Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачы з Украіны дамагліся звальненьня дырэктаркі вясковага дому культуры


Вёска Малая Сваротва – на ўскраіне Баранавіцкага раёну
Вёска Малая Сваротва – на ўскраіне Баранавіцкага раёну

У вёсцы Малая Сваротва Баранавіцкага раёну звольнілі з працы дырэктарку дома культуры Людмілу Галёву і цяпер высяляюць з калгаснага дома.

На вясковым сходзе супраць яе выступілі ўцекачы з Украіны, а мясцовага жыхара, які хацеў заступіцца за дырэктарку, чыноўнікі выпхнулі з залі. Людміла Галёва лічыць сваё звальненьне незаконным.

Заяву на звальненьне Людмілу Галёву змусілі напісаць пасьля сходу вяскоўцаў, на якім разглядалася скарга на яе. Cупраць яе выступілі і некалькі сем’яў уцекачоў з Украіны, якія жывуць у Малой Сваротве цягам некалькіх месяцаў.

Людміла Галёва каля дому культуры, дзе раней працавала
Людміла Галёва каля дому культуры, дзе раней працавала

Людміла распавяла, што як толькі ўцекачы зьявіліся ў вёсцы, яна заклікала ім дапамагчы:

«Яны як прыехалі, я людзей сабрала, ды кажу, што трэба тэрмінова дапамагчы, давайце хто што можа. Усё, што было, сабралі гэтым людзям».

Людміла мяркуе, што ўкраінцаў супраць яе настроіла адміністрацыя гаспадаркі, каб пазбавіцца за прынцыповасьць. Яна кажа, што ніколі не брала ўдзелу ў выбарчых камісіях, хаця ва ўсім раёне заўсёды дырэктары ў камісіях сядзяць.

«Я — ніколі, можа таму, што я надта за праўду,» — кажа жанчына.

Аднойчы яна запытала ў сяброў выбарчай камісіі, ці можна ёй прагаласаваць за сваяка. Ёй дазволілі. Яна зрабіла заўвагу камісіі, што дапускаюць такія парушэньні, пасьля чаго Людмілу ледзь не запісалі ў апазыцыянэры.

Іван Афанасік
Іван Афанасік

Яшчэ адзін вясковы шукальнік праўды, былы эканаміст калгасу Іван Афанасік, на вясковым сходзе аб звальненьні Галёвай паспрабаваў заступіцца за яе. Пры гэтым ён упікнуў уцекачоў з Украіны, што яны тут мала жывуць, а ўжо вырашаюць лёс мясцовых людзей: «Гэта быў спэктакль. Калі падымаецца адна, ды кажа, што ня хоча бачыць яе дырэктаркай клюбу па той прычыне, што яе куры ходзяць у мой гарод. Я гэта не разумею. Я сказаў, што мне сорамна, што ў нас такое адбываецца. Я ведаю Людмілу 20 гадоў, а вы, украінцы, прыехалі да нас нядаўна, і мне незразумела, як вы можаце яе судзіць. Тым больш, што адзін зь іх разоў пяць выскокваў. Вам далі працу, жыльлё, дровы. Нашым людзям многім такога не далі». Пасьля гэтага Афанасіка зьвінавацілі ў распальваньні нацыянальнай варажнечы, а прысутныя чыноўнікі выпхнулі з залі.

Уцекачы з Украіны на сходзе казалі, што Людміла Галёва іх пакрыўдзіла, нават «называла бандэраўцамі». Аднак Раман з Украіны, які цяпер працуе ў Малой Сваротве эканамістам, не захацеў камэнтаваць гэтую сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

«На жаль, я не магу вам па тэлефоне такія зьвесткі камэнтаваць. Калі вас цікавіць больш падрабязна сытуацыя, вы можаце зьвярнуцца да арганізатараў гэтага сходу. Ведаеце, вы патэлефануйце і запытайце ў яе самой».

Людміла Галёва пяць гадоў працавала дырэктаркай дому культуры ў Малой Сваротве, дагэтуль каля 18 гадоў разам з мужам працавала ў мясцовым калгасе. Апошнія 8 гадоў жыве ў гэтак званым «прэзыдэнцкім» доме, які выдзеліў калгас. Аднак пасьля звальненьня Людміле паведамілі, што яе сям’ю плянуюць выселіць да 20 студзеня.

Людміла Галёва зь дзецьмі каля хаты, зь якой яе высяляюць
Людміла Галёва зь дзецьмі каля хаты, зь якой яе высяляюць

Пазыцыю ўладаў у гэтай сытуацыі Свабодзе пракамэнтаваў старшыня мясцовага сельвыканкаму Генадзь Шакаліс:

«Наколькі я ведаю, яна ж сама напісала заяву на звальненьне па асабістым жаданьні і па згодзе бакоў яна вызваленая ад пасады. А сход гэты быў наконт калектыўнай скаргі. На працу працаўніка культуры. Не задавальняла, што пастаянна клюб зачынены, там вісяць нейкія фіктыўныя запіскі, што яна была грубай у дачыненьні да людзей.»

Людміла Галёва такія абвінавачваньні адкідае і кажа, што адміністрацыя калгасу настроіла людзей супраць яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG