5 студзеня ў Эканамічным судзе Менска пачаўся судовы працэс па справе кнігарні «ЛогвінаЎ». Разгляд справы перанесьлі на 9 студзеня. За гэты час адвакат павінен прынесьці дакумэнт, які пацьвярджае, што кнігарня падала скаргу ў Вярхоўны суд на дзеяньні Мінінфарму.
Працэс праходзіў у кабінэце судзьдзі Сяргея Кулакоўскага. Пусьцілі двух журналістаў – з Радыё Свабода і Эўрарадыё. Астатніх чалавек 30 не прапусьцілі. Нібыта няма месца.
Судзьдзя запытаўся ў адваката, чаму выдавецтва не зьвярталася ў суд са скаргай на Мінінфарм.
Адвакат распавёў пра фінансавыя цяжкасьці і што заўвагі былі дробныя.
Судзьдзя спытаўся, чаму не абскарджвалі адмову Мінінфарму ў судзе.
Адвакат настойваў, што выдавецтва не вінаватае. Кажа, што 6 разоў выдавецтва зьвярталася ў Мінінфарм. Першы зварот быў у студзені 2014 году. Усе 6 разоў атрымалі адмовы. Абарона настойвала ў судзе, каб узялі пад увагу адмовы Мінінфарму.
Судзьдзя сказаў, што гэтыя довады ў сёньняшнім працэсе ня будуць разглядацца. Заявы далучаныя і яны могуць быць улічаныя як зьмякчальныя абставіны. Але ня больш.
Адвакат настойваў, што выдавецтва рабіла шэраг захадаў, каб атрымаць ліцэнзію, але безвынікова. Таму віны выдавецтва няма.
Логвінаў даў свой камэнтар суду. Ён сказаў, што прадпрыемства мае страты. Таму 3 млн дзяржпошліны для іх – вялікая сума. Кнігагандаль – малапрыбытковы бізнэс. «Мы разьлічвалі, што абсурд ня можа працягвацца бясконца», – сказаў Логвінаў.
На гэтым сёньняшняе пасяджэньне скончылася.
На пачатку сьнежня мінулага года ў кнігарню «ЛогвінаЎ» прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі з пазапланавай праверкай. Памяшканьне апячаталі, дакумэнтацыю забралі на вывучэньне. Пасьля праверкі кнігарню распячаталі. Але вынесьлі суровае пакараньне — за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі і аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў. Менавіта на такую суму — 1 мільярд рублёў — кнігарняй было прададзена кніг за год. Цяпер спаганяць выстаўлены штраф будуць праз суд.
У верасьні 2013 года Міністэрства інфармацыі пазбавіла ліцэнзіі выдавецтва «ЛогвінаЎ» за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011». Альбом прызналі нібыта экстрэмісцкім.
Уласьнік кнігарні Ігар Логвінаў за год шэсьць разоў зьвяртаўся ў Міністэрства інфармацыі па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі.