускай акадэміі мастацтваў, па-беларуску прачытаў адзін зь вершаў Якуба Коласа. А на заканчэньне зь беларускага боку прагучала пажаданьне паказаць выставу твораў Марыны Эльяшэвіч у Кітаі, у якую напэўна ўвойдуць і працы, так бы мовіць, сумеснай беларуска-кітайскай вытворчасьці.