Прадстаўнік Лібэральнага клюбу Вадзім Мажэйка задаў пытаньне ўсім кандыдатам на рэктара: ці зьяўляецца законным звальненьне абранага кіраўніка Сэнату Паўла Церашковіча.
На гэтым першы дзень канфэрэнцыі скончыўся. Заўтра раніцай яна працягнецца.
Аляксандар Мілінкевіч адказвае на пытаньні студэнтаў. Задаюць вострыя пытаньні і адміністрацыі. Але мадэратар Дзяніс Кучынскі даволі жорстка рэгулюе — гэта ня мэта канфэрэнцыі. Задаюць вострый пытаньні кандыдату на рэктара Тацяне Шчытцовай.
Выступілі выпускнікі ЭГУ Аляксандар Аўтушка-Сікорскі, Зьміцер Гарэнка і Аляксей Крывалап.
Аляксей Крывалап пажадаў будучаму рэктару найперш здароўя, каб былі сілы працаваць.
Пачалася дыскусія. Праз скайп выступае прадстаўнік BISS спадар Пікулік. Ён паспрабаваў пакрытыкаваць правоста ЭГУ Поліка, які тут не прысутнічае. Таму крытыкаваць не далі.
У дыскусіі ўзяў удзел палітоляг Вадзім Мажэйка. Узгадаў звальненьні многіх беларускіх выкладчыкаў, пачынаючы з Дунаева. Крытыкуе адміністрацыю ЭГУ.
Выступае звольнены з ЭГУ выкладчык Андрэй Лаўрухін. Кажа пра «аўтызм» ЭГУ. Адміністрацыя ЭГУ шукае ворагаў унутры. Рады, што студэнты пачынаюць абуджацца, гэта дае надзею. Прыйшоў час узяць на сябе адказнасьць за перамены. Кажа пра Балёнскі працэс, спадзяецца, што сёлета Беларусь да яго далучыцца.
Выступае Тацяна Шчытцова.
Яна кажа пра праблемы, яна ня лічыць, што ўнівэрсытэт стаў пасьпяховым. Але шансы стаць пасьпяховым у яго ёсьць.
Яна адзначае, што толькі ў ЭГУ студэнты змаглі зладзіць такую канфэрэнцыю. Дзякуе студэнтам. Кажа, што 95% студэнтаў — зь Беларусі. Палова выпускнікоў працуе ў Беларусі. Але збольшага ў недзяржаўных установах. Тэматыка дыплёмных і курсавых работ — таксама зьвязаная зь Беларусьсю. Але беларуская грамадзкасьць не праінфармаваная пра дзейнасьць ЭГУ менавіта ў беларускай сфэры. Упікае журналістам, што не цікавяцца беларускім аспэктам ЭГУ і ня пішуць пра яго. Падкрэсьлівае беларускую місію ЭГУ.
Тое, што ўнівэрсытэт у ізаляцыі, ідзе яму на шкоду. Кажа, што трэба разьвіваць сувязі зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Ёсьць тры кірункі: адукацыя, дасьледаваньні і беларускія «стэйкхолдэры». Яны павінны быць прадстаўленыя ва ўсіх галінах. Павінна быць прадстаўлена беларуская гісторыя, беларуская культура. ЭГУ павінен быць пляцоўкай для кантактаў паміж Беларусьсю і Літвой. Аднаўленьне сувязі зь беларускім грамадзтвам павінна быць — праз выпускнікоў, праз выкладчыкаў ЭГУ. ЭГУ ў Менску і ЭГУ ў Літве — дзьве розныя інстытуцыі. У ЭГУ ў Літве ёсьць вялікі патэнцыял разьвіцьця. Для гэтага павінна быць каманда і правільныя рашэньні. Яны павінны прымацца калегіяльна.
Выступае Аляксандар Мілінкевіч.
Ягоная жонка пасьпела павучыцца ў ЭГУ яшчэ ў Беларусі. Крызіс ня страшны, кажа Мілінкевіч. Страшная — абыякавасьць. Для яго праект ЭГУ — акадэмічны. Але ў тых, хто яго фінансаваў, былі палітычныя мэты: наблізіць Беларусь да Эўропы. Як зрабіць інструмэнт лепшым? Ён бачыць ЭГУ як унівэрсытэт, дзе жыве беларускасьць. Беларускасьць — гэта стратэгічная мэта ўнівэрсытэта. Дасьледаваньні павінны быць аб Беларусі і для Беларусі. Ніхто гэтага ня зможа зрабіць так, як ЭГУ. Экспансія ЭГУ на Беларусь вельмі важная. Ці ня шкодзіць беларускасьць эўрапейскасьці? У ЭГУ беларускае сэрца, беларуская душа, але твар павінен быць эўрапейскі.
Людзі ў ЭГУ павінны працаваць на Беларусь. Мілінкевіч кажа таксама і пра фінансы. Вельмі важна пазбавіцца ад канфліктаў, каб гэта ўбачылі донары. Можна шукаць іншых донараў, але захаваць і цяперашніх. Кажа і пра дэмакратыю. Ня рэктар павінен усё вызначаць, а супольнасьць. Паводле Мілінкевіча, унівэрсытэт павінен будавацца ўсёй грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.
Час для выступу скончыўся, Мілінкевіч пажартаваў, што ўвечары за півам можа яшчэ шмат чаго распавесьці.
Пачаў выступ кандыдат у рэктары ЭГУ амэрыканец Дарыюс Удрыс. Ён выступае на ангельскай мове.
Выпускнік ЭГУ Кірыл Атаманчык падзякаваў выкладчыкам, а яшчэ больш студэнтам, якія зладзілі такую канфэрэнцыю. Ён сказаў, што цяпер перад ЭГУ стаіць сур’ёзны выбар і цяжкае выпрабаваньне – выбары рэктара. Ён таксама падкрэсьліў, што працэс павінен быць празрысты.
У сваім выступе Тацяна Чуліцкая, выкладчыца паліталёгіі, кажа, што ва ўнівэрсытэце засталося мала беларусаў. Узгадвае Алеся Бяляцкага, які прысутнічае ў залі, і кажа, што і яго варта запрасіць ва ўнівэрсытэт. Яна кажа пра грамадзянскую пазыцыю студэнцтва, якое здолела арганізаваць такую прадстаўнічую канфэрэнцыю.
Працэс выбараў рэктара павінен быць празрысты. Павінна быць інфармацыя пра выбары рэктара.
Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, адзначыў, што місія ЭГУ – наблізіць Беларусь да Эўропы. Ён узьняў праблему беларускай мовы. У гэты лёсавызначальны пэрыяд, сказаў ён, трэба прыняць правільнае рашэньне і не памыліцца.
таршыня Сэнату ЭГУ Рыгор Мінянкоў у сваім выступе сказаў, што праект клясычнага ўнівэрсытэту сышоў у мінулае. Для яго ЭГУ – самы беларускі з усіх, якія існуюць у сьвеце. За 10 год існаваньня ў Літве ўнівэрсытэт пастаянна перабудоўваўся. Прыйшлі працаваць у адзін пакойчык, а цяпер гэта паўнавартаснае ВНУ. Патрэбныя новыя праграмы, новыя мэтодыкі выкладаньня. Унівэрсытэт павінен стаць цэнтрам, дзе рэалізуюцца праекты. А з гэтым пакуль праблема.
Выкладчыца Ала Сакалова выказала сваю пазыцыю, як яна бачыць будучыню ЭГУ. Кажа і пра раскол, пра тыя праблемы ў ЭГУ, якія трэба пераадолець. Яна лічыць, што ў калектыве няма лідэра. Яе як юрыста трывожыць, што няма дакладнай працэдуры выбараў рэктара. Няма празрыстасьці, няма дакладнай дакумэнтацыі па працэдуры, як павінна быць. Не прапісаныя мэханізмы, няма практыкі выбару рэктара.
У залі прысутнічаюць два кандыдаты на рэктара – Аляксандар Мілінкевіч і Дарыюс Удрыс.
Канфэрэнцыю адкрыў прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі. Старшыня асацыяцыі выпускнікоў Андрэй Маеўскі ў сваім выступе падкрэсьліў, што студэнты хочуць дакладна ведаць, як будзе абірацца рэктар.